ФэстаЖнівень: музычны ўраджай на канец лета

 

Калі ты думаеш, што восень ужо блізка і нічога сапраўды летняга зрабіць ўжо не пасьпееш, не сьпяшайся закідаць заплечнікі на верхнюю паліцу: музычнае шчасьце і прыгоды яшчэ толькі пачынаюцца! Generation.bY адабраў васьмёрку лепшых фэстаў жніўня, на якія яшчэ можна пасьпець.

Бандэрштат: Бандэра і тату ў падарунак

  • Хто: украінскія нацыяналюгі і гурт «Mauzer»
  • Калі: 8 — 9 жніўня
  • Дзе: Украіна, Луцк
  • Колькі: бясплатна

Калі ўкраінскі сьцяг займае добрую палову сьцяны вашага пакою, сала — большую частку лядоўні, а слова УПА значыць нешта большае за тры літары, то вялікі фэст альтэрнатыўнай музыкі і сучаснага ўкраінскага мастацтва «Бандерштат» як раз для вас.

http://generation.by/mediashare/ti/ytsyb6bvmtpe5srrve5nned23r19t9-pre.jpg

Фэст вылучаецца сярод іншых нацыянальна-патрыятычным накірункам. Менавіта таму кожны ўдзельнік яго здолее павітацца з самім Сьцяпанам Бандэрай (!). Абсалютна сапраўдным унукам нацыянальнага героя Украіны. Таксама кожны жадаючы атрымае магчымасьць бясплатна зрабіць тату на нацыянальную тэматыку.

На фэст адбіраліся толькі тыя гурты, якія выконваюць кампазыцыі па-ўкраінску. Выключэньнем стала вядомая беларуская каманда «Mauzer». Хэдлайнэрам Бандэрштату стане гурт «Тартак». На сцэне фэсту будзе прэзэнтаваны іх новы альбом — «Опір матеріалів». Больш пра фэст тут альбо на сайце мерапрыемства.

SZIGET: ён у нас адзін такі

  • Хто: прыхільнікі ўсіх напрамкаў музыкі і мастацтва, спартоўцы і бізнэсоўцы — усе, у каго ёсьць ногі, каб туды прыйсьці
  • Калі: 12 — 17 жніўня
  • Дзе: Вугоршчына, Будапешт
  • Колькі: 40 эўра — адзін дзень. 150 — пяць дзён. З намётам 180.
  • Шэнген

Адзін пераклік хэдлайнэраў прыводзіць мэлямана ў экстаз: Faith No More, Manic Street Preachers, Franz Ferdinand, The Good, The Offspring, Fatboy Slim, Haydamaky, The Prodigy, Placebo.

Вугорскі Sziget захоўвае імідж найбольш прадстаўнічага фэсту па гэты бок Дунаю. Дзякуй лёсу, праводзіцца ён акурат пасярэдзіне гэтай ракі на аднайменнай высьпе. Таму далёка не зьбяжыш.

Але як можна бегчы ад дзесятка вялікіх, сярэдніх і маленькіх сцэн на любыя густы, узросты і сэксуальныя арыентацыі. Дапаўняюць відовішча масы атракцыёнаў, вулічныя тэатры, паказы мод і мноства іншых хэпэнінгаў. Да 2008 году Sziget праходзіў у сямідзённым фармаце, цяпер скараціўся да пяці дзён.

HIP HOP KEMP

  • Хто: хіп-хоперы
  • Калі: 20–22 жніўня
  • Дзе: Чэхія, Градэц Кралавэ (Hradec Kralove)
  • Колькі: 36 (40 эўра на месцы), 72/75 на ўсе дні
  • Шэнген

Калі вы разумееце, што назвы Method Man, Lady Sovereign, Termanology, B.o. B., Blu & Exile — гэта не гатункі бульбы, а крутыя гурты, то вэлкам у Багемію на чэскі фэст HIP HOP KEMP.

У праграме фэсту ня толькі выступы майстроў жанру, але і фрыстайл-бэтлы (так, ня блытаць з батламі, гэта на Басах), конкурсы графіці, конкурсы па брэйк-дансу. Сёлета Hip-Hop Kemp будзе праходзіць ужо ў восьмы раз.

Перад пачаткам «асноўнай праграмы» варта прагуляцца па вуліцах гораду, вядомага сваёй даўняй гісторыяй. І, канешне ж, архітэктурай: да прыкладу, у Старым горадзе разьмешчана унікальная Белая вежа (XVI стагодзьдзе) і гатычны сабор Сьвятога Духу (XIV–XV ст.), дзе пахаваныя рэшткі вядомага кожнаму чэху Яна Жыжкі.

Be Free: доўгая дарога дадому

  • Хто: польскі, украінскі і беларускі рок
  • Калі: 22–23 жніўня
  • Дзе: Украіна, Чарнігаў
  • Колькі: бясплатна, але за намёт заплаціць прыйдзецца $5

Рок фэстываль Be Free узьнік у 2007 годзе пад назвай «Права быць свабодным». У папярэднія гады ён праходзіў на захадзе Украіны — у гарадах Луцк і Львоў. Цяпер ён чарговы раз пераехаў. Такімі тэмпамі праз дзесятак год фэст мае шанцы аб’езьдзіць усе буйнейшыя гарады Украіны і назвацца, напрыклад, агульнаўкраінскім.

http://generation.by/mediashare/wj/xz9skz3q9e8eduboavbvxmdihnl69e-pre.jpg

У папярэдняй праграме арганізатары абяцаюць прадэманстраваць публіцы Ляпіса Трубяцкога і Воплi Вiдоплясова. Іх выступы пройдуць на беразе Дзясны на пляцоўцы паміж Гарадзкім паркам культуры і адпачынку і гатэльным комплексам «Брянск». У межах фэсту пройдзе сэмінар па правох чалавека, чаго дакладна няма на ніводным з вядомых навуцы моладзевых оўпэн-эйраў.

Чацьвёрты «День Незалежності з Махном»: поўны андэграўнд

  • Хто: музыкі, літаратары, і іншыя творчыя асобы
  • Калі: 23–24 жніўня
  • Дзе: Украіна, «дзесь у Запарожскай вобласьці»
  • Колькі: бясплатна

На музычна-літаратурны андэграўдным фэсьце День Незалежності з Махном шмат музыкі вы не пачуеце. Канешне, гурт «С.К.А.Й» паслухаць будзе нядрэнна, але галоўная фішка фэсту — пэрформансы, літаратурныя слэмы, відэапаказы і конкурсы андэграўнднага мабільнага кіно.

 

На некаторыя часткі імпрэзы ўваход будзе адчынены толькі для дарослай публікі («Поетична порка» напрыклад).

Пра месца правядзеньня фэсту арганізатары кажуць нешта няўцямнае «дзесь у Запарожскай вобласьці», але пасьля хутка дадаюць: Гуляйполе, стадыён «Сільмаш».

Эўрапейская вясёлка: патанчыць галышом пад поўняй

  • Хто: хіпі, растаманы, індзейцы і іншыя сябры сям’і Вясёлкі
  • Калі: 22 ліпеня — 20 жніўня
  • Дзе: Украіна, Закарпацкая вобласьць, вёска Люта
  • Колькі: унёсак у «Чароўную Шляпу» вольны

Гэта самы неарганізаваны фэст у сьвеце, бо ладзяць яго хіпі з усёй Эўропы. Кожны год фэстываль пераязджае з адной краіны ў іншую. Амаль як Эўрабачаньне. І гэтым разам ён неверагодна наблізіўся да Беларусі.

У гэтым годзе Карпаты ласкава падаруць вам цэлы месяц сонца і чыстай вады і паветра. Але самыя галоўныя падзеі на фэсьце адбудуцца ў ноч з 5 на 6 жніўня, калі пад поўняй вакол галоўнага вогнішча будуць таньчыць тысячы «братоў і сясьцёр».

Займацца на вясёлцы можна чым заўгодна: ад знаёмстваў з моладзь з усёй Эўропы да збору мэдыцынскіх траў і заняткаў ёгай.

Адзінае што, арганізатары раяць «пакінуць агрэсію і дрэнны настрой дома, бо што гэта напружвае тых, хто жыве побач». А таксама не прывозіць «электрычныя прыборы і прыстасаваньні — яны не дадуць вам нацешыцца натуральным жыцьцём напоўніцу. А за іх мэханічнымі гукамі вы не пачуеце шум ветра, не дакранецеся да аблокаў, не заўважыце, як расьце трава».

Больш пра вясёлку можна пачытаць у мінулых аглядах эўрапейскіх фэстаў. Rainbowforum.lightflower.org (форум даступны пасьля рэгістрацыі).

Лякальнае шчасьце: «Рок за Бобров» і тры дні адборных фэервэркаў

  • Хто: менская прасунутая публіка
  • Калі: 28 — 30 жніўня + 5 верасьня
  • Дзе: Лагойск, Сілічы
  • Колькі: адзін дзень фэервэркаў ад 45 000, за тры дні — 100 000 бел. рублёў.

Для, тых, хто хоча, але ня можа, альбо можа, але ня хоча выбірацца кудысьці за трыдзевяць зямель, ёсьць ненакладныя варыянты восеньскіх фэстаў пад Менскам.

 

У апошнія выходныя лета менскую публіку чакае нешта новенькае: на працягу трох дзён у комплексе «Лагойск» пройдзе вялікі фэст фэервэркаў «Навальніца», у межах якога выступіць некалькі папулярных беларускіх гуртоў, а таксама вядомых ды-джэяў. Хэдлайнэрам фэсту стане гурт «Ляпіс Трубяцкі», які выцягне з кустоў сьвежазапісаны раяльчык: на фэсьце прэзэнтуюць запісаны нядаўна альбом «Культпросвет», пра існаваньне якога стала вядома толькі на мінулым тыдні. Дарэчы, адразу пасьля гэтага канцэрту Ляпісы адправяцца ў «Культпросвет-тур».

Іншая напасьць на лагойскі землі — фэст «Рок за Бобров», які таксама чарговы раз пераяжджае. Цяпер яго 5-га верасьня прымуць Сілічы. Пра праграму дакладна яшчэ нічога не вядома, але ўжо анансаваны выступ украінцаў «Океан Эльзы» і беларусаў — галоўных оўпэн-эйршчыкаў краіны — J:Морсаў.

Гурманам, якім карціць трапіць на які францускі альбо нарвэскі фэст, прапануем далучыцца ў суполку «Едзем на фэстывалі ў Эўропу». 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0622 seconds.