Канец бясплатнай адукацыі ў Швэцыі для беларусаў

Яшчэ ўзімку швэдзкія ўлады абвясьцілі, што адукацыя для замежнікаў, якія ня маюць грамадзянства краін Эўразьвязу, стане платнай. Тычыцца гэта і беларусаў, якія раней мелі магчымасьць бясплатна вучыцца ў Швэцыі. Узамен з 2011 году найбольш пасьпяховым студэнтам будуць прапанаваныя стыпэндыі, якія мусяць пакрыць выдаткі на адукацыю. За гэта замежныя студэнты, магчыма, будуць вымушаныя адпрацоўваць гэтыя грошы на працягу «некалькіх гадоў» у Швэцыі.


Цяпер вучыцца ў грамадзкай бібліятэцы Стакгольму беларускім студэнтам стане значна цяжэй. Фота Алесь Bezuher

Пачынаючы з восеньскага сэмэстру 2011 году швэдзкая вышэйшая адукацыя для студэнтаў з краін па-за межамі Эўрапейскага Зьвязу ці Эўрапейскай Эканамічнай Зоны стане платнай. Тычыцца гэта і вельмі папулярных сярод беларускіх студэнтаў ангельскамоўных магістэрскіх праграм. Тыя, хто паступіў у ВНУ раней, працягнуць атрымліваць бясплатную адукацыю.

Бясплатным застанецца толькі дактаранскае навучаньне.

У сярэднім кошт навучаньня ў швэдзкіх унівэрсытэтах складае 10 000 эўра ў год. Для найбольш пасьпяховых студэнтаў урад плянуе заснаваць праграму падтрымкі памерам у 3 мільёны эўра. Улічваючы, што ў Швэцыі навучаюцца каля 36 тысячаў замежных студэнтаў, стыпэндыяў усім ня хопіць.

У час перадвыбарчай кампаніі прадстаўнікі Лібэральнай партыі, якая ўваходзіць у кааліцыю, што перамагла, заяўлялі аб плянах пакінуць бясплатную адукацыю для тых замежнікаў, што будуць згодныя застацца пасьля навучаньня «на пару гадоў у Швэцыі». Але такая стыпэндыя можа быць распаўсюджаная толькі на двухгадовых магістрантаў у галінах прыродазнаўства і тэхналёгій. Апазыцыя назвала тады гэткія пляны канкурэнтаў спробай увядзеньня «прыгоннага права».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0631 seconds.