Чавэс заклікае да кантролю над Інтэрнэтам
Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс, які нядаўна зачыніў шэраг радыёстанцый і пазбавіў ліцэнзіі незалежны тэлеканал, зьбіраецца заняцца кантролем над Інтэрнэтам. Аб гэтым ён заявіў пасьля зьяўленьня на адным з апазыцыйных сайтаў інфармацыі аб забойстве ягонага паплечніка.
«Інтэрнэт ня можа быць чымсьці адкрытым, дзе ўсё дазволена казаць і рабіць. Кожная краіна павінна прымяняць свае ўласныя правілы і нормы», заявіў Уга Чавес у суботу. Як паведамляе Reuters, ён прывёў прыклад нямецкага канцлера Ангелы Мэркэль, якая, на думку прэзыдэнта Вэнэсуэлы, выступіла нядаўна з падобнымі заявамі.
Гнеў правадыра баліварыянскай рэвалюцыі выклікаў артыкул на палітычным сайце Noticierodigital, у якім паведамлялася аб гвалтоўнай сьмерці бліжэйшага паплечніка Чавэса Дыясдада Кабэла. Прэзыдэнт назваў гэтую інфармацыю ілжывай.
«Мы мусім дзейнічаць. Мы маем намер зьвярнуцца да Генэральнага пракурора за дапамогаю, таму што гэта злачынства. У мяне ёсьць інфармацыя, што гэты сайт пэрыядычна публікуе заклікі да дзяржаўнага перавароту. Гэтага нельга дазволіць».
Сайты сацыяльных сетак, падобных да Twitter і Facebook, вельмі папулярныя ў апазыцыйным руху Вэнэсуэлы. Яны ня раз выкарыстоўваліся дзеля арганізацыі вулічных пратэстаў. Чавэс лічыць, што праз такія сайты часьцяком распаўсюджваюцца неабгрунтаваныя чуткі.
Сытуацыя са свабодай Інтэрнэту ў Беларусі пакуль горшая, чым у братняй Вэнэсуэле. Гэта папраўна, лічыць Уга Чавэс. Фота AP
У 2007 годзе Уга Чавэс спыніў ліцэнзію ў незалежнага тэлеканала RCTV, які цяпер вымушаны існаваць толькі як кабэльная станцыя. За некалькі апошніх гадоў быў зачынены шэраг незалежных радыёстанцый.
Апанэнты вэнэсуэльскага прэзыдэнта асьцерагаюцца магчымасьці перайманьня кітайскага і іранскага вопыту па цэнзураваньні кантэнту ў Сеціве, чаго, аднак, пакуль не адбылося. У рэйтынгу свабоды прэсы «Рэпарцёраў бязь межаў» Вэнэсуэла займае 124-ы радок (Беларусь - 151-ы).