Экспэрымэнтальнае Басовішча «Жыве Гарадок»

У самыя пякучыя дні гэтага лета 16–17 ліпеня ў Гарадку, што на тэрыторыі Польшчы, прайшоў 21-ы фэстываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча». З чарговым новым пакаленьнем арганізатараў самы стары беларускі оўпэн-эйр фэстываль абнавіўся музычнымі ды арганізацыйнымі цікавосткамі.

Каманда пад кіраўніцтвам першакурсьніцы варшаўскага ўнівэрсытэту Касі Кузьміч рызыкнула зьмяніць традыцыйную праграму ды «разнастаіць Басовішча новай актуальнай музыкай», адмовіўшыся сёлета запрасіць у Гарадок традыцыйных для фэсту хэдлайнэраў. З двух дзесяткаў заяўленых гуртоў толькі восем ужо гралі на сцэне фэстывалю, астатнія прыехалі ўпершыню.

За 20 год старая драўляная сцэна «Басовішча» была сьведкам нараджэньня сучасных беларускіх рок-зорак, дзяліла перажываньні перамогаў ды паразаў канкурсантаў, была трыбунаю для забароненых некалькі год у Беларусі гуртоў.

Пачаўшыся як фэстываль беларускай музыкі для мясцовых этнічных беларусаў у Польшчы, «Басовішча», нягледзячы ці дзякуючы пастаяннай зьмене арганізатараў са складу студэнцкага аб’яднаньня ды іроніі лёсу ня толькі стала самым буйным штогадовым беларускім оўпэн-эйрам канца 90-х — першай паловы 2000-х, але працягваецца й цяпер, калі беларуская музычная сцэна абзавялася некалькімі новымі фэстамі.

Напэўна, каб вытрымаць экспэрымэнты новага часу ды энэргетыку новых хэдлайнэраў (чаго вартыя адныя скокі Міхалка!), старую сцэну сёлета прадумана абнавілі мацнейшай падлогай. Аднак пры гэтым пацярпеў backstage. У нябыт сышоў легендарны масіўны драўляны стол, які быў сьведкам многіх пазасцэнічных падзеяў «Басовішча» і не адной душэўнай вечарыны.

Душэўнасьць сёлета была навідавоку — сымбалем фэсту 2010-га году стала сэрца. Хіба што не прадстаўлены шырокай публіцы мастак доўга ня думаў над канцэптам ды скарыстаў для лягатыпу звычайны кліп-арт. Затое замест чорных, белых ды шэрых цішотак, якімі штогод папаўняюцца калекцыі аматараў фэсту, гэтым разам стракацелі глямурныя ружовыя, фіялетавыя ды шэрыя «сэрцы».


Першыя наведвальнікі «Басовішча-2010» зь вялікімі заплечнікамі пачалі зьяжджацца ў Гарадок яшчэ за дзень да фэстывалю. За сцэнаю, дзе раней месьціўся намётавы гарадок, прыежджых сустракала ахова ды накіроўвала на новае «жыльлё». Там жа, у соснах за сцэнаю, па-мастацку ўвасобленых Міхалам Анемпадыставым на сымбалі фэстывалю 2007 году, цяпер разьмясьціўся паркінг для аргкамітэту і музыкаў.

Новы намётавы гарадок альбо «гетта», як яго празвалі з-за высокай агароджы і невыноснай сьпякоты ды адсутнасьці ценю, раскінуўся на прыватнай пляцоўцы ў лесе. Традыцыйнае шумнае начное жыцьцё гарадка спынялася зь першымі промнямі сонца, калі прыходзілася літаральна зьбягаць і хавацца ў цень альбо пад навесы мясцовай кавярні, зручна разьмешчанай наўпрост ля намётавага поля.

Удзень ад сьпёкі ратавала хіба разьліўное піва на тэрыторыі фэсту, возера наводдаль ды кандыцыянэр на запраўцы.

Аднак бліжэй да вечару млявы ўдзень борык ажываў. Экспэрымэнтальны дуэт вядучых «мэталіст ды рэпэр» Таболіч ды Кроў наперабой абвяшчаў удзельнікаў праграмы.

Конкурсная частка сёлета была кароткай — усяго 5 гуртоў, аднак адметнай як па ахопе гарадоў, так і па стылях. Менск, Магілёў, Берасьце, Сянно ды Гайнаўка прадставілі запамінальныя праграмы ад мадэрновага мэталу з рокам да тэхна і рэпу.

Магілёўскія Akute, якія яшчэ некалькі год таму дзёрзкімі панкамі ў складзе гурта «Глюкі» прарываліся на конкурсную сцэну фэсту зь бел-чырвона-белым сьцягам, цяпер інтэлігентна, з «брытанскай» упэўненасьцю ўзялі галоўны прыз — 1000 даляраў ды запіс на студыі. Асобна сябры журы адзначылі і менскі Exist-M, які не пакінуў абыякавым нікога, хто засьпеў выступ мэталістаў. Магутнейшы дэзавы вакал худзенькай гнуткай вакалісткі літаральна прыпячатаў расслабленых сонцам гледачоў да лаваў.

Першы дзень Басовішча ўпэўнена можна назваць падляшскім. Найбольшую колькасьць гледачоў сабралі самы папулярны рок-гурт на Падляшшы Rima ды старыя польскія рокеры Lipali. Разагрэтых польскіх панкаў пад сцэнаю падмянілі беларусы акурат на выступ галоўных менскіх растаманаў Аddis Abeba.

Пазытыўная рэлаксовая музыка прыйшлася як бальзам на сэрца пасьля гучных рокавых праграмаў ды актыўнага слэму ці як крэм ад апёкаў пасьля сьпякотнага першага дня фэсту. І як раней было Басовішча бяз рэгі? Таньчылі ўсе.

На другі дзень фэсту прыйшліся выступы беларускіх зорак, аднак і польскіх прыхільнікаў заўважна не паменела. Так, інструмэнтальны дуэт Gurzuf ужо знаёмы мясцовым па некалькіх пасьпяховых клюбных канцэртах у Беластоку, на адкрытым паветры на заходзе дня глядзеўся і слухаўся вельмі годна. Troitsa на Басовішчы ўжо ў трэці раз і ўжо мае там сваіх сталых прыхільнікаў. Пад вядомыя гіты B:N падавалася, што нічога ў праграме «Басовішча» за апошнія гады і не зьмянілася. Аднак бярозаўцы разнастаілі свой выступ моцным дуэтам з рэпэрам Вінсэнтам. «Грашылі» рэпам ня толькі бээнаўцы. Менскі Termin X, які чатыры гады таму быў у конкурсе, сёлета завяршаў фэстываль ужо ў якасьці госьця і ў межах прэзэнтацыі свайго дэбютнага альбому засьпяваў з Krou'ам. Ды й у конкурсе таксама «чыталі» — сянноўскі рэпэр Вожык.

Але ўсе, прынамсі прыежджыя беларусы, чакалі «лепшы альтэрнатыўны гурт Беларусі, Расеі ды Ўкраіны» — «Ляпіс Трубяцкой», які нарэшце наведаў Гарадок. Інтрыга была. Перад выступам музыкі спакойна пілі піва за столікам у фэстывальным бары побач з касякамі мясцовых наведвальнікаў. «Ляпіс» амаль невядомы ў Польшчы. Затое прыхільнікі зь Беларусі далі волю эмоцыям, фатаграфуючыся ды размаўляючы з кумірамі. З ваколіцаў на магутны выступ сабраліся ўсе — глядзелі, слухалі, слэміліся ды запісвалі на мабілкі.

«Ляпісы» прафэсійна адыгралі гіты з эўрапейскай праграмы Agitpop з ужо крыху набіўшымі многім прыхільнікам аскоміну вядомымі на зубок рыфмаванкамі. Але й лякальны кантэкст быў: Булатнікаў практыкаваў беларускія словы, вітаючы «шаноўнае спадарства», а Міхалок у традыцыйнай для яго манеры «касьмічнага цырку аўтсайдэраў» зьвярнуў увагу на «басовіцкія сосны».

21-га «Басовішча» чакалі зь перасьцярогаю. Зьмена музычнага фармату, адсутнасьць бясплатных візаў для гледачоў зь Беларусі, ужо традыцыйная замалая рэкляма фэсту ў Беларусі натхняла заўзятых наведвальнікаў «басоў» ды проста цікаўных на пэсымістычныя прароцтвы што да пэрспэктываў фэстывалю.

Аднак на трэцім дзесятку «Басовішча» ня стала горшым ці лепшым, ня стала цалкам іншым, але й не засталося стаяць на месцы. Фэстываль для новых пакаленьняў наведвальнікаў запомніцца ўжо такім: з рознастылёвай музыкай на сцэне, з творчымі сустрэчамі ўдзень і ды-джэйскімі сэтамі ды танцамі на пяску ўначы. З воклічамі «Жыве Гарадок!», часьцейшымі за «Жыве Беларусь!», з барам «У Івана» на месцы легендарнага «Killer» бару, аднак з усё той жа калярытнай killer-мамай, з канкурсантамі і зоркамі, з разьмеранымі раніцамі ў кавярні на запраўцы, са сцэнаю пад соснамі і півам зь сіропам ля яе, зь беларуска-польскімі начнымі пасядзелкамі ў намётавым гарадку ды вольнымі размовамі за сцэнаю з часта недасяжнымі ў тлумным Менску музыкамі.

Глядзіце таксама тэматычныя фотарэпартажы з Басовішча-2010:

Агулам пра Басовішча-2010 у 40 вялікіх здымках (by Юра Сідун)
Бонус да агульнага фотарэпартажу (людзі, настрой ды тое, што не ўвайшло ў агульны :) (by Юра Сідун)
Пераможцы «Басовішча-2010» Akute(by Юра Сідун)
Хэдлайнэры фэсту — «Ляпіс Трубяцкой»! (by Юра Сідун)
Растаманскі выступ Addis Abeba (by Юра Сідун)
Першы раз на Басовішчы — увесь фэст у 30 здымках (by Натальля Ягорава)
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0629 seconds.