Год таму

Год таму абставіны 11 красавіка склаліся так, што мне давялося стацца сьведкам чалавечага болю, страху й разгубленасьці. Упершыню мне давялося адчуць жах адчаю. Год таму тут – на цэнтральнай плошчы не пасьпявалі зьмяняць адна адну «Хуткія», шэрагамі бегалі пажарнікі, людзі былі ў шоку, на іх тварах чыталася разгубленасьць, неразуменьне. Яно зразумела: ніхто ня мог паверыць, што выбух адбыўся ў Менску – сталіцы чысьціні і парадку. У вушах чарадой гучалі затворы фотакораў, пакрысе зьяўлялася ачапленьне зь людзей у форме і ня толькі – каб абмежаваць доступ да мейца падзеі. Вынікам трагедыі ёсьць 15 чалавечых жыцьцяў і 387 чалавек атрымалі раненьні розных ступеняў цяжкасьці. Шматлікія дагэтуль ня здолелі акрыяць.

Расьсьледваньне тэракту пачалося ўжо ўвечары таго ж дня і было вельмі неадназначным. Сёньня з нагоды гадавіны тэракта на ўваходзе на станцыю мэтро «Кастрычніцкая» ў 17:50 адкрылі памятны мэмарыял. На ім у выглядзе хваляў зьмясьцілі імёны ахвяраў беларускай трагедыі.

Дзень сёньня такі ж сонечны як і ў мінулым годзе. Таксама шмат людзей прасочваецца міма станцыі: хто па справах, а хто адмыслова – ушанаваць памяць. Толькі сёньня на іх тварах смутак і самота. Гэтак працуюць і рэпарцёры, усе тыя ж у форме і цывільным ахоўваюць парадак. А на месцы крыві, што пралілася на падмурках станцыі, сёньня сымбалічна ўскладзены чырвоныя кветкі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0558 seconds.