Фрызьбі ля прызбы: інтэрвію зь беларускімі аматарамі гульні з «талеркай»

 

Амэрыканская гульня фрызьбі толькі пачынае папулярызавацца ў Беларусі. Аднак за 6 год ужо пасьпела абзавесьціся 8 афіцыйнымі камандамі гульні з «талеркай»: 6 у Менску і 2 у Берасьці. Пра тое, у чым сакрэт фрызьбі, распавядаюць адзін з пачынальнікаў гульні ў Беларусі Андрэй Антановіч і капітан менскай каманды «Сьпінін» Вадзім Сьлюсараў.

Што такое фрызьбі і як гульня патрапіла ў Беларусь


Андрэй Антановіч на Алцімутацыі 2008. 

Андрэй, што сабой ўяўляе гульня фрызьбі?

Андрэй: «Гэта гульня з адмысловай «талеркай» – фрызьбі. Напачатку амэрыканскія студэнты проста перакідвалі яе адзін аднаму, але потым папрыдумлялі розныя віды гульні.

Найбольш распаўсюджанай зьяўляецца Ultimate Frisbee. Алцімат – камандная гульня, пры якой поле падзяляецца на зоны, якія ігракам адной каманды трэба абараняць, бо калі на тваёй зоне «вораг» схопіць фрызьбі – яго каманда атрымае ачко. Слова "абараняць", між іншым, не зусім падыходзіць для фрызьбі, бо падчас гульні нельга дакранацца ці, тым больш, піхацца. Трэба толькі ня даць прадстаўніку іншай каманды злавіць фрызьбі на тваёй тэрыторыі і зрабіць гэта можна толькі адным шляхам – схапіць яе самому. Перадаваць фрызьбі, вядома, можна толькі праз паветра. Традыцыйна гульня ідзе да 21 ачка».

А як гульня прыйшла ў Беларусь?

Андрэй: «У Расеі фрызьбі вядома даволі даўно. Сваё разьвіцьцё гульня атрымала праз Швэдзкую фэдэрацыю. У Швэцыі нават ёсьць артыкул у бюджэце па падтрымцы гэтага віду спорту. У 2001 годзе прадстаўнікі Швэцыі прыехалі ў Расею, для разьвіцьця праекта. І, калі да заканчэньня візыту засталося некалькі вольных дзён, яны вырашылі паспрабаваць сваю дзейнасьць у Беларусі. Нейкім чынам знайшлі Юлію Шэдзянкову з Міжнароднага дзяржаўнага экалягічнага ўнівэрсытэта імя А.Сахарава. Юля здолела арганізаваць прэзэнтацыю ў сваім унівэры, але там гэта мала каго зацікавіла. Швэды тым часам пакінулі правілы, дыскі для гульні і паехалі да сябе».

А як ты ўпершыню даведаўся пра фрызьбі? З той прэзэнтацыі?

Андрэй: «Не, пра прэзэнтацыю я ўвогуле нічога ня ведаў. Проста сябраваў з Юляй, дзяўчынай з Сахараўскага. І калі ў яе там нічога не атрымалася, яна прапанавала паспрабаваць пагуляць зь ёю. Пагулялі – і панеслася».

«Мы, шаснаццацігадовыя хлопцы, проста прыходзілі на школьны стадыён і бавілі час»

Вадзім, ты пачаў гуляць пад эгідай Андрэя, так?

Вадзім: «Не. Два гады таму мы з сябрам чыталі часопіс «Хулиган», у якім быў артыкул пра фрызьбі. Там былі зьвесткі, што гэта за гульня і як у яе гуляць. Мы зацікавіліся і паехалі купляць талерку. У краме іх было некалькі відаў, але мы абралі італійскую. Мы лічылі, што гэта самая дасканалая. Як потым высьветлілася, мы здорава памыляліся».


Вадзім Сьлюсараў на турніры «Брест без границ» 2007.

Выходзіць, што гуляць вы з сябрамі вучыліся самі?

Вадзім: «Так, спачатку проста пачалі кідаць талерку адзін аднаму, чыталі дапаможнікі на расейскіх сайтах… але нашы гульні мала паходзілі на сапраўднае фрызьбі. Мы, шаснаццацігадовыя хлопцы, проста прыходзілі на школьны стадыён і бавілі час. Тады да нас пачалі далучацца людзі».

Як жа вы пазнаёміліся з Андрэем?

Вадзім: «Я выпадкова наткнуўся на беларускі сайт па фрызьбі і вельмі зьдзівіўся, што ў нас яшчэ нехта гуляе ў фрызьбі і нават ёсьць сайт. Гэта быў шок! Дарэчы, на сайце была спэцыяльная кнопка «даслаць заяўку, што ты гуляеш». Я, прызнацца, не чакаў хуткага адказу, але ён прыйшоў праз некалькі гадзін з прыкладным зьместам, маўляў, як вас можна знайсьці, каб дапамагчы. Андрэй і напісаў той ліст. Мы не чакалі, што такая падтрымка на нас зваліцца».

Наколькі я ведаю, вы не адразу сустрэліся.

Вадзім: «Так, не было часу. Потым прыйшоў ліст ад Андрэя з запрашэньнем на трэніроўку. Мы прыйшлі ўпяцёх. Але здарылася так, што да гэтага часу мы пасьпелі  зламаць усе свае дыскі, якія былі у той краме. Калі мы прыйшлі, Андрэй зрабіў класную рэч – падараваў нам сапраўдны дыск для фрызьбі. Мы былі ў захапленьні!»

Вы кажаце, сапраўдны дыск, а тыя італійскія дыскі былі несапраўднымі?

Вадзім: «Тыя дыскі былі не такія, у сэнсе, зь імі можна было гуляць на пляжы, але гэта былі проста лятаючыя  дыскі – лётаюць ды лётаюць. А каб гуляць прафэсійна патрэбны быў дыск, які вырабляе толькі адна кампанія. Іх дыскі маюць большую вагу і нават трошкі іншы зьнешні выгляд, не кажучы ўжо пра свае аэрадынамічныя характарыстыкі».

Вадзім, што запомнілася з першай сапраўднай трэніроўкі?

Вадзім: «Мы ўбачылі сапраўдны дыск :))), даведаліся як трэба гуляць. Насамрэч, Андрэй зрабіў ўсё магчымае, каб нас зацікавіць, і ў яго гэта атрымалася. Зараз мы гуляем у адной камандзе».

Ці бываюць у фрызьбі дзяўчаты?

«Сьпінін» – каманда ўнівэрсытэцкая?

Вадзім: «У склад каманды ўваходзяць студэнты з БДУІР і БДУ. Гэта не ўнівэрсытэцкая каманда БДУ. Мы проста трэніруемся зараз ў спартыўнай залі ў галоўным корпусе БДУ, а прыходзіць да нас могуць усе жадаючыя, незалежна ад узросту і полу».

У вашай камандзе 2 дзяўчыны і 10 хлопцаў. Атрымліваецца, што ў фрызьбі дзяўчаты гуляюць разам з хлопцамі?

Вадзім: «У фрызьбі існуе тры дывізіёны: жаночы, дзе гуляюць толькі дзяўчыны; адкрыты, дзе дзяўчыны гуляюць нараўне з хлопцамі і суадносіны дзяўчыны-хлопцы не рэглямэнтуюцца. Напрыклад, у адной камандзе могуць гуляць хлопцы і дзяўчаты, а супернічаць ім – каманда хлопцаў. Аднак, адкрыты дывізіён таксама можна ўмоўна назваць мужчынскім, бо хлопцаў там гуляе значна больш за дзяўчат. І зьмешаны дывізіён, у якім рэглямэнтавана колькасьць дзяўчын і хлопцаў у камандзе. Такі падзел зьвязаны з правіламі гульні, якія дазваляюць гуляць разам і хлопцам, і дзяўчатам, бо гэты від спорту нетактыльны, гэта значыць дакранацца, піхацца ці сілком адбіраць дыск, як мяч у баскетболе, нельга».


Каманда «Сьпінін».

Добра, фрызьбі – нетактыльны від спорту, але ж гэта спорт. А ў спорце рэдка можна абыйсьціся без траўмаў.

Вадзім: «Траўмы ў фрызьбі мінімальныя. Калі ты атрымаў траўмы, гэта фактычна азначае, што ты сам вінаваты.

Фрызьбі – вельмі прыгожая гульня ў тым пляне, што там можна рабіць lay-out’ы.  Lay-out’ы здараюцца, калі ты не пасьпяваеш злавіць дыск, скачаш і ў палёце яго ловіш. Выглядае гэта казачна прыгожа! Але, калі скокнуць неакуратна альбо няўдала, можна прызямліцца з траўмай. Траўмы зьведзены да мінімуму, бо, паўтаруся, спорт бескантактны. Самае вялікае – гэта падгарнуць нагу ці набіць сіняк. Болей за ўсё траўм здараецца на трэніроўках у залі – там, зразумела, і цьвёрдыя паверхні (гэта не гульня на пляжы ці стадыёне), і лаўкі».

Ці ёсьць у фрызьбі падзяленьне на нападаючых ды абараняючых, як у іншых відах спорту?

Андрэй: «Вядома ж, як у любым відзе спорту ёсьць тактыка абароны і нападу. Ёсьць таксама людзі, якія пачынаюць розыгрыш, і якія заканчваюць. Усе на сваіх месцах».

Якія якасьці добра было б мець, каб гуляць у фрызьбі?

Андрэй: «Калі шпарка бегаеце – добра, падскокваеце высока – таксама класна. Вялікі рост – добры бонус. Усё гэта дапаможа, але зусім не значыць, што, калі ты маленькага росту або павольна бегаеш, табе ў гульні ня месца.

Ёсьць ў адной камандзе дзяўчына маленькага росту, ніжэйшая за ўсіх. Але яна так добра цяміць і высокакласна «ашуквае» ігракоў, якія яе блякіруюць, што можа злавіць любы пас. Яна проста ня лезе туды, дзе яе дадзеныя будуць мінусам. Гуляе на сваім месцы і робіць гэта класна».

Ці ёсьць ў беларускім фрызьбі свае вэтэраны?

Вадзім: «Ёсьць адзін хлопец, Андрэй Цапелік, яму 30 гадоў. Ён, як і многія, пачынаў падчас вучобы ва ўнівэры і працягвае зараз. Андрэй бегае і скача так, быццам яму 18 год. Выдае lay-out’ы адзін за адным, сябе не шкадуе».

З-за чаго людзі сыходзяць з футбола і баскетбола і ідуць гуляць у фрызьбі

У фрызьбі ёсьць такая камандная ўзнагарода, як «Дух гульні»…

Вадзім: «(узрушана) Дух гульні» (Spirit of the Game) – гэта тое, што значна адрозьнівае фрызьбі ад іншых відаў спорту ў духоўным пляне. Тое, з-за чаго людзі сыходзяць з футбола і баскетбола і пачынаюць гуляць у фрызьбі. Гэта больш за любоў да спорту… цяжка растлумачыць…»

Андрэй: «Цяжка – няцяжка. Ёсьць такое паняцьце, як «фэйр-плэй» – сумленная гульня, таму ў фрызьбі няма судзьдзяў. У алцімаце (справа ў тым, што фрызьбі – гэта назва талеркі зь якой гуляюць, а алцімат – адна з гульняў, у якую можна граць з фрызьбі, самая распаўсюджаная) гульня будуецца на тым, што каманды паважаюць адна адну і наўмысна не робяць «падставы», або фолы, як яны гэта называюць. Таму, калі здараецца парушэньне, ігракі, якія гэта зрабілі, ведаючы правілы, вырашаюць гэта пытаньне паміж сабой. Вырашылі «палюбоўна» – іграюць далей, не сышліся у меркаваньнях – пас назад і перагулялі.

Усё, што адбываецца на полі, залежыць ад людзей, якія гуляюць».

А хто тады выбірае «Духа гульні»?

Андрэй: «Выбіраюць каманды, супраць якіх ты гуляеш. Пасьля гульні каманда ставіць супернікам адзнаку, прасьцей кажучы, спадабалася супраць яе гуляць, ці ўсё ў гульні было сумленна зь яе боку. Тая з каманд, якая атрымае больш за ўсіх прыемных водгукаў, атрымлівае ганаровае званьне «Дух гульні». І, паверце, гэты тытул нават больш ганаровы, чым у пераможцы турніра».

Хто ў Беларусі атрымаў ганаровае званьне «Дух гульні»?

Вадзім: «На кожным турніры па-рознаму. Нядаўна зборная каманда Беларусі па фрызьбі, куды ўваходзілі і людзі з нашай каманды, удзельнічалі ў міжнародным турніры ў вялікім Ноўгарадзе. Там выступалі 34 каманды з краінаў СНД. У нашым дывізіёне было 24 каманды, мы занялі 14 месца і атрымалі званьне «Дух гульні».

Якія турніры праводзяцца ў Беларусі?

Андрэй: «Можна выдзеліць 4 турніры: 2 зь іх міжнародныя. Адзін зь іх, «Брест без границ», у гэтым годзе адзначае пяцігадовы юбілей. На ім сустракаюцца каманды зь Беларусі, Расеі, Украіны, Літвы і Польшчы. Другі праходзіць у студзені ў Менску – гэта зальны турнір.


Фота з турніру «Брест без границ» 2007.

Ёсьць і агульнабеларускія турніры – яны закрываюць гульнявыя сэзоны. Адзін – у сакавіку – зачыняе зальны сэзон. Другі – у верасьні-кастрычніку – зачыняе вулічны. На гэтых турнірах мы зьбіраем усе беларускія каманды».

Напачатку размовы вы казалі, што да вас можа прыйсьці любы жадаючы. Рэальна далучыцца?

Вадзім: «У аўторак і чацьвер мы зьбіраем усіх жадаючых, хто хоча пагуляць ці навучыцца. У гэтыя дні гэта запраста можна зрабіць. Калі ты пачатковец – гэта ідэальны варыянт. Гульцы каманды з задавальненьнем раскажуць, пакажуць і дапамогуць. Бо гэта так званая адчыненая трэніроўка. Ёсьць у нас і трэніроўкі, дзе мы працуем на вынік. Гэта зачыненыя трэніроўкі.

Калі нехта зацікавіўся фрызьбі – нас можна знайсьці ў Інтэрнэце на сайце frisbee.by. Там ёсьць расклад трэніровак, навіны, сьпісы каманд, дзе можна камэнтаваць гульцоў. Увогуле, Андрэй, як яго адміністратар і праграміст, пастараўся і шмат зрабіў, каб сайт атрымаўся інтэрактыўным і жывым. Прыходзьце ўсе – мы будзем радыя!»

Выкарыстаныя ў матэрыяле фота – з сайту беларускага фрызьбі frisbee.by.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1011 seconds.