«Без Билета» зьбярэ Re:public двойчы

Гурт «Без Билета» завяршае працу над кліпам на песьню «Адрес – планета Земля», які будзе прадстаўлены публіцы на сьвяточных канцэртах 7 і 8 сакавіка ў менскім клюбе Re:Public. Рэжысёрам роліка стаў Мацей Сабураў.

Кліп уяўляе сабой сыквэл відэа на песьню «Байконур 66», толькі на гэты раз падзеі будуць адбывацца ў адкрытым космасе. Музыкі стартуюць з ужо вядомай гледачам вёскі Белая Царква, што ў Віцебскай вобласьці, і адпраўляюцца ў міжгаляктычнае падарожжа. Транспартным сродкам для іх перасоўваньняў стане не ракета, а кабрыялет «Запарожац», што здымаўся ў мінулым роліку.

«Гэтым кліпам мы адкрываем свае пляны па стварэньні касьмічнага лоў-коста, аналяга цяперашніх бюджэтных авіякампаній. Выкарыстоўваць мы будзем толькі аўтамабілі маркі Запарожац. Як мы высьветлілі, машыны іншых фірмаў лётаць проста ня ўмеюць. Як і больш новыя мадэлі Запарожца — толькі тыя, якія былі зробленыя ў СССР», — кажа Віталь Артыст.

Першымі кліп убачаць гледачы сьвяточных канцэртаў «Без Билета» ў Менску, якіх, у сувязі з вялікім попытам на квіткі, будзе два — хто не пасьпеў набыць квіткі на выступ 7 сакавіка, яшчэ можа патрапіць на касьмічнае шоў гурта 8 сакавіка. Пакуль жа фрагмэнт будучага відэа можна ўбачыць у прома-роліку менскіх канцэртаў.

Акрамя прэм'еры «Адрес — планета Земля» гледачоў у абодва дні таксама чакае прэзэнтацыя фота-кліпа на песьню «Музыка — это жизнь», створанага з фатаграфій прыхільнікаў «Без Билета», і дакумэнтальнае відэа пра беларускага касманаўта Ўладзіміра Каваленку. Яго голас гучыць у кампазыцыі «Фотон-1», якая выйшла на нядаўнім максі-сынгле. Спэцыяльным святочным бонусам у канцэрце 8 сакавіка стане невялікае выступленьне сяброў з гурта «Или-или».

Абодва канцэрты пачнуцца а 19.00. Квіткі: ад 95 тыс. (танцпляц), 120 тыс. (танцпол у дзень канцэрту), 250 тыс. (столік на 8 сакавіка). Даведкі: (029) 649 08 88.

09:00, 05/03/2012 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0662 seconds.