Самая доўгая ноч пазытыву ад «Дзяцей сонца»

Карл Хламкін

Творчае аб’яданьне «Дзеці Сонца» правяло 7-гадзінны фэст пазытыўнай музыкі «Солнцестояние» ў менскім «Рэактары». Пазытыў стваралі міжнароднымі сіламі, а са сцэны ў залю сыпаліся грошы. Як зьмясьціліся на адной сцэне 13 гуртоў зь Беларусі і ня толькі — у рэпартажы і фотаздымках Generation.bY.

Напярэдадні імпрэзы мастацкі кіраўнік фэсту Яўген Калмыкоў адзначаў, што падзея адмыслова прызначаная на час зімовага сонцастаяньня, які суправаджаецца самай доўгай у годзе ноччу і спрадвеку сьвяткаваўся паленьнем вогнішчаў, спусканьнем кола з гары, сьпевамі песень і заклікамі да Сонца вярнуцца.

«Мы хочам сваёй праграмай таксама пастарацца ўгаварыць яго сьвяціць ярчэй, а то мінулае лета ў Беларусі выдалася нейкім халаднаватым. Ды й наагул яго не хапае ў нашых балотах. Гэта ня фанскі канцэрт, а фэстываль атмасфэры й настрою, які мы хочам перадаць усім. Галоўнае — не прывязка да імёнах і назваў, а пазытыўная энэргетыка».

Вогнішчаў у «Рэактары» не палілі, але энэргетыка зашкальвала. На фэст мог патрапіць любы ахвочы, але не пакідала адчуваньне «зачыненасьці» і ўтульнасьці імпрэзы, наведаць якую прыйшлі прадстаўнікі вузкіх творчых колаў, у асноўным знаёмыя паміж сабой. Заля і сцэна стракацелі ад цікавых пэрсанажаў, яркіх, эпатажных і па-добраму дзёрзкіх.

Серебрянная свадьба

Распачаў фэст маскоўскі ды-джэй Бэргер сваім танцавальным сэтам у стылі балкан-біт. За ім на сцэну выходзілі Жэня Новаш, праект тандэму Макса Сірага і Міхея Насарогава «RockerJoker» з эфэктным раскіданьнем грошаў па залі, Стася і гурт «По глазам», «Серебряная свадьба», Валік Грышко.

Крамбамбуля

Лявон Вольскі і «Крамбамбуля» сярод вядомых гітоў прэзэнтавалі й новую песьню — «Азалаціцца» — саўндтрэк да стужкі Беларусьфільму «Дастыш Фантастыш» («Грашовае дрэва»).

ДзеціДзяцей

«Дзецідзяцей» прыбеглі на сцэну адразу ж рэпэтыцыі да новай тэатральнай прэм’еры. Працягнулі вечар Сяргей Пукст, таксама выступ гурта «Разьбітае сэрца пацана».

Drum Ecstasy

«Клікалі сонца» ў самую доўгую зімовую ноч магутным бубновым сэтам Drum Ecstasy. «Пару рублей» выйшлі зь песьнямі-антыподамі пра тэкілу і чарніла.

Пару рублей

Пэрфомансам стаўся выступ гурта Васі Пачыцкага «Перебор». Фанаты падтрымлівалі сваіх фаварытаў плякатамі «Перебор not dead», а таксама вершамі «Не боимся рек и гор — с нами группа «Перебор!»

Хэдлайнэрам фэсту выступіў Карл Хламкін і яго «ОгнеОпаснОркестр» (Рыга — Масква), які турбарэактыўным балканскім хрып-гопам з элемэнтамі лірычнага ска-шансону не пакінуў абыякавым нікога — танчылі ўсе. Сьвяткаваньне працягвалася й далёка за поўнач.

Яўген Калмыкоў

Сямігадзінны вечар эпатажу, трэшу і вясёлых танцаў прайшоў на адным дыханьні. Назіраючы завяршэньне фэстывалю, Яўген Калмыкоў адзначае:

«Гэта такая спроба зрабіць прафсаюзны фэст. З такой назвай і ў такім фармаце такі фэст праводзіцца ўпершыню». Але сваёй ацэнкі імпрэзы Яўген пакуль не дае: «Я раблю тое, што патрэбна. І кожны робіць тое, што патрэбна. У гэтыя дні трэба біць у бубны і сьпяваць вясёлыя песьні. А ацэнку няхай даюць гледачы. Час пакажа, ці будзем мы праводзіць такія імпрэзы далей. На ўсё воля Алаха :)».

Глядзіце болей здымкаў у фотаблогу:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0598 seconds.