«Рок-каранацыя 2008» — сьвята непаслухмянасьці з-за кулісаў

Для 800 гледачоў «Рок-каранацыя 2008» прайшла ў залі маладзечанскага ГДК, а для больш чым 100 запрошаных музыкаў — у агульнай грымёрцы. Штогадовая цырымонія ўзнагароджаньня лепшых музыкаў Беларусі ў закулільсі вачыма музыкі, «марсіянскага агента» Buzzika:

«Нашая зямная „Рок-каранацыя“ праходзіла тут, у грымёрцы, з кавай, зь песьнямі, калегамі і сябрамі, без крэслаў».

З сымфанічным аркестрам у Маладэчна

Галяктычная рада пастанавіла мне «зашыфравацца» і пад выглядам непасрэднага ўдзельніка фэерыі наведаць гэтае мерапрыемства. Гонар досыць вялікі, бо акрамя самога паняцьця «галоўная музычная прэмія на Беларусі», «каранацыя» вабіла яшчэ проста неверагоднай колькасьцю сюрпрызаў, нечаканасьцей і заманух.

Рок-каранацыя 2008
Маладзечанскі гарадзкі дом культуры перад пачаткам "Рок-каранацыі 2008"

Па-першае, зямляне-беларусы перанесьлі традыцыйнае месца правядзеньня цырымоніі зь Менску ў Маладзечна, што як мінімум зьдзівіла практычна ўсю музычную частку насельніцтва Беларусі. Калі ж яшчэ зазначыць, што беларусаў увогуле зьдзівіць практычна немагчыма, то гэты факт набывае амаль агульнакасьмічнае значэньне.

Па-другое, арганізатары цырымоніі пайшлі на сьмелы экспэрымэнт і запрасілі паўдзельнічаць у «Рок-каранацыі» мясцовы сымфанічны аркестар. Нагодай для гэтага, што падкрэсьлівалася, быў той факт, што гэта аркестар музыкальнае вучэльні, дзе калісьці навучаўся Юры Антонаў. Плянавалася, што аркестар выканае некалькі кампазыцый сумесна з удзельнікамі канцэрту. Але ці нехта своечасова так і ня змог перавесьці песьні з гукаў у аркестравыя партытуры, ці «клясычныя» музыкі паглядзелі ў гэтыя «табулятуры» і падумалі, што ў такіх дзiўных танальнасьцях яны ня граюць. Але факт: нечага падобнага да сумеснага канцэрта Metallica з сымфанічным аркестрам не адбылося.

Грымёрка, вуліца, прыбіральня, кулісы

З залі паглядзець-паслухаць ні я, ні падобныя ўдзельнікі мерапрыемства не маглі, бо менавіта слова «удзельнік» на бэджыку супраць усіх законаў лёгікі забараняла перамяшчацца па прасторах ГДК. Маршрут перамяшчэньня па плянэце быў строга і па-беларуску вызначаны, ён быў непарушным: грымёрка, вуліца, прыбіральня, кулісы, за якія ты мог трапіць толькі непасрэдна перад сваім выхадам на сцэну.

Каб забіць час, можна было б канкрэтна завіснуць на бары, тым больш што «рэстаранныя» кошты ў Маладзечна невялікія. Але піць нам нельга, мы, касьмічныя агенты, павінны быць у ясным розуме перад вамі, зямлянамі, бо паверце, што нічога больш страшнага за п’янага іншаплянэцяніна ва ўсім Сусьвеце проста няма!

Ратаваліся мы сталай зьменай абстаноўкі, размовамі з калегамі і рознымі інтэрвію, бо тэлевізыёншчыкаў і радыйшчыкаў было шмат, ва ўсякім разе на вуліцы ля службовага ўваходу яны ўвесь час цягалі да сябе абсалютна разнастайную публіку, каб тая, радуючыся вясёламу вясноваму сонейку, какетліва закатвала вочы і прыгожа адказвала на пытаньні. Што было з «журналістыкай» у залі, я таксама магу толькі падазраваць. Па чутках, журналістам там было забаронена здымаць са зручных ім месцаў, бо ўсе правы на здымкі былі кімсьці ўжо выкупленыя.

Манаполія, як вы, зямляне, кажаце. Як непасрэднаму ўдзельніку мерапрыемства, мне здаецца, што «прыгнёт» журналістаў і спэцыфічныя ды аднабокія адносіны да музыкаў (мала хто з выканаўцаў чуў сябе на сцэне) маюць нейкія агульныя карані.

Агульная грымёрка для музыкаў была ну проста вялізная, ад пастаяннага перасоўваньня па вышэй азначаных маршрутах ногі проста ўжо падкошваліся, а крэслаў усім не хапала. Калі нехта ўздымаўся, то яго месца адразу займалася альбо крэсла вырывалася імгненна з-пад дупы і ты мог весела чабуракнуцца на падлогу. Так і забаўляліся, пілі каву, гарбату.

Рок-каранацыя 2008
"ДзеціДзяцей" сьвяткуюць тытул Ганны Хітрык "Рок-князёўна"

Недзе праз паўгадзіны са «швэдзкага» стала зьніклі апошнія лыжкі. Дзякуй Богу, ваш пакорлівы служка схаваў да гэтага пару штук, але пасьля чарговага адыходу «папаліць» і тыя лыжкі «зрабілі ногі» разам з кавай. Прыходзілася насыпаць яе адразу са слоіку, дадаваць такім жа чынам цукар і чакаць, пакуль ён там сам растварыцца. Нехта заўважыў барабанныя палачкі і прапанаваў перамешваць цукар імі, але чамусьці да гэтага не дайшло. Можа, таму, што зьявіўся гаспадар гэтых палачак, схапіў іх і з падскокам пабег на сцэну, бо пачынаўся канцэрт.

Увесь вечар пэрыядычна ў грымёрку зазіраў нейкі хлопец і прыводзіў з сабой, бы глядыятараў, новых і новых музыкаў. Калі музыкі адыгрывалі і вярталіся, іх атачаў вясёлы натоўп калегаў і запытваў, ці атрымалі яны штосьці, і, калі атрымалі, то што гэта за ўзнагарода. Іншых магчымасьцей даведацца пра посьпехі сабе падобных у гэты вечар не было. Нехта нешта атрымліваў, нехта не, але ўсё роўна зямляне-музыкі сьмяяліся, гучна гралі на гітарах і сьпявалі, нехта «без фанатызму» і «па лайту» міла бязладнічаў. Нармальнае такое «сьвята непаслухмянасьці».

Рок-каранацыя 2008
Калегі па музычным цэху сустракаюць дзьве кароны "Безь Білета" віншаванкамі і жартамі

Так, ня ўсё было бясхмарна, і час ад часу ў грымёрку зазіралі прадстаўнікі закону, але калі яны падыходзілі непасрэдна да музыкаў і глядзелі ў іх сьветлыя, поўныя любові да жыцьця вочы, па-добраму забываліся на свае службовыя абавязкі і нават падпявалі мілагучным зямным песьням!

Сьвята непаслухмянасьці пад «Ляпісаў»

Нашая зямная «Рок-каранацыя» праходзіла тут, у грымёрцы, з кавай, зь песьнямі, калегамі і сябрамі, без крэслаў. Напрыканцы мы абсалютна прадказальна пабеглі глядзець на абсалютна прадказальных (і заслужана) пераможцаў гурт «Ляпис Трубецкой». Абсалютна прадказальна нас ня вельмі пускалі, але пабачыць сьпіны музыкаў і твары глядачоў у нас усё-ткі атрымалася. Мы перахітрылі зямную ахову, мы сарвалі аковы! :) Міхалок скакаў вышэй мікрафоннай стойкі, Булатнікаў томна закатваў вочы і дабіваў дзяўчатак барытонам, Старажук граў, як вясёлы робат Бэндэр, Владыка ўсё больш нагадвае задуменнага Мулявіна, ад духавых перахоплівала дух. Публіка паўставала зь месцаў і шчасьліва таньчыла.

Рок-каранацыя 2008
"Ляпіс Трубяцкой" аджыгае на фоне аркестру

Нейкая анархічная вольніца! Я ж зьбег ад аховы туды, дзе яна ніяк не здолела б мяне знайсьці. Я сеў на крэсла аднаго з аркестрантаў наўпрост на сцэне і адразу ж перадаў сваім на Радзіму, на Марс, што «сьвята непаслухмянасьці» нарэшце прабралася і ў перапоўненую залю! Кола замкнулася. «Рок-каранацыя» скончылася.

ПРА АЎТАРА

Buzzika 

 

Нарадзіўся на Дэймасе 200 000 год таму, але ў раньнім дзяцінстве з бацькамі пераехаў на Марс, дзе і вырас. Пасьля школы па разьмеркаваньні трапіў на Тытан, адкуль і быў з дапамогай аптычна-люстэркавай сыстэмы (АЛС) зь сям’ёй і калегамі адпраўлены на Зямлю. У Беларусь патрапіў таму, што яшчэ з савецкіх часоў гэтая краіна спэцыялізуецца на оптыцы ў вытворчасьці дэталяў касьмічных караблёў. Праз АЛС сюды накіраваць было прасьцей.

Імя buzzika не сапраўднае, сапраўднае немагчыма паўтарыць не на адной зямной мове з-за асаблівасьцей марсіянскага маўленчага апарату, але buzzika — найбольш блізкае па гучаньню да сапраўднага імя. Тое ж самае і са зьнешнасьцю. Зьнешне buzzika выглядае як чалавек, але гэта зроблена для зручнасьці камунікацый тут, на Зямлі. Насамрэч buzzika нагадвае зямнога ката. Сапраўдная місія buzzika на Зямлі засакрэчана.

Яшчэ пра «Рок-каранацыю 2008» на Generation.bY:

Buzzika 17:00, 16/03/2009 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 1.8706 seconds.