У Сеціве зьявіўся новы кліп «Без Билета», зьняты на вуліцах Парыжу

У ліпені «безьбілетнікі» прадстаўлялі Беларусь на фэсьце «Эўропа Культур» у Францыі. Аднак толькі фэстывалем «Без Билета» не абмежаваліся — некалькі дзён музыкі прысьвяцілі здымкам жыцьцесьцьвярджальнага відэа ў сонечным летнім Парыжы на песьню «Танцуй».

«У Парыжы атмасфэра незамарочаная, прыязная, — распавядае рэжысэрка кліпу Таня Кушнер, — гуляюць прадстаўнікі ўсіх расаў і нацыянальнасьцяў адначасова. Там адразу пачынаеш адчуваць сябе часткай плянэты: жыхаром Зямлі, ня толькі вуліцы Куйбышава. Вельмі карыснае ўражаньне, я лічу. Людзі такія разьняволеныя, ходзяць па газонах, ляжаць на тратуары. Прыгоды на кожным кроку. Сустрэць танцуючых людзей у Парыжы аказалася не складаней, чым у нас знайсьці гандлёвую палатку з садавіной. І ўсе такія прыгожыя! Мне захацелася паказаць у гэтым кліпе хутчэй ня вежы і Луўры, а Настрой, які там пануе, і якім мы таксама па вушы пранікліся.

У сувязі з песьняй „Танцуй“ адразу ўяўляецца дождж, мы таксама адразу падумалі пра яго. У тым напружаным гастрольна-турыстычным графіку яшчэ ўхітраліся цягаць тэхніку і вопратку з сабой на выпадак дажджу падчас здымак. Як толькі пачынала морасіць, мы ўсё кідалі і пачыналі здымацца. Напрыклад, кадры з хлопцамі на бязьлюдной лялечнай вуліцы зьнятыя па дарозе ад Напалеона да Джыма Морысана. А кадры на плошчы з хмарачосамі — пасля вельмі-вельмі доўгай вечарынкі з нагоды канцэрта „Без Билета“. Хоць уражваючага дажджу прырода нам так і не падарыла, настрой, пра які сьпяваецца ў песні, усё-ткі прысутнічае ў кадры».

«Апошнім часам мы ўзялі на сябе ролю своеасаблівых „сонечных реаніматараў“». — кажа лідэр «Без Билета» Віталь Артыст. — У нас выйшаў летні прыгодніцкі альбом «Африка». Мы зьнялі вясёлае відэа на загалоўную песьню. Цяпер вось кліп «Танцуй» — яшчэ адна ін’екцыя лета ў наш паўночны пахмурны рэгіён.

Прашу зьвярнуць увагу, што Парыж у кліпе — гэта не дэкарацыі «Беларусьфільма» і не камп’ютарная графіка. Усё было па-сапраўднаму ў гэты раз. Мы жылі ў знакамітым раёне Defence — гэта самая прасунутая і сучасная частка Парыжа. Там хмарачосы і вялікая колькасьць футурыстычных культурных аб’ектаў. Наш дом стаяў паміж двума аркамі — Трыўмфальнай і Вялікай аркой Дэфанса. Так што па раніцах выпальвалі папіроску з выглядам на адну арку, а па вечарох — на іншую. У Парыжы вельмі вялікая ратацыя як турыстаў, так і карэнных парыжан. Таня вельмі любіла за імі усімі назіраць, а некаторых ціхенька здымала. Падчас здымак мы спачатку крыху напружваліся, што Таня прасіла нас таньчыць на людзях, тым больш іншаземцах. Але потым самім спадабалася, і хоць ніхто не заканчваў балетнай вучэльны — рабілі гэта ад душы! Ня верь багам, якія не танцуюць!»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.062 seconds.