У Менску будзе «Сонцастаяньне»: 22 сьнежня «Дзеці Сонца» запрашаюць на фэст

22 сьнежня ў менскім клюбе «Рэактар» пад эгідай ТА «Дзеці Сонца» ўпершыню пройдзе фэстываль пазытыўнай музыкі «Сонцастаяньне». Хэдлайнэры мерапрыемства — Карл Хламкін (Латвія — Расія) і яго «ОгнеОпаснОркестр». Сярод удзельнікаў фэстывалю таксама: Беня («Серебряная свадьба»), Лявон Вольскі, Drum Ecstasy, «Без Билета», «ДетиДетей», Rocker Joker, Валік Грышко ды іншыя.

Яўген Калмыкоў Дзеці Сонца
Яўген Калмыкоў і Дзеці Сонца на прэзэнтацыі «Культпросвету» Ляпіса Трубяцкога 01.09.09

«Фэстываль пройдзе ў дзень зімовага сонцастаяньня, якія суправаджаюцца самай доўгай у годзе ноччу, — распавядае мастацкі кіраўнік фэсту і „Дзяцей Сонца“ Яўген Калмыкоў. — Гэтае сьвята спрадвеку адзначалася практычна ва ўсіх народаў Паўночнага паўшар’я. Людзі палілі вогнішчы, спускалі вогненнае кола з гары, сьпявалі песьні, заклікаючы Сонца вярнуцца. Мы хочам сваёй праграмай таксама пастарацца ўгаварыць яго сьвяціць поярчэй, а то мінулае лета ў Беларусі выдалася нейкім халаднаватым. Ды й наагул яго не хапае ў нашых балотах».

«Сонцастаяньне» будзе вельмі працяглым — фэстывальныя выступы пачнуцца ў сем вечара і завершацца пасьля паўночы. Асноўная канцэпцыя — пазытыўная музыка з ухілам у Балкан-біт. Каб ёй адпавядаць, некаторыя артысты рыхтуюць для яго спэцыяльныя праграмы.

Адным з галоўных момантаў вечару мусіць стаць выступ Карла Хламкіна і гурта «ОгнеОпаснОркестр». Гэты культавы музыкант з шчырымі песьнямі і хрыплым голасам вырас у Латвіі, затым скарыў Маскву, а цяпер актыўна гастралюе па Эўропе, выконваючы іскрамётны Балкан-біт.

Разам з тым, арганізатары фэстывалю шчыра спадзяюцца, што гэта будзе ня проста канцэрт, а нешта большае.

«Гэта ня фанскі канцэрт, а фэстываль атмасфэры й настрою, які мы хочам перадаць усім, — кажа Яўген Колмыкоў. — Галоўнае не прывязка да імёнах і назваў, а пазытыўная энэргетыка. Бо фэстываль наагул адрозьніваецца ад канцэрту тым, што ня мусіць быць гледачоў, бо ўсе зьяўляюцца ўдзельнікамі — ня толькі тыя, хто выступае, але й тыя, хто проста прыемна бавіць час. Спадзяемся, што ў нас так і будзе».

Фэст пройдзе 22.12.2009 у «Рэактары. Квіткі: 40 тыс (танцпляц). Даведка і замова: (017) 280 15 10, (029) 635 68 73, а таксама праз сайт www.soundline.by.

12:00, 04/12/2009 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0891 seconds.