«Згубіць пашпарт – было найменшым з маіх клопатаў, згубіць нататнік – была катастрофа»

З пачатку XX стагодзьдзя за простай звонку вокладкай нататнікаў Moleskine хаваецца гісторыя ў асобах, традыцыях, словах, замалёўках, творах. Для многіх гэта ня проста нататнік, а лад жыцьця. Прыхільнікі культавых нататнікаў ствараюць кам’юніці і вядуць блогі.

Аднойчы за гарбатай распавяла мне сяброўка Воля пра сваю ідэю-фікс – жаданьне займець нататнік Moleskine. Яна перачытала ўсё магчымае пра гэтыя нататнікі і што яны сабой ўяўляюць, і, галоўнае, гэты маленькі нататнік памерам 9*14 см, на яе думку, стане для яе ратаваньнем! Ня трэба будзе насіць з сабой адзін нататнік для маляваньня, адзін для занатаваньня сваіх думак і ідэяў, а яшчэ і трэці ці чацьверты для пазначэньня сустрэчаў. Усё, што тычыцца крэатыву зможа зьмясьціць і ахоўваць Moleskine. І зь нядаўняга часу ганаровае месца ў яе сярод неабходных штодзённых рэчаў займае нататнік Moleskine для акварэлі! Сапраўды, «ўсё геніяльнае – проста» : )

Facecontrol

Сучасны выгляд нататнікаў Moleskine падобны да нататнікаў з адпаведнай назвай першай паловы XX ст., якія былі даволі папулярныя сярод парыскай багемы. Адметнасьцю стандартных нататнікаў зьяўляецца іх памер каля 9*14 см, чорная вокладка, гумавая стужка, з дапамогай якой нататнік прыкрываецца, закругленыя канцы старонак, загадкавая кішэнька на апошняй старонцы і на першай старонцы зварот і сума ўзнагароджаньня за вяртаньне для тых, хто знойдзе нататнік, у выпадку, калі яго згубяць!

Самі нататнікі маюць рознае прызначэньне, адпаведна  гэтаму ў іх адрозьніваюцца папера і зьмест. Калекцыя Moleskine налічвае нататнікі для запісаў пад час вандровак на аркушах у клетку ці ў лінейку, маляваньня акварэльлю, гуашшу, чарніламі і фламастарамі, для штодзённых запісаў сустрэчаў, для выкарыстаньня як візытоўніцы, журналісцкіх запісаў і нот. Адной з навінак стаў City Notebooks – амаль уся Эўропа ў такім маленькім фармаце!

МАЛЕСКI'Н, -у, м. Шчыльная баваўняная тканіна для рабочай, спартыўнай вопраткі. || прым. малескінавы, -ая, -ае. М халат

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (2005г) не ўзгадвае выкарыстаньне гэтага матэрыялу для вырабу пераплётаў. А якраз францускае вымаўленьне водаўстойлівага матэрыяла, зь якога рабілі вокладкі самых першых нататнікаў, падарыла гэтаму вынаходніцтву сваю назву.

Самыя першыя нататнікі Moleskine пабачылі сьвет ў Францыі. У 1986 годзе мануфактура па выпуску нататнікаў, папулярнасьць прадукцыі якой мела посьпех ў пэўнай аўдыторыі, спыніла сваю дзейнасьць.

У 1998 годзе італійская кампанія Modo & Modo зарэгістравала таварны знак і зараз зьяўляецца манапалістам па выпуску натанікаў. У Беларусі, на жаль, нататнікі набыць пакуль яшчэ немагчыма. Але знайсьці іх магчыма ў суседніх краінах.

Вядомыя персаналіі і твары прадукцыі Moleskine

Кампаніі Modo & Modo наўрадці варта рабіць шырокую рэкляму сваёй прадукцыі і прывабліваць пакупнікоў. Сама гісторыя паклапацілася пра якасную рэкляму праз вядомых асобаў, як Вінсэнт Ван Гог, Эрнэст Хэмінгуэй, Оскар Уайльд, Пабла Пікасо, якія карысталіся Moleskine. Сваю знакамітасць нататнік набыў дзякуючы вандроўніку і пісьменьніку Брусу Чатвіну. Ён дэталёва апісаў свой нататнік у кніжцы The Songlines, што пабачыла сьвет у1987. Аўтара часта цытуюць словамі:

«Losing my passport was the least of my worries, losing a notebook was a catastrophe.»

Сучаснае пакаленьне мастакоў, актораў, дызайнэраў, архітэктараў, ілюстратараў, пісьменьнікаў з ўсяго сьвету таксама выбіраюць нататнікі Moleskine. А што знаходзіцца за вокладкай іх нататнікаў, можна пабачыць ў відэапрэзэнтацыях.

«Фільмаграфія» легендарных нататнікаў

Нататнікі Moleskine зьяўляюцца ў сюжэтах шэрагу фільмаў. Дробная, але важная і прыкметная дэталь сустракаецца у герояў з фільмаў «Барвовыя рэкі 2 : Анёлы апакаліпсісa», «Д’ябал носіць прада», «Давайце патанчым», «Скарб нацыі». Нават рамантычная Амелі пад час сваіх прыгодаў карыстаецца  Moleskine.


Малескінаманія

Прыхільнікі малескінаў аб'ядноўваюцца ў суполкі і шукаюць адзін аднаго off- і online. Кажуць, што Moleskine – гэта ня проста нататнік, гэта сам па сабе ўжо твор. Трэба ведаць як ім карыстацца, для гэтага напісаны нават парады па выкарыстаньні. «Малескінаманы» вядуць творчыя блогі, выкладаюць свае творы, апісваюць і ствараюць легенды і гісторыі.

Не забыліся малескінаманы і на livejournal. Англа- і рускамоўная суполкі праглядаюцца сотнямі фрэндамі. Трошкі прывату – візійнага і тэкставага, трошкі пытаньняў, трошкі камэнтароў – тыповыя атрыбуты жж.


Ганна Краснова 14:00, 10.05.2007 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0527 seconds.