Беларускі неа-поп арт і іншыя радасьці 80-ых на першай калектыўнай выставе галерэі «Ў»

Сьвежаадчыненая галерэя сучаснага мастацтва «Ў» прэзэнтуе куратарскі праект Сяргея Шабохіна — «Філязофія мас. Беларускі неа-поп арт». Гэта першая калектыўная выстава, якая праходзіць на пляцоўках «Ў».

У выставе бяруць удзел 19 беларускіх мастакоў, ад знакамітых прадстаўнікоў беларускага актуальнага мастацтва да зусім новых імёнаў на нашай арт-пляцоўкі.

У аснове праекту Сяргея Шабохіна, пераможцы «Беларускага павільёну 53 Вэнэцыянскай біенале», ляжыць аналіз узаемаадносінаў мастацтва і масавай культуры. Выстава спрабуе прасачыць гістарычнае разьвіцьцё беларускага поп-арту, выявіць яго асаблівасьці і параўнаць іх з сусьветным досьведам. Творы, прадстаўленыя ў праекце, — гэта адлюстраваньні узаемадзеяньня і канфлікту мастацтва з масавай культурай: кінэматографам, тэлебачаньнем, модай, рэклямай, анімацыяй.

 

Сярод іншых удзельнікаў праекту, на пытаньні «Ці ёсьць поп-арт у Беларусі?», «Што такое неа-поп арт?» і «Як узаемадзейнічаюць мастацтва і дызайн?» спрабуюць адказаць такія прадстаўнікі беларускага актуальнага мастацтва, як Уладзімір Цэсьлер, Руслан Вашкевіч, Артур Клінаў, Андрэй Лянкевіч, Сяргей Войчанка.

Акрамя галоўнай выставы, у праект уваходзяць лекцыі, дыскусіі, сустрэчы з мастакамі, прэзэнтацыі, дадатковыя выставы і шэраг іншых падзей. Праграма мерапрыемстваў прадстаўленая на сайце галерэі.

Месца:

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў», праспэкт Незалежнасьці 37А [ст.м. Плошча Перамогі]. Працуе кожны дзень з 10:00 да 22:00.

Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны. Выстава працуе да 20 лістапада.

UPD:

У чацьвер, 05.11.2009, у 19:00 у галерэі адбудзецца круглы стол на агульную тэму «Філязофія мас. Беларускі неа-поп арт». У межах сустрэчы будуць абмеркаваныя такія пытаньні, як «Што такое беларускі поп-арт?», «Як можна канцэптуалізаваць дадзенае паняцьце?» і «Ці можам мы казаць аб беларускай поп-арце як аб факце, які адбыўся, ці гэта толькі куратарскія „выдумка“?».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0585 seconds.