«Быць як усе» — новы кліп «Без білета»

Гурт «Без билета» прэзэнтуе сёньня новы кліп на песьню «Быть как все» ў падтрымку альбому «Звезда». Правакацыйнае відэа ў жанры лякальнай постмадэрнісцкай драмы зьнятае маладым рэжысёрам Мітрыем Сямёнавым-Алейнікавым і яго камандай.

«Я выбраў гэтую песьню, таму што яна хвалюе. Гэта тое, пра што і я б хацеў сказаць, так супала. І таму што Без Білета — лепшыя, — распавядае рэжысёр кліпа. — Цікава, што пад час здымак мы сутыкнуліся з той жа праблемай, пра што песьня і кліп — на нас нападалі актыўныя пэнсіянэры, выклікалі міліцыю і ставілі на месца вахцёркі. Я рады, што ў нас атрымалася захаваць першапачатковую ідэю да канца».

«Прыемна мець справу з таленавітымі людзьмі. Рэжысёр Міця і яго памочнік Вова —тое самае новае пакаленьне, на якое можна спадзявацца, — дзеліцца суаўтар «Без Білета» Таня Кушнер. — Мы з хлопцамі выдатна зразумелі адзін аднаго, нягледзячы на тое, што яны такія юныя».

Традыцыйным для «Без Білета» стаў масавы ўдзел у здымках сяброў і прыхільнікаў гурта. Самі музыкі выканалі ў кліпе ролі пацыентаў і дактароў у фантастычным бюро па карэкцыі індывідуальнага мысленьня.

«Людзі — такая парода, схільныя губляць індывідуальнасьць сярод сабе падобных. А тых, хто спрабуе яе захаваць, як мінімум ня любяць і не прымаюць, хочуць дагнаць, астрыгчы і зраўняць з астатнімі, — камэнтуе лідэр «Без Білета» Віталь Артыст. — Я добра ведаю, што такое «чужы сярод сваіх». Мяне ўсё жыцьцё папраўлялі і «лячылі» — як стрыгчыся, апранацца, як сябе паводзіць і чым у жыцьці займацца. У гэтай песьні мы заступаемся за ўсіх тых, хто пакутуе ад непрыязьні соцыюма, але мае сьмеласць выглядаць і жыць па-свойму. Ня быць як усе — цяжка, але так значна цікавей».

11:00, 25/04/2012
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0835 seconds.