Кушнер, Артыст і Сабураў аб’ядналіся ў гурт Slowmotion і прадставілі кліп

Сумесны музычны праект сьпявачкі Тані Кушнер, лідэра «Без Билета» Віталя Артыста і кліпмэйкера Мацея Сабурава атрымаў назоў Slowmotion. Гурт рыхтуе да хуткага рэлізу максі-сынгл, запусьціў сайт ды прэзэнтаваў дэбютны кліп «Bystander».

Таня Кушнер

Песьня Тані Кушнер прадстаўлена ў новай аранжыроўцы, якая адпавядае актуальнаму саўнду Slowmotion. Відэа здымалася у дзень студзеньскага сонечнага зацьменьня, а рэжысёр Мацей Сабураў у пошуках натуры для кліпа праваліўся пад лёд.

«Яшчэ восеньню я нагледзеў на азёрах у Віцебскай вобласьці, як мне здавалася, ідэальнае месца для здымак, — распавядае Мацей Сабураў. Праўда, у студзені месца ўжо выглядала інакш — усё пазамярзала, што натхніла музыкаў на новыя пошукі.

«Я пайшоў наперад па лёдзе, але ён апынуўся вельмі тонкім, і я праваліўся па пояс. Абышлося без наступстваў, але здымкі ссунуліся на дзень. І прыйшліся якраз на гадзіны ў раёне сонечнага зацьменьня. Мы дзівіліся — чаму днём цёмна? Толькі ў Менску даведаліся пра зацьменьне. Я думаю, што кліп увабраў у сябе гэтую асаблівую энэргетыку».

Таня Кушнер у гэтым кліпе зьмяніла звыклае амплуа кліпмэйкера на галоўную ролю.

«Песьня Bystander мне прысьнілася. У тым сьне былі бясконцыя зялёныя пагоркі і супакоеная адзінота чалавека ў Сусьвеце, як у сябе дома, — кажа Таня. — Здаецца, што ў гэтым зімовым, невыносна павольным відэа нам удалося перадаць тыя ж адчуваньні. Мой пэрсанаж — гэта дзяўчына, якая страціла каханьне ў баях за свае пачуцьці. Тады яна пайшла ад людзей і стала балотнай фэяй. Маразы ў тыя дні стаялі сур’ёзныя, мне даводзілася доўга хадзіць у сьнезе без цёплай вопраткі, я адчувала сябе героем».


Cайт гурта slowmotionworld.com

«Цяпер гурт арыентаваны на жывыя выступленьні, — тлумачыць Віталь Артыст. — Мы спалучаем электроніку і жывыя інструмэнты, выкарыстоўваем сэмплеры, лупэры ды іншыя прымочкі, актыўна шукаем ўласнае гучаньне. Натхняемся рухам, зададзеным Portishead, Massive Attack, Archive. У курце два кліпмэйкеры, і мы, вядома ж, надаем асаблівую ўвагу відэашэрагу. У гэтым нам дапамагае віджэй Аляксандр Дутлаў».

Першы выступ Slowmotion у цяперашнім складзе і выглядзе адбыўся ў сьнежні 2010 года на прэзэнтацыі альбома Тані Кушнер «Mannequin». Гэты дыск быў студыйным і выразна «настальгічным» праектам, але ў рамках Slowmotion матэрыял перайначыўся. Неўзабаве адбудзецца рэліз дэбютнага максі-сынгла, у які ўвойдуць як альтэрнатыўныя вэрсіі песень з «Mannequin», так і новыя кампазыцыі, напісаныя Таняй Кушнер.

12:30, 05/04/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0536 seconds.