TOP-10 ідэяў: што яшчэ можна пасьпець гэтым летам

 

Дажджлівы чэрвень мінуў, сонца прыпякае і наперадзе яшчэ два месяцы лета. Новыя адкрыцьці, прыгоды, тусоўкі і асабістыя рэкорды — грэх пратупіцца ўсё лета на працы ці проста ў горадзе. Нават за адныя выходныя можна пасьпець безьліч усяго. Прапануем прабегчыся па публікацыях Generation.bY з расповедамі пра тое, што ўжо пройдзена/паспрабавана/зацэнена: ад скокаў з парашутам ці скарэньня Эльбруса да вандровак па Беларусі і наведваньня буйных фэстаў.

Пайсьці на байдарках

На байдарках па Нёмане

Першы раз на байдарках, ды яшчэ й на Нёман (60 кілямэтраў на байдарках па Нёмане: цішэй вады, ніжэй травы) — уражаньняў столькі, што ў гэтым годзе вандроўнікі тым жа складам рушаць туды ж. Што да вандроўкі на байдарках, то тут галоўнае дастаць саму байдарку: можна прымкнуць да іншых байдарачнікаў альбо ўзяць «транспарт» у арэнду.

Скокнуць з парашутам

 

Гэта той выпадак, калі зьдзейсьненае можа стаць ня толькі самай запамінальнай падзеяй лета, але й жыцьця. Нават калі захопіцеся так, што пачнеце скакаць штомесяц, усё адно першы раз самы ўражваючы. Пра тое, як гэта — першы раз пайсьці на Баравую і скокнуць у неба — у артыкуле «З вышыні чалавечага палёту».

Патусіць на Басовішчы-2009

­ 

Буйнейшы беларускі штогадовы фэст, а сёлета яшчэ й юбілейны — дваццаты. Лепшыя беларускія гурты, намётавы гарадок і кожны другі-трэці глядач — знаёмы. Такой душэўнасьці ня мае ніводзін беларускі фэст. Ня дзіва, што той, хто пабываў там раз, імкнецца езьдзіць на Басовішча штогод. Для тых, хто едзе ўпершыню — артыкул «5 рэчаў, якія трэба ведаць пра Басовішча», а ўсе бягучыя навіны фэсту на bas.generation.by.

Наведацца на «бязьвізавае» мора

­

Калі да Балтыйскага мора не стае запаветнага шэнгену, дык ёсьць жа Чорнае. Спынам, цягнікамі ці машынай — галоўнае, знайсьці чысты пляж і добрую тусоўку. Альбо можна на месяц завіснуць на Казанціпе. А сонца, загар, смачнае піва і танная рыба — гарантаваныя. Досьвед аўтападарожжа ў Крым з пошукам зручных кэмпінгаў на моры — у аглядзе «У Крым на аўто: 3200 кілямэтраў ці ўражаньні з задняга сядзеньня аўтамабіля». А калі на мора ёсьць толькі дзень — дык і Менскае мора падыйдзе. Галоўнае — адпачыць запамінальна.

Пайсьці ў горы

Амбіцыйна, здарова, эктрэмальна! Адзін раз зрабіў — і можна ганарыцца ўсё жыцьцё. Альбо шукаць наступныя горы :) Дзёньнік зь летняй вандроўкі беларусаў на Эльбрус — у сэрыі публікацыяў на Generation.bY. Хіба што перад такім подзьвігам фізычная падрыхтоўка адпаведная патрэбна, таму навічкі могуць ужо гэтым летам запісацца ў які клюб для «скалалазаў». Чым ня ўражаньне лета?

Пабываць у музычнай «краіне» Sziget у Будапэшце

Ну гэта мекка для музычных аматараў, тусоўшчыкаў, вандроўнікаў. У сталіцы Вугоршчыны на высьпе пасярод Дунаю праходзіць найбуйнейшы і найдаўжэйшы фэстываль у Эўропе, які так і завецца «Выспа», ці па-вугорску Sziget (Сігет). Тыдзень музыкі на разнастайнейшых сцэнах ад вядомейшых гуртоў сьвету — як асобная краіна. Можна ўвесь год парыцца на працы ці занятках толькі дзеля гэтых дзён. Уражаньні з фэсту 2006-га году ў артыкуле.

Галопам па Эўропах

 

Не такі страшны шэнген, як яго малююць. Хоць і кошт 60 эўра, і чэргі пад кансулятамі, і бюракратыя — затое атрымаў і едзеш на захад хоць да акіяну. А па дарозе яшчэ й знаёмых з розных краінаў прыдбаць і начоўкі сабе знайсьці. Як? Чытаем «The Hospitality Сlub - Клюб Гасьціннасьці». А танныя авіялініі яшчэ болей набліжаюць да эўрапейскіх прыгодаў. Тут галоўнае ўважлівасьць і хуткасьць прыняцьця рашэньняў, каб своечасова замовіць звыштанны квіток.

Скарыць аўтаспынам Эўропу

 

Можа лепей так напісаць: толькі дамасед яшчэ не спрабаваў аўтаспын. А заўзятары хуткага, таннага і прыгодніцкага падарожжа ўжо скараюць ня толькі Беларусь, а і іншыя кантынэнты. З таго, што зусім побач — Эўропа. Людзі правандравалі 24 дні ў некалькіх краінах Эўропы з 54 эўра ў кішэні. Карысныя занатоўкі пра эўрапейскі аўтаспын і ўласныя адкрыцьці ад сустрэтых людзей, гарадоў, дарог — у аповедзе «Аўтаспынам па Эўропе: 3000 кілямэтраў за 54 эўра­».

Адкрыць для сябе Беларусь

  

Мора, Эўропа, фэсты — гэта супэр. Але насамрэч у Беларусі можна спазнаць столькі нязьведанага, што галоўным адкрыцьцём лета стане тое, што побач. Куды паехаць, што паглядзець у беларускіх гарадах і мястэчках, мапы маршрутаў — усё гэта ў адмысловай аўтарскай сэкцыі Generation.bY «ПраДарожжы», дзе апублікаваныя агляды ўжо з 20-ці мястэчак.

Займець новае хобі

 

Калі ж сытуацыя такая, што ну ніяк нікуды ня вырвацца, то выйсьцяў таксама шмат, галоўнае — фантазія. Пакуль сябры пякуцца на гарачай аўспыннай шашы ці дрыжаць перад першым парашутным скокам, можна знайсьці новы годны занятак для сябе. Распачаць уласны відэа-блог пра тое, як выжыць летам у горадзе, стаць спэцом па гульні ў фрызьбі, пачаць маляваць у легендарным малескіне ці прымаць паштоўкі з усяго сьвету — каб напрыканцы лета можна было з гонарам распавесьці пра ўласныя адкрыцьці і дасягненьні.

Гэта прабежка па спасылках на тое, што ўжо было на старонках Generation.bY. Але любая вандроўка ці новы досьвед у розных людзей новыя па-свойму. Зычым добрага лета, шурпатай шашы, танных авіаквіткоў і хостэлаў, спраўных мясцовых аўтобусаў і зручных ровараў, а таксама добрай кампаніі!

tarka 18:00, 02/07/2009 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1143 seconds.