Апошняя «Рок-каранацыя»: Маладэчна, аркестар і «трохгаловы» Міхалок

Ляпіс Трубяцкой, Рок-каранацыя 2008

Гледачоў «Рок-каранацыя 2008» сустрэла выступам сымфанічнага аркестру, а музыкаў навінамі пра недастатковы гук і магчымасьць прысутнічаць у залі толькі ў часе свайго выступу — увесь канцэрт музыкі пратусаваліся ў агульнай грымёрцы, бо ў залю з бэджам «удзельнік» не пускалі. А паколькі ў праграме сёлетняй Рок-каранацыі было 12 гуртоў, то імпрэза ад пачатку падзялілася на «аркестравую ў залі» і «рокавую ў грымёрцы».

Рок-каранацыя 2008
Сымфанічны аркестар маладэчанскай музычнай вучэльні імя Агінскага

Пад вітальны выступ аркестру заля прыціхла: адныя ўражана слухалі, іншыя думалі пра вечнае, а нехта сьмелы патрабаваў з залі: «Рокераў на сцэну!»

Рок-каранацыя 2008
Рок-каралі 2007 году Neuro Dubel

Адчынілі рокавую праграму вечару рок-каралі папярэдняга году — Neuro Dubel. Аляксандар Кульлінковіч адзначыў: «Цяжкая праца рабіць выгляд, што ня ўмеем граць:)», і музыкі зайгралі «Гузік» і новую «Я не склонен к полноте».

Рок-каранацыя 2008
Вядучыя - Аляксандар Памідораў і Іна Кашырына

Вялі вечар Аляксандар Памідораў і Іна Кашырына — жонка аднаго зь сёлетніх арганізатараў Паўла Кашырына. Усе гурты выконвалі па дзьве песьні. Канцэрт з усіх бакоў здымалі на тэлекамэры. А вось фотажурналістам было складаней — здымаць у залі можна было толькі з глядацкіх месцаў, каб не перашкаджаць відэаздымкам. Гук таксама ўражваў не да лепшага — музыкі тлумачылі, што ў іх быў выбар — альбо добры гук у залі падчас выступу, альбо добры гук потым у запісе. Мабыць, усе працавалі на пэрспэктыву.

Рок-каранацыя 2008
Esprit — адкрыцьцё 2008 году

Першая рок-карона ў праграме дасталася «Адкрыцьцю году» — гурту Esprit. Пераможца ў гэтай намінацыі быў вядомы раней, але чамусьці на сцэне ўсё адно назоў зачытвалі з капэрты. Здаецца і аркестар быў, і джаз-бэнд паміж выступамі граў, і кароны прыгожыя дзяўчаты насілі, але ўрачыстай нечаканасьці ў вызначэньні пераможцаў ня было.

Рок-каранацыя 2008
IQ48 выступаюць без саксафаніста, але зь яшчэ адной гітарай

Працягвае канцэрт гурт IQ48. Усе гурты, якія выступалі на «Рок-каранацыі 2008», зьехалі з узнагародамі. Так, IQ48 атрымалі адмысловы прыз ад Generation.bY «за „Вар’ятаў“ і „Герояў“ і за веру ў зямную цывілізацыю» у выглядзе дыплёму на распрацоўку анімацыйнага кліпу.

Рок-каранацыя 2008

Рок-каранацыя 2008

«Троіца», якая за год пасьпела выпусьціць два пасьпяховых альбомы «Сон-трава» і «Жар-Жар», павезла дадому карону ў намінацыі «Традыцыі і сучаснасьць».

Рок-каранацыя 2008
Ганна Хітрык — Рок-князёўна 2008

Ганна Хітрык з «ДзеціДзяцей» стала новай «Рок-князёўнай». Гурт працягваў сьвяткаваць перамогу пасьля выступу, пазаваць з дыплёмам і піць піва з кароны.

Рок-каранацыя 2008
Гурт "Авангардшкола" з Магілёву

Напэўна, каб адлюстраваць глябальнасьць імпрэзы і прадстаўнічасьць музыкі з розных гарадоў, у праграме былі таксама выступы гуртоў «Авангардшкола» з Магілёву, «Садъ» зь Берасьця і «Князь Чарадзей» з Полацку. Гурты адзначылі адмысловымі прызамі. «Авангардшкола» атрымала ад «Нашай нівы» чатыры гліняныя куфлі і «Беларускія выданьні. Эўрапейскае радыё ўручыла гурту «Садь» кветку ў гаршчку, а «Князю Чарадзею» прадстаўнік Global CD прэзэнтаваў дыплём.

Рок-каранацыя 2008
Полацкі гурт «Князь Чарадзей»

Што да музыкі, то полацкі «Князь Чарадзей» толькі зьбянтэжыў гледачоў — музыкі ў псэўдастаражытных строях розных эпохаў сьпявалі «Я гусляр, я бульбаш…» і далей у такім жа стылі з музыкай з 80-х. Апошнія шэрагі ў залі дапаўнялі выступ сьвістам і прапановамі запрашаць на сцэну наступны гурт.

Рок-каранацыя 2008
Андрэй Іваноў з гурта «Zartipo»

Арганізатары ж «Рок-каранацыі» апроч каронаў падрыхтавалі асобны дыплём «За ўнёсак у разьвіцьцё беларускага рок-н-ролу» — яго атрымаў Андрэй Іваноў з гурта «Zartipo».

Рок-каранацыя 2008
Першыя рок-каралі — гурт «Крама»

Першыя рок-каралі — уладальнікі галоўнай рок-кароны 1994 году — гурт «Крама» адзначылі, што ідэя правядзеньня Рок-каранацыі ў Маладэчна спадабалася: «Хацелі зайграць з аркестрам, як было заяўлена, ды нам сказалі, што ня будзе гэтага». Аркестар быў, але рок-музыкі выступалі безь ягонай падтрымкі.

Рок-каранацыя 2008
Выканаўца году - Віталь Артыст

«Выканаўца году» — Віталь Артыст абышоў у намінацыі Лявона Вольскага, Сяргея Міхалка, Івана Кірчука і Зьміцера Вайцюшкевіча ды адзначыў пры атрыманьні ўзнагароды:

«Вялікі гонар быць у намінацыі побач з такімі людзьмі, таму калі б яны захацелі мяне залавіць у цёмным завулку пасьля перамогі — ня меў бы ніякіх крыўдаў!» — І дадаў, — «Вялікі цяжар цэлы год насіць такі тытул, таму буду адседжвацца за сьпінамі сяброў зь «Безь Білета».

Карона за «Кліп году» таксама ў «Безь Білета» за кліп рэжысэра Максіма Сірага «Мечтателі».

«Я ў шоку двойчы! Абяцаю, мы з гуртом яго (кліп) перагледзім — і Максім Сіры атрымае сваё! Але даронаму каню ў зубы не глядзяць, таму забіраем з радасьцю!» — працягвае жартаваць Віталь Артыст.

«Безьбілетнікам» удалося разварушыць залю, навучыўшы падпяваць прысьпеў песьні «Афрыка». Праз добры настрой і падпеўкі гледачоў няякасны гук адыйшоў да другі плян.

Рок-каранацыя 2008
Узнагароды "Ляпісу Трубяцкому" ледзь зьмясьціліся на сцэну

Яшчэ да «Рок-каранацыі» у музычнай тусоўцы рабілі стаўкі, ці даедзе ў Маладэчна яўны фаварыт гэтага году «Ляпіс Трубяцкой». Калі ж стала вядома, што ў праграме «ляпісы» будуць, то пытаньне было толькі ў тым, колькі каронаў зьвязуць. Пагаворвалі, што за прыезд «Ляпісаў» ім былі гатовыя аддаць усе кароны. Узялі тры з васьмі: «Гурт году», «Альбом году» (Маніфэст) і «Песьня году» (Зорачкі).

Рок-каранацыя 2008

«Beautiful and magic! — такія эмоцыі перапаўняюць нашы старэчыя сэрцы!» — традыцыйна патасна і іранічна прамовіў Міхалок, атрымаўшы ўсе тры кароны ў рукі.

«Ляпісы» выканалі восем песень, гледачы паўскоквалі зь месцаў і падпявалі, прадусар Яўген Калмыкоў таксама трапіў у залю — прытуліўся на прыступках ля ўваходу, аркестар прытанцоўваў на сцэне ў такт музыкі, а некаторыя аркестранты пасьпявалі здымаць «Ляпісаў» на мабілкі і здымачы. «Рок-каранацыя 2008» завершылася. Без скандалаў і інтрыгаў. Хіба засталася інтрыга ў заяве арганізатараў, што гэтая рок-каранацыя — апошняя.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0624 seconds.