Як у Менску было «Можна»
Трэці фэстываль актуальнай беларускай музыкі «Можна!» дабраўся да Менску — дагэтуль фэст з посьпехам двойчы праходзіў у Маскве. У ноч з 22 на 23 студзеня «Рэактар» ледзь умясьціў усіх жадаючых паглядзець на «Можна!» у Беларусі.
«Нагуаль»
На працягу ночы зь пятніцы на суботу 9 гуртоў дэманстравалі «іншую» беларускую сцэну — ад рэгі да алька-бугі, ад нью-джазу да балотнага этна-панку.
«Кассиопея»
Аматараў паглядзець, што ў Беларусі «можна», набілася поўная заля — так што не спраўляўся ня толькі гардэроб, але й чэргі ў прыбіральню выбудаваліся на ўвесь калідор. Не напужала публіку і ўсяночнасьць імпрэзы — закрыцьцё мэтро і сыход апошніх тралейбусаў ніяк не адбіліся на запоўненасьці «Рэактару».
«Аддис-Абеба»
Паказ актуальнай беларускай музыкі прайшоў на адным дыханьні і без паўзаў для наладкі музыкаў, бо яны запаўняліся музычнымі міксамі. На двух сьценах клюбу цягам усяго фэсту трансьляваўся відэашэраг з нарэзак вядомых сусьветных і савецкіх мультфільмаў, падрыхтаваны арганізатарамі фэсту — менскай канцэртнай агенцыяй Bo Promo.
«Серебряная Свадьба»
Атмасфэру музычнай «уседазволенасьці» забясьпечвалі праект «RockerJoker», ансамбаль «НагУаль», калектыў «Аддис-Абеба», гурт «Кассиопея», кабарэ-бэнд «Серебряная Свадьба», «Botanic Project», «CherryVata» і «Мох».