БРСМ актывізуецца на вуліцах і ў сацсетках
«Моладзь ЗА!» — гэта адзін з дэвізаў, які выбралі актывісты БРСМ для
сваіх прапагандысцкіх акцыяў, што мусяць распачацца ад сёньняшняга дня ў
сталіцы. Арсэнал БРСМаўцаў крыху абнавіўся зь мінулых выбараў: да
тыповых спартовых акцыяў і канцэртаў дадаліся флэшмобы і суполкі Vkontakte — «новы шлях праз сацыяльныя сеткі».
Сьвяткаваньне 89-годзьдзя камсамолу. Фота brsm.by
Толькі цягам бліжэйшых двух дзён цэлых восем моладзевых дзяржаўных акцыяў, прымеркаваных да выбараў, пройдуць у Менску. Аб гэтым паведамляюць Мінск-Навіны.
Сёньня на Гандлёвы дом «На Нямізе» абрынецца танцавальны флэшмоб «Усе дарогі вядуць на выбары!», а на бульвары Талбухіна адбудзецца акцыя «Моладзь выбірае будучыню!». Кульмінацыяй падзей стане заўтрашні фэст у парку Горкага пад назовам «Моладзь ЗА!». За каго канкрэтна, на жаль, не ўдакладняецца.
У дадатак ахвочым прапануецца наведаць моладзевую акцыю «Хутка арміі роднай будзе папаўненьне». На апошнюю запрошаныя толькі хлопцы.
Афіцыйна акцыі ладзіць Менгарвыканкам, але ў тым, што без Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі не абыдзецца, мала хто сумняецца.
Ролік "Я іду на выбары", быццам бы зьняты актывістамі БРСМ, стаў гітом у беларускім Сеціве. Праўда, БРСМ так і не пацьвердзіў сваё аўтарства
БРСМ: «Мы ўсё больш новага адкрываем для сябе ў Інтэрнэце»
Паралельна актыўнасьці на прасторы менскіх вуліц БРСМ абжываецца ў прасторы віртуальнай. Як піша «Народная газета», актывісты БРСМ заняліся разгортваньнем сваёй дзейнасьці ў Сеціве. Напрыклад, стаўбцоўскае падразьдзяленьне арганізацыі вырашыла стварыць уласную групу у найбольш папулярнай у краіне сацыяльнай сетцы Vkontakte:
«Неабходна было вырашыць, што рабіць далей: увогуле сысьці зь Інтэрнэту ці застацца толькі на вэб-старонцы райвыканкаму? — распавядае першы сакратар Стаўбцоўскага БРСМ Дыяна Ранцюк. — Але сабраліся з актыўнымі хлопцамі, паразважалі і пайшлі новым для нас шляхам — праз сацыяльныя сеткі».
Як кажуць актывісты БРСМ, «мы ўсё больш новага адкрываем для сябе ў Інтэрнэце. Напрыклад, з апошняга апытаньня мы даведаліся, чаго не хапае моладзі ў нашым раёне». Як высьвятляецца, не хапае моладзі, што тусуецца ў групе БРСМ, «забаўляльных установаў» і «спартовых комплексаў». Праўда, іншых варыянтаў, акрамя як «парка» і «крэатыўных мерапрыемстваў», моладзі не прапаноўваюць.
Цяпер у стаўбцоўскай групе амаль 200 чалавек. Таксама існуе яшчэ некалькі суполак БРСМаўцаў: «МООП (БРСМ)» з 422 сябрамі і проста «БРСМ», куды далучылася цэлых сем соцень юзэраў. На жаль, усе яны зачыненыя, таму болей пра дзейнасьць БРСМ у сацсетках высьветліць ня так лёгка.
Для параўнаньня, буйнейшыя суполкі Vkontakte, якія яднаюць беларускіх студэнтаў, маюць ад 2 да 34 тысячаў сяброў.
На прасторах facebook, якая лідзіруе па хуткасьці росту беларускіх карыстальнікаў у параўнаньні зь іншымі сеткамі, знойдзена некалькі старонак, прысьвечаных самай шматлікай моладзевай арганізацыі Беларусі. Праўда, далучацца да іх дзейнасьці пакуль ніхто не сьпяшаецца: толькі 11 чалавек упадабалі адпаведную старонку.
У лідзе выкарыстаны здымак Юлі Дарашкевіч