Sziget 12-18 жніўня ў Вугоршыне: тыдзень жывой музыкі, 60 сцэнаў, больш за тысячу ўдзельнікаў

Сёлета аматарам опэн-эйраў ёсьць дзе разгуляцца. Толькі ў суседніх нам краінах у летнія месяцы адбудуцца тры музычныя фэсты: Басовішча ў Польшчы, Be2gether у Літве і Be Free ва Ўкраіне. А можа падацца і далей. У Вугоршчыне 12-18 жніўня пройдзе штогадовы музычны фэст Sziget. За тыдзень на 60 пляцоўках выступаюць каля тысячы ўдзельнікаў, што прадстаўляюць розныя стылі: рок, поп, джаз, блюз, этна, хіп-хоп.

Аўтар артыкулу пабываў на гэтым сьвяце жыцьця й распавядае, што такое Sziget, што плянуецца сёлета, і як патрапіць на фэст з удзелам Iron Maiden, R.E.M., Sex Pistols, Jamiroquai, Alanis Morissette, The Killers, The Kooks, Kaiser Chiefs, Apocalyptica і іншых. ­

Шмат для каго лета асацыюецца з фэстывалямі пад адкрытым небам. Піва, сонейка, любімыя а таксама раней не вядомыя гурты на некалькіх пляцоўках, старыя і новыя знаёмыя, і ўсё гэта не адзін дзень. Выдатны спосаб разгрузіцца і атрымаць новыя ўражаньні. Аматарам такога роду адпачынку можна параіць знайсьці на мапе горад Будапэшт, а ў календары адзначыць другую дэкаду жніўня.


Адна са сцэнаў на Sziget 2007. Photo by Gábor Dusa.

Таму што менавіта ў сталіцы Вугоршчыны на высьпе пасярод Дунаю праходзіць найбуйнейшы і найдаўжэйшы фэстываль у Эўропе, які так і завецца «Выспа», ці па-вугорску Sziget (чытаецца «сігэт», забудзьцеся на польскую лацінку). Гісторыя фэстывалю бярэ пачатак у 1993 годзе калі вугорскія аматары музыкі, якія за часоў сацыялізму на арганізацыю музычнага фэсту надзеяў не мелі, вырашылі гэты дэфіцыт ліквідаваць. У першы год удзел прынялі толькі вугорскія музыкі, але ўжо ў 1994 годзе на пляцоўках поруч зь мясцовымі выступалі і вядомыя эўрапейскія гурты, якія прыйшло паслухаць 143 000 чалавек. Спачатку мерапрыемства трымалася на энтузіязьме, і мела  адпаведны назоў Diáksziget («студэнцкая выспа»). Але выдаткі былі вялікія таму ў 1996-2001 гадох фэставаль стаў звацца Pepsi Sziget, і займеў адпаведнага спонсара. Проста Szigetам фэст стаў у 2002 годзе.

Але хопіць гісторыі, зараз пра сучаснасьць. А ў сучаснасьці Sziget гэта тыдзень на працягу якога на 60 пляцоўках выступаюць каля тысячы ўдзельнікаў, што прадстаўляюць розныя стылі: рок, поп, джаз, блюз, этна, хіп-хоп. Палова выступоўцаў — вугорскія, другая палова — з усяго астатняга сьвету. За гэты час выспу Óbudai наведвае больш за 350 000 чалавек. Sziget не абмяжоўваецца толькі музыкай, на высьпе праходзяць выставы, спэктаклі і рознага кшталту пэрформансы. Ня трэба таксама забывацца на тое, што мерапрыемства праходзіць у Будапэшце, таму калі музыка са шматлікіх сцэн вам надакучыць, то ёсьць магчымасьць агледзець сталіцу некалі слаўнага і вялікага Вугорскага каралеўства.

Сёлета фэстываль пачнецца 12 жніўня канцэртам Iron Maiden, наступныя пяць дзён наведвальнікаў чакаюць сярод іншых R.E.M., Sex Pistols, Jamiroquai, Alanis Morissette, The Killers, The Kooks, Kaiser Chiefs і Apocalyptica. Квіток на тыдзень з магчымасьцю начоўкі ў намётавым мястэчку будзе каштаваць 150 эўра, без права заночыць 120 эўра, квіток на адзін канкрэтны дзень абыйдзецца ў 32 эўра. Найбольш зручны шлях да Будапэшту пралягае праз Украіну. Зь Львову ці Кіеву цягнікамі да закарпацкага Чопу, пасьля памежны пераезд з Чопа да вугорскага Zachony, адкуль ужо едзе просты цягнік да Будапэшту.

Казаць, што такое мерапрыемства прыцягвае людзей з усяго сьвету залішне, ужо ў Чопе вы ўвальецеся ў плынь народу зь вялікімі заплечнікамі і намётамі, а на самой высьпе пачуеце ўсе магчымыя эўрапейскія мовы. Піва Arany Aszok  даволі някепскае, а клімат Паноніі абяцае сонца і амаль поўную адсутнасьць ападкаў, а сам Sziget вялікую колькасьць пазытыўных уражаньняў.

­
Людзі на Sziget 2007. Ph­oto by András Éberling­.

­

Выкарыстаныя ў матэрыяле здымкі з афіцыйнага сайту фэстывалю sziget.hu­

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0904 seconds.