КаZанціп 2007: калі лета ва ўсім сьвеце, пры тым – без майтак

Кожны на постсавецкай прасторы хаця б раз чуў што-небудзь пра Рэспубліку Z, а іншымі словамі – пра фэстываль Каzанціп. Гэта – вялізная тэрыторыя пляжа з мноствам танцпляцовак, бараў, рэстарацый і кавярняў, з спортпляцоўкамі і маленькімі крамамі. Цэлы месяц дыскатэк, спартыўных мерапрыемстваў, кінапаказаў і забаўляльных акцыяў.

kazantip

Што такое Каzанціп?

  • Расейска-ўкраінскі Амстэрдам
  • Добрая, хранічная залежнасьць! Паліць кінуць лягчэй
  • Пятая паравіна году
  • Дзяржава цеплыні і свабоды
  • Калі лета ва ўсім сьвеце, пры тым – без майтак
  • Месца, дзе ва ўсіх вожыкаў адпадаюць калючкі
  • Яўна нездаровая фігня – знаёмыя, якія адтуль вярнуліся, назаўсёды страчаны для грамадзтва.

Калі дагэтуль ня стала ясна, як гэта - глядзіце тут. Там,  дарэчы, можна стаць  жыхаром Рэспублікі  Z.

Карані сучаснай Рэспублікі Z – у 1992. Тады фэст праводзіўся ў недабудаваным атамным рэактары, але з-за незадаволенасьці ўладаў перасунуўся далей па ўзьбярэжжу, і вось зараз усё гэта сьвята жыцьця адбываецца ў вёсцы Папоўка, што ў 30 км ад Эўпаторыі.

Як і ў любой іншай, у Рэспубліцы Z ёсьць свой урад. Мікіта Маршунок  - ён жа Прэzыдэнт Мікіта І, правёў першае мерапрыемства ў 1998, абвясьціўшы яго «галоўнай падзеяй лета».

Пасьля Каzанціпа 2006 мясцовыя ўлады паставілі пытаньне аб закрыцьці фэстывалю. Але ўсё ж было прынятае мудрае рашэньне не нападаць на Рэспубліку Z, а ўзяць яе пад сваю апеку. Пабудаваць дадатковыя выратавальныя вышкі, наладзіць харчаваньне, пільна сачыць за выкананьнем санітарных нормаў. Нарэшце на Каzанціпе зьявіліся водаправод і каналізацыя. Было некалькі скандалаў, завязаных на наркотыках, але гэтым годам кіраўніцтва міліцыі хоць і не гарантуе стоадсоткавую чысьціню ад белага зла, але покуль наркаманаў на тэрыторыі Рэспублікі Z не выявіла. Больш таго, нават высокія міліцэйскія шышкі адпускаюць сваіх дзяцей у «краіну жоўтых чамаданаў».

Марсіяне даўно ўжо тут!

Кожны год мяняецца тэматыка фэсту. Сёлета гэта засяленьне марсіянскай калёніі.

На ўрачыстым адкрыцьці прысутнічалі чыноўнікі крымскага ўраду. І хаця Z15, як называюць юбілейны фэст, распачаўся на паўзаконных падставах, віцэ-прэм’ер крымскага ўраду Тацяна Умрыхіна ўрачыста разрэзала «стужку»: справіцца з дротам арматуры дапамагла баўгарка.

Таксама прысутнічалі глава Рэскома па гандлю і ахове правоў спажыўцоў і міністр па справах сям’і і моладзі.

Па словах сябры оргкамітэту Мікалая Карпава, тэрыторыя была пераасэнсаваная: падзеленая на тры часткі, была скарочана колькасьць танцпляцовак (да шасьці) і павялічана іх якасьць.

Адпачыць гэтым годам у паўтары разы даражэй. Аднак ужо ў першы дзень адкрыцьця ў Рэспубліку зьехалася 10 тысяч чалавек.

І туды яшчэ можна патрапіць! 15-ы Каzанціп пройдзе з 21 ліпеня па 26 жніўня. Афіцыйнае адкрыцьцё і сьвяткаваньне Дня Народзінаў адбылося 28 ліпеня.

Збольшага народ зьбіраецца рвануць на «летняе сьвята Новы Год» на апошні тыдзень, каб патрапіць на зыкрыцьцё. Як вынікла са шматлікіх абмеркаваньняў Каzанціпа ў Сеціве, маладыя і прыгожыя рвуцца туды ў апошнюю чаргу за музыкай. Сонца, лета, мора, свабода... Самі разумееце:)

На форумах і ў навінах з Каzанціпам зьвязаныя два моманты: мёртвая рыба і высокія кошты.

Некаторыя людзі пакідалі фэст нават не дачакаўшыся галоўнай цырымоніі адкрыцьця, але чэргі за візамі ўсё роўна былі вялікія. Хтосьці стаяў па тры-пяць гадзінаў.

Жыльлё 5-30 даляраў за дзень. Кошт за бутэльку мінэралкі дасягае 5 даляраў, а за гарэлку трэба выкласьці каля 20 зялёных.  Затое прэзэрватывы раздаюць бясплатна.

Віза ў Рэспубліку на месяц ажно 100 даляраў. А аднаразовая – 60 даляраў. Кошты моцна зьдзівілі наведвальнікаў гэтага году – яны значна вышэйшыя за анансаваныя. Таксама дакладна не вядома праграма казанціпскага месяца. На сайце Рэспублікі Z – толькі ўспаміны.

Напрыклад, учора, 31 ліпеня, каzанціпскі Вялікі Народ забаўлялі Dj's Ivan Frost, Dima Duck, Наташа Урман, Patrick Pause, Nastya Uvarova у стылях Electro, Electrohouse/Electroclash, House, Progressive House, Tech House, Tribal.

Таксама інфармацыйныя службы паведамляюць, што ўзьбярэжжа як раз там, дзе весяліцца Каzанціп, на 50-150 мэтраў пакрытае мёртвымі цюлькай і бычкамі. Так што, магчыма, да азначэньняў Каzанціпу гэтым годам дадасца яшчэ адно «краіна мёртвых цюлек».

Фота з сайту www.kazantip.lv 

SlaDa 16:55, 01/08/2007 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0766 seconds.