«Не таньчыць, не сьпявае, а хаміць і кідаецца рыбай» — Віталь Артыст пра музыку, публічнасьць і дзяцінства

Халодным зімова-вясновым вечарам я стаю і чакаю Віталіка каля аднаго зь менскіх кінатэатраў. Вакол яшчэ шэра і зябка. Мой позірк спрабуе зачапіцца за людзей навокал, якія сьпяшаюцца на сэанс ці то проста дадому, але шэрасьць і аднастайнасьць вечаровых вобразаў прывабіць безнадзейна няздольныя. І тут зьяўляецца ён — яркі, аранжавы, загарэлы. «Суцэльная Афрыка», — думаю я і ўсьміхаюся.

Падымаючыся па лесьвіцы ў кавярню, Віталік мне распавядае пра не банальны адпачынак у, здавалася б, банальным Эгіпце, адкуль тыдзень, як вярнуўся.

— Мы былі далёка ад турыстычных месцаў. Уяві: проста гатэль сярод пустыні. Калі мы туды прыехалі, там жылі толькі тры чалавекі — прычым два зь іх — гэта мы з Таняй — і яшчэ адзін дайвэр. Увогуле гэтае месца — для ненармальных дайвэраў, і мы вельмі радаваліся адсутнасьці суайчыньнікаў. Ніякіх табе басэйнаў, дыскатэкаў, аніматараў і «ўсё ўключана». Ёсьць толькі сонца і мора.

Да незвычайнай манеры размаўляць мне трэба яшчэ прызвычаіцца:) Я зьдзіўляюся, як яшчэ іншыя ахвочыя папіць гарбату не азіраюцца: так, здаецца мне, гучна і эмацыйна распавядае Артыст. Далей працягваю такую прагную пасьля зімы тэму вандровак.

«Мой самы лепшы адпачынак — гэта падарожжы»

http://generation.by/mediashare/cu/kot97ei0tdjdvamv3s69ocwd9hohab-org.jpg

«Мы паехалі ў мінулым годзе ў Парыж і адразу, як трэба, прабеглі па ўсіх турыстычных месцах: фатаграфавацца з Эйфэлевай вежай, пад Трыюмфальнай аркай, каля Луўра. А вось калі выканаеш такі турыстычны плян, тады пачынаецца нешта сапраўды цікавае… Мы траплялі ў розныя аддаленыя раёны, якія выглядаюць зусім інакш, чым цікавосткі на рэклямных карцінках. Там нам удалося трошку адчуць дух сапраўднага горада і сапраўдныя праблемы жыхароў. Напрыклад, шмат людзей жыве проста на вуліцы. Яны робяць свае маленькія домікі з кардонных скрынак. Такі чалавек можа сваім „домам“ палову тратуара заняць. І ніхто не чапае, усе абыходзяць — жыве чалавек. З аднаго боку свабода такая, а зь іншага — нікому ні да каго няма справы. Вось ляжыць чалавек, памёр ён, усім усё адно. Гэта — горад кантрастаў. Таму трава заўжды больш залёная на іншым баку».

А я ведаю, што ты, як толькі атрымаў правы, паехаў адразу ў Парыж!:)

«Не, у Італію. Практычна на наступны дзень пасьля атрыманьня мной правоў „Без Билета“ ўпершыню выправіліся за мяжу на музычны фэстываль. Бацька нашага ўдарніка даў нам машыну — вырашыўся на такі крок. Мы не маглі хвілін 10 выехаць з двара, таму што я забыўся зьняць ручнік і ня мог зразумець, чаму машына ня едзе. Увесь двор назіраў за гэтым. Калі мы выехалі за межы Менску, я ўжо быў у шоку. Мы праехалі ўвесь шлях на поўнач Італіі і назад, заяжджалі ў вялікія гарады, дзе я — такі чайнік — трапляў у эўрапейскі рух, — і вярнуліся ў Менск праз 12 дзён, калі я ўжо адной рукой кіраваў машынай, другой чытаў кнігу, расказваў анэкдоты і „Сьнікерсы“ разварочваў».

«Не артыст, а выскачка»

Усьмешлівыя вочы і разгорнутыя ахвотныя адказы на мае пытаньні ну ніяк ня вяжуцца з вобразам у маёй галаве халоднага, трошку фанабэрыстага і нелюдзімага лідэра «Без Билета» — чамусьці з маіх разавых кантактаў з чалавекам імідж яго для мяне ўсталяваўся менавіта такі. Сьмеласьці маім выключна асабістым унутраным характарыстыкам дадае сам Віталік.

«Так, у тэатр або на канцэрты я прыходжу, нацягваю капюшон паніжэй на вочы і ціхенька стаю. Памятаю, як пасьля наведваньня канцэрту ОЕ ў Палацы спорту да мяне дайшлі чуткі, што „бачылі на канцэрце гэтую „цёмную асобу“. Усе танчаць, а ён з насупленай харай стаіць і псуе ўсім настрой“. А я проста музыку слухаю і нікога не чапаю».

Ты ня хочаш, каб цябе заўважалі?

«Мая ж работа — публічная. Значыць, многія ведаюць мяне ў твар. У чалавека адразу інстынкт, што трэба аўтограф узяць ці адарваць кавалачак вопраткі і пафатаграфавацца. А я, як і ўсе, іду на канцэрт, каб атрымаць ад яго задавальненьне, таму стараюся шыфравацца.

Часта таксама здараюцца гісторыі на розных юбілеях, днях народзінаў: калі я прыходжу, і чакаецца, што зараз я дастану гітару ці мікрафон зь кішэні, заскокну на стол і пачну ўсіх забаўляць. І глыбокае расчараваньне часта наступае, калі аказваецца, што я адмаўляюся сьпяваць і таньчыць.

А апошні выпадак скончыўся наагул…

На юбілеі маёй цёці, калі ўжо госьці — сур’ёзныя, заслужаныя будаўнікі — падпілі трошку і далі волю гарачым пачуцьцям, падасьпеў чарговы конкурс на лепшы танец „цыганачкі“. Я — практычна расслаблены, таму што тамада папярэджаны, каб мяне не чапалі. Але раптам заслужаны майстар брыгады ўстае і паказвае на мяне: „Ён зараз будзе гэта рабіць!“ Я: „Не, не." Яны: „Давай, давай!“ І тут у мяне адбыўся нейкі зрух і я, як у запаволеным кіно, бяру са стала перада мной рыбу, размахваюся і… так дакладна з мэтраў дзесяці трапляю яму на белую кашулю.

Гэта была сьмяротная крыўда. Усе падумалі, што я поўны псыхапат, бо чакалі, што зараз хоць песьню засьпяваю, хоць станчу, бо і прозьвішча ж Артыст, і па тэлевізары бачылі, а тут — сьпяваць адмаўляецца, хаміць і кідаецца рыбай. Гэта значыць не Артыст, а выскачка!

Я раней сур’ёзна да гэтага ўсяго ставіўся, а зараз — з гумарам.

Вядомасьць — гэта атрыбут работы, але й правакацыя ў тым ліку. Яе трэба правільна ўспрымаць. Калі трапляесься, пачынаеш уяўляць сабе, што ты нейкі бажок. Што калі зараз падымеш сваю байку, з твайго пупка пойдзе сьвятло і ўсе ўпадуць на калені».

Пра Артыставу Артыстычнасьць

Чаму Артыст, а не „Музыкант“, да прыкладу?

«Гэтае прозьвішча болей мне адпавядае: я меней „музыкант“, чым „артыст“. У сваім калектыве „Без Билета“ у мяне роля ідэалягічная: я болей прыдумляю і рэалізую ідэі, чым за мной назіраецца нейкае звышнатуральнае валоданьне інструмантамі. Затое я заўжды ведаю, што трэба рабіць.

„Артыст“ узьнік даўна, калі я граў на гітары ў двары песьні „Гражданской обороны“ і „КИНО“. А пасьля гэта ўжо так прыжылося, што людзі перасталі ўспрымаць наяўнасьць у мяне іншага прозьвішча. Напрыклад, я прыходзіў на тэлебачаньне, радыё, а там пропускі заўсёды на „Артыста“ выпісаны.

Для мяне памяняць прозьвішча было сьвядомым крокам. Я падумаў: „Я ж сапраўды сур’ёзна гэтым займаюся, гэта — справа майго жыцця“. Таму гэта і ёсць маё прозьвішча. Усё па-сур’ёзнаму.

Канешне, разважаючы лягічна, прозьвішча Артыст мусіць да нечага абавязваць. Так, але ня варта чакаць, што калі я іду ў мэтро — раптам дастану баян з унутранай кішэні і засьпяваю песьню пра „траву у дома“. У той жа час у людзей адразу паднімаецца настрой, калі чуюць такое незвычайнае прозьвішча».

http://generation.by/mediashare/ev/gemur5jgsm31soakj89k54dvaej0hf-org.jpg

Пра творчых вар’ятаў

«Любая творчасьць — гэта некаторае адхіленьне ад пэўнай хрэстаматыйнай нормы, якой павінен нармальны homa sapiens адпавядаць. Прафэсія ў галіне музыкі адметная тым, што ў ёй духоўныя сілы замешаныя. Т.б. цагліна — гэта больш зразумелая рэч, чым песьня.

Ёсьць у мяне такое назіраньне, што большая частка творчых асобаў эмацыйна не ўраўнаважаныя, таму што яны працуюць у галіне, дзе моцныя прытокі і ўбываньні адрэналіну адбываюцца зь вялікай разьбежкай. У чалавека са стабільнай фізычнай працай няма такіх скачкоў. Тут небясьпека ў тым, што калі не навучысься гэта разумець, трымаць сябе ў рукох, патрошку становісься вар’ятам. Творчыя людзі — усе вар’яты. Некаторыя болей небясьпечныя для навакольных людзей, некаторыя — меней.

Але, натуральна, уся гэтая творчасьць нічога ня значыць, калі ты ня будзеш свой талент распрацоўваць. Проста вельмі шмат працаваць і быць здольным сябе арганізаваць. Уменьне працаваць — гэта больш важна, чым быць проста таленавітым, таму што творчых людзей — мільёны. Любога можна раскруціць на нейкую творчасьць.

Кожны пасьпяховы музыкант ці мастак, калі разабрацца — з клану працуючых людзей, якія пастаянна нешта ствараюць, шукаюць, паказваюць.

Да таго ж мы дзейнічаем у сэгмэнце шоў-бізнэсу, дзе не ўкладаюцца буйныя грошы. У нас няма сваякоў-нафтавікоў, на залатых радовішчах нашыя бацькі і браты не працуюць. У нас ёсьць нейкая здольнасьць музыку пісаць. І мы стараемся, каб яе слухалі.

Кажучы менавіта пра музыку, творчыя людзі XXI стагодзьдзя павінны клапаціцца пра тое, каб іх пабачылі, пачулі, таму што ў наш час перанасычанасьці інфармацыі нават самы геніяльны твор станецца не іголкай у сене, а малекулай у Сусьвеце. Таму ўсім творчым людзям магу параіць: калі ім ёсьць, што паказваць, каб яны не саромеліся!»

«Я люблю музыку граць у галаве»

А якія дзівацтвы, акрамя рыбакіданьня, ёсьць у цябе? І тут бачу, што ня хоча мой суразмоўца адказваць… Моршчыцца і нарэшце вымаўляе:

«…Ладна, адно распавяду. Я люблю музыку граць у галаве пастаянна. У мяне ўвесь час яна гучыць і пастаянна нешта выдумляецца. Вось зараз, калі я з табой размаўляю, недзе чвэрць мозга пастаянна варыць новы нейкі матыў. А часткамі цела я магу выстукваць ўсялякія рытмы, напрыклад, вушамі і мезенцам нагі: я ўяўляю, што гэтае вуха — гэта адзін інструмант, гэтае — іншы. І я магу сядзець і дзіўна так рухацца… А на самой справе я нейкі рытм б’ю, выстукваю і падзяляю на часткі цела.

Музыка пастаянна са мной. Напэўна, таму ў мяне няма ніякай калекцыі кампакт-дыскаў дома. Калі я хачу нейкую песьню паслухаць, віртуальна націскаю play у сваёй галаве».

«Канцэрты — нашае жыцьцё»

«Мы вельмі любім граць канцэрты. Канцэрты — гэта нашае жыцьцё, наш заробак. Граем паўсюль, куды могуць нас запрасіць, заплаціць ганарар і забясьпечыць тэхнікай.

Мы граем канцэрты па квіточках, прэзэнтацыйныя, хатнія, кватэрныя, карпаратыўныя, дабрачынныя, стадыённыя, плошчавыя.

Мы зрабілі зборнік „Красному диску солнца“, таму што хочам болей граць канцэртаў. Распаўсюджваем сваю музыку ў тым ліку бясплатна праз Інтэрнэт — нас болей ведаюць і тады нас часьцей запрашаюць“. Але зусім ня супраць, калі дыскі будуць яшчэ й набываць».

Афрыканскі „фэнікс“

«Пакуль што выязных зь Беларусі канцэртаў у нас няшмат. Сусьветны крызыс моцна скараціў колькасьць сьвятаў, на якіх выступаюць музыкі. Але гэтая зьява часовая, і ў такія моманты трэба працаваць яшчэ болей, нават калі ёсьць праблемы з фінансаваньнем. У нашым выпадку любоў да музыкі адужала любоў да грошаў, таму мы захавалі гурт, перажылі 2009 год, згарэлі ў попеле і духоўна адрадзіліся ў 2010-м разам з альбомам „Африка“. І я думаю, у гэтым годзе мы дамо нашмат болей канцэртаў».

http://generation.by/mediashare/v0/bjh04ex9nwlygioorj5bx617c5932d-org.jpg

Сольны досьвед

«Мне вельмі спадабалася даваць сольны канцэрт. Ён адкрыў для мяне новыя магчымасьці. Па гэтым канцэрце выступаць з гуртом для мяне стала ў некалькі разоў лягчэй. Мне здаецца, што выключна ў рамках „Без Билета“ мне ўжо не хапала месца. Я падумаў, што я магу яшчэ болей за тое, што мы паказваем. Т.б. можна пашыраць сваю музычную палітру. На гурце такія мае высновы адлюструюцца станоўча. Будзе рост!»

Пра не „Без Билета“

«Мне цікава пісаць музыку для кіно. Я ведаю, што „Беларусьфільм“ здымае ў гэтым годзе тры карціны. На жаль, я ў іх не працую… Мне б хацелася ў беларускім кіно папрацаваць, таму што 90% фільмаў, якія я рабіў, былі расейскімі. Вельмі мала ў Беларусі беларускіх фільмаў здымаецца. Спадзяюся, гэтая справа будзе разьвівацца».

«Хацеў быць Цоем»

«Калі ўсе дзеці хацелі быць пажарнікамі, я Цоем хацеў стаць. Я сам патрапіў у музычную вучэльню, сам патрапіў ва Ўнівэрсытэт культуры: мяне бацькі не накіроўвалі — гэта была мая ініцыятыва.

Навучаньне заўжды было такой паўавантурнай справай для мяне. Я быў выдатнікам да пэўнага моманту, пакуль у мяне не засьвістаў вецер у галаве, а лёгка мог бы скончыць школу зь якім-небудзь мэдалём».

У школу не хадзілі

«Мне адзін мой школьны таварыш прапанаваў адзін дзень прагуляць. Ну мы адзін дзень у школу не схадзілі, на наступны дзень не пайшлі зноўку, пасьля зноўку не пайшлі, пасьля ўжо страшна ісьці… Хадзілі ў паліклініку, дурылі галаву дактарам, каб яны нейкія ліпавыя даведкі нам выпісвалі. Віно пілі, у кіно хадзілі, зь дзяўчынамі гулялі, ну штосьці яшчэ рабілі, абы ў школу не хадзіць».

«Рояль» замест вучобы

«Пасьля ў 10 клясе на УПК, дзе вучні павінны пэўную прафэсію засвойваць, я заўжды быў мэдбратам, і мне гэта вельмі падабалася. Але пазьней мяне запісалі ў токары не па маёй волі, і я перастаў хадзіць.

Ды яшчэ і атрымалася так, што я перадаў хабар майстру: набыў бутэльку сьпірту „Рояль“ і 100 рублёў — на гэтую суму яшчэ адзін „Рояль“ можна было набыць. Папрасіў таварыша, каб ён перадаў гэта ўсё ад мяне. А ён ўзяў і вымавіў гучна пры ўсіх: „Вось Вам Віталік перадаў!“…

У школе — скандал: такога ніколі не было, каб сьпіртовыя хабары давалі майстрам. Пасьля я нешта прагуляў, нешта прапусьціў, цалкам на школу забіў і выляцеў са школы.

У будаўнічым ПТВ, куды я патрапіў, першы год мяне таксама некалькі разоў выганялі, таму што гэта было для мяне зусім нецікавым. Але тут я пачаў музыкай захапляцца, пачаў конкурсы самадзейнасьці перамагаць. Пасьля раённыя конкурсы, затым — абласныя. Так я і скончыў гэтую будаўнічую ўстанову, і пайшоў вучыцца ў Вучэльню мастацтваў і культуры на народныя сьпевы.

Я падаў дакуманты, сам паехаў у працоўны летнік у Расею, бо патрэбныя былі грошы. Спазьніўся на ўсе іспыты ўступныя, а тут яшчэ і ў войска забіраюць. Я набыў на вуліцы кавун, пайшоў да дырэктара вучэльні і сказаў: „Са Стаўрапольскага краю вязу гэты кавун, дазвольце здаць іспыты!“ Карацей, насьмяшыў там усіх, і мне дазволілі здаць. Я паступіў. Першы курс быў годам, калі я сапраўды нейкіх прафэсійных ведаў набіраўся. Мне было вельмі-вельмі цікава, таму і адзнакі былі ўсе вышэйшыя. Але я ня стаў давучвацца да канца і праз год паступіў ва Ўнівэрсытэт культуры на харавое дырыжаваньне.

Але з унівэрсытэта мяне таксама выганялі: адзін раз з чацьвертага курса, другі раз — зь пятага. Я быў вельмі такі свабодалюбівы, некіруемы і непрадказальны для выкладчыкаў. Лічу, што яны правільна рабілі, выключаючы мяне, бо я паказваў іншым кепскі прыклад, ламаў там дысцыпліну. Так мяне вучылі, што ў жыцьці можна рабіць ня толькі тое, што хочацца, але яшчэ і тое, што трэба».

«Мы — ня рок»

«Афіцыйна мы называем стыль нашага гурта „смарт поп“. Мы граем інтэлектуальную масавую музыку. Мне гэта вельмі падабаецца.

Мы вось зараз адыгралі „Каранацыю“. Асабліва нашую творчасьць няма за што сварыць, таму асноўныя прэтэнзіі, што мы — „ня рок“. Я думаю, што гэта нейкая вельмі вузкая градацыя — рок ці ня рок. Якая розьніца? Ёсьць нашая музыка. Яна цалкам празрыстая і зразумелая. Мы не хаваемся за іміджам рок-музыкаў».

«Мы трошку перарасьлі Каранацыю»

«Гэта добра, што ёсьць узнагароды і конкурсы, паболей бы іх. Канкрэтна мы, трошку перарасьлі «Каранацыю» на пару гадочкаў. Калі б гэта з намі здарылася 2–3 год таму, сэрца б білася больш актыўна. Але Каранацыя, вядомая як кансэрватыўнае сьвята, усё ж такі знайшла месца для «Без Билета» з музыкай, якая не ўкладаецца ў рок паняцьце».

«Мяне вядзе нейкая сіла»

«Ёсьць нейкі ўнутраны вэктар, унутраны компас і ўнутры пастаянны рухавік. Я веру ў сваё прызначэньне, таму іду па гэтай дарозе, таму што мяне нешта штурхае знутры — гэта сьветлая сіла. Ужо пачаў займацца наступнай кружэлкай».

Музыка па душы

«Мой уласны музычны баромэтар увесь час кудысьці рухаецца. Пераважная стылістыка нейкая — гэта вельмі вузка. Я магу ў любым жанры пачуць нешта цікавае — няхай то сымфанічная музыка, гіп-гоп ці рок, поп. Калі гэта ад сэрца напісана, на чым заўгодна гэта будзе выканана — гэта будзе здорава. Бываюць пэрыяды, што я зусім музыку ня слухаю. А бывае так, што я чатыры дні буду слухаць толькі адну песьню. І мне падабаецца так. Пакуль я яе не вывучу, кожны яе закуток, я буду слухаць разоў 500».

«Не — смарчкам-старычкам-мухаморчыкам!»

«Мой лад жыцьця такі, што ў мяне заўжды шмат сілаў. Я пра гэта клапачуся: займаюся фізкультурай, рэдка мяне пабачыш, што я п’ю, палю. Уначы я спаць люблю. Калі толькі ў мяне атрымліваецца, я еду ў бліжэйшую лесапаласу, там бегаю і слухаю які-небудзь новы альбом.

Я ведаю, што фізкультура мне дапамагае. Фізычна гастрольнае жыцьцё — гэта вялікія фізычныя нагрузкі. Напрыклад, калі ў нас ёсьць канцэрт у іншых гарадах Беларусі, мы прыяжджаем ўначы ці пад раніцу. Тады няма дакладнага распарадку дня, таму калі ты будзеш яшчэ сваё цела зьнясільваць, тым хутчэй станеш чахлым смарчком-старычком-мухаморчыкам, а я зьбіраюся ўсё жыцьцё быць маладым і здаровым. Звычайна прыходзіш да гэтага, калі ведаеш на ўласным досьведзе, як бывае інакш».

«Сябры замест машыны шоў-бізнэсу»

«Сябры адыгралі вялікую ролю ў маім творчым жыцьці. У мяне ніколі не было прадусараў і капіталаўкладаньняў, але былі сябры, якія замянялі сваёй дапамогай усю машыну шоў-бізнэсу».

Місія па дзецях

«Соні хутка будзе пяць. Яна расьце ў творчай сям’і і мае шмат мастацкіх здольнасьцяў — гэта дакладна. Але я ня ведаю, кім яна будзе. Зараз яна шмат малюе. Я ёй дапамагу хутчэй вызначыць тое, што ёй падабаецца, і дапамагу разьвіцьцю ейных здольнасьцяў. Такую бачу сваю ролю ў яе лёсе.

Калі яна захоча падмятаць вуліцу, мяне гэта таксама задаволіць, я ёй дапамагу. Яна стане тады самым лепшым дворнікам. За ёй будуць прысылаць чартарныя рэйсы з ЗША, каб яна Белы дом у сваёй манеры падмяла: я так сваю місію па дзецях бачу.

А малодшая — Дзінка. Яны абедзьве сьпяваюць бясконца. Напрыклад, мы прыйдзем куды-небудзь у госьці, яны абедзьве за раяль сядуць і давай па ўсіх клявішах: „О Афрыка!“. Танцаваць вельмі любяць.

Мы іх стараемся не караць, ня ідзем па сілавым шляху. Дамаўляемся, тлумачым, сябруем. Па-мойму, яны клёвымі дзяўчынкамі растуць».

Песьні на дваіх

«Напэўна, у нас проста з Таняй [Кушнер] агулам супадаюць нашыя інтарэсы, таму мы разам пішам песьні. Вельмі лёгка адзін аднаго разумеем, і ў музыцы таксама. Мне не здаецца гэта дзіўным. Можна ж ня толькі музыку пісаць разам. Ёсьць безьліч прыкладаў у сьвеце, калі чалавек не адзін нешта распрацоўвае, а з кім-небудзь. Проста, верагодна, гэта атрымліваецца, калі людзі адзін аднаму давяраюць, не перакрываюць адзін аднаго, не штурхаюцца ў адной прасторы, а дапаўняюць».


Пачуцьцё дому

«Беларусь лічу пад’ездам свайго дому — мікрараёну Зямля. Шкада, што ў нас на радзіме пакуль няшмат фэстываляў, і ўвесь канцэртны рынак можа забясьпечыць 1–2 гурты. А іх нашмат болей».

Аўтар фота Таня Кушнер


Воля Вітушка 14:30, 27.04.2010 | КУЛЬТурныя людзі |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0615 seconds.