Мінадукацыі будзе плаціць замежным студэнтам

Міністэрства адукацыі, здаецца, гатовае на ўсё, каб выканаць патрабаваньне прэм’ер-міінстра Мясьніковіча і ў 3.5 разы павялічыць колькасьць замежных студэнтаў у Беларусі. Для гэтага міністэрства зьбіраецца заснаваць адмысловыя стыпэндыі для замежнікаў, а таксама «прапрацоўваць» маладых балканцаў, афрыканцаў і індыйцаў.

Як перадае БелТА, Міністэрства адукацыі прапануе вылучаць 50–100 стыпэндый для прыцягненьня ў Беларусь замежных студэнтаў. Аб гэтым заявіў першы намесьнік міністра адукацыі Аляксандр Жук.

Па словах спадара Жука, стыпэндыі могуць прыцягнуць у Беларусь лепшых студэнтаў, больш мэтанакіраваных і адораных, больш матываваных. «Гэтыя стыпэндыі таксама дазволяць прыцягваць для навучаньня ў нашай краіне як студэнтаў з Усходу і Афрыкі, так і з эўрапейскіх краін», — лічыць Аляксандр Жук.

Сярэдняя стыпэндыя беларускага студэнта складае 192 тысячы рублёў.

Прэм’ер-міністар Міхаіл Мясніковіч прапанаваў выправіць складаную эканамічную сытуацыю ў Беларусі цераз павелічэньне колькасьці замежных студэнтаў да 30 тысячаў. Пры гэтым Мясьніковіч лічыць, што варта рабіць акцэнт на прыцягненьне эўрапейскіх студэнтаў ў беларускія ВНУ.

Міністар адукацыі Сяргей Маскевіч у адказ высунуў ідэю «прапрацоўкі эўрапейскага рэгіёну, а канкрэтней - Балканаў, а таксама Індыі».

Пакуль большасьць замежных студэнтаў прыязджаюць у Беларусь з Туркмэністану. З ЭЗ едуць адзінкі. Цяпер у Беларусі навучаюцца 452 тысячы студэнтаў, болей за 9 тысячаў зь іх — замежнікі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0453 seconds.