«Без Билета» выпусьцілі сыквэл свайго парыскага кліпа «Танцуй»

Гэта першы сыквэл у гісторыі гурта. Ён працягвае і дапаўняе кліп «Танцуй», які выпушчаны ў сьнежні. Абодва ролікі зьнятыя рэжысэрам Таняй Кушнер у Парыжы мінулым летам.

«Танцуй 2» — гэта гастрольна-турыстычная вэрсія парыскай вандроўкі гурта на фэст «Эўропа Культур» альбо «ролік для ўнутранага карыстаньня». Глядзім!

Рэжысэрка кліпу Таня Кушнер:

«Насамрэч „Танцуй 2“ плянаваўся напачатку як кліп для ўнутранага карыстаньня, я проста хацела падарыць яго ўсім удзельнікам „Без Билета“ на памяць. У гэты ролік увайшлі кадры з нашага асабістага парыскага архіву, там безьбілетная каманда і сябры, такія як у жыцьці, без пафасу.

Аднак першы кліп „Танцуй“ сабраў столькі станоўчых водгукаў, што нам захацелася падзяліцца з прыхільнікамі і яго працягам. І наагул, кожны гурт рана ці позна выпускае кліп, зроблены на відэаматэрыялах закуліснага жыцьця і падарожжаў. Цяпер і ў нас такі ёсьць».

Запісаўшы для рэлізу «Красному диску солнца» альтэрнатыўныя вэрсіі песень з альбомаў «Африка» і «Кино», «Без Билета» прыступілі да працы над новай вэрсіяй свайго супэргіта «Мая краіна Беларусь».


Адмыслова для яе лідэр гурта Віталь Артыст запісаў хор публікі на сваім сольным канцэрце, які з посьпехам прайшоў 14 лютага. Песьню натхнёна выконвала ўся заля, аднак Артысту гэтага падалося недастаткова. Віталь плянуе таксама запісаць для кампазыцыі «Беларусь» хор гледачоў падчас выступу «Без Билета» на «Рок-каранацыі» 4 сакавіка.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0584 seconds.