«Мора, сонца і пальмы, і гарачы пясок, і цытрынавы сок...»: Цунамі пазытыву ад Крамбамбулі

 

21 траўня ў канцэртнай залі «Менск» Крамбамбуля пабурыла ўсе геаграфічныя і сынаптычныя стэрэатыпы. Гавайскі пляж, лета, сонца, пальмы, кактэлі і вечнае сьвята — музыка і пазытыў ап’яняюць: «накрыла» ўсіх.

«Хвалі пазытыву» — гэта канцэрт, шоў, тэатар, імправізацыя, выбух адрэналіну як у музыкаў, так і ў залі. Атрымліваць асалоду, таньчыць, вадзіць карагоды гледачам не заміналі і крэслы. А вялікая сцэна канцэртнай залі «Менск» дала волю разгуляцца музыкам.

Даўна ўжо Крамбамбуля не скарала канцэртную залю. Аншлягавы клюбны канцэрт да Дня Сьвятога Валянціна ўмацаваў гурт на пазыцыі самага вясёлага і пазытыўнага праекту ў Беларусі. А круіз па Беларусі, бачна, не стаміў музыкаў, а толькі натхніў. На крэатыў і імправізацыю — дык дакладна.

 

Афіцыйная і сур’ёзная сцэна ператварылася ў сапраўдны пляж зь вясёлым бесклапотным жыцьцём і сваімі прыгодамі. Вядоўца-бармэн Віктар Шалкевіч шчагаляў па ёй з экзатычнай фрызурай, у сонечных акулярах, шортах, і раіў гледачам праз гукаўзмацняльнік «не заплываць за буйкі».

 

У нечаканым вобразе зьявілася Сьвятлана Зелянкоўская. Жанчына-інкогніта, багіня ці «Місíя-нівідзімка пазытыву».Рассакрэчваньне галоўнай місіі-нівідзімкі ў другой частцы канцэрту было сапраўдным цьвіком праграмы, а калі не цьвіком, то прыемнай шокавай тэрапіяй. «Я вырашыла крыху адчыніцца вам, мае дарагія беларусы — самыя пазытыўныя прадстаўнікі космасу»! Ня ведаю, як у гэты момант ня дрогнула рука фатографа — ўсе замерлі ў чаканьні працягу. Распрананьне Раскрыцьцё картаў — у фотаблогу.

 

Хвалі пазытыву — хвалі сюрпрызаў. На «курортны» канцэрт завітаў Алег Хаменка! Лявон, Маша Яр і Алег засьпявалі разам «Папараць-кветку». А «Марскі чалавек» у выкананьні Аляксандра Кульлінковіча ў фірмовай цяльняшцы не пакінуў ні кропелькі сумневу ў тым, што гісторыя героя песьні разгортваецца ў нас на вачох. А Воля Самусік клялася: «Болей ніколі я ня буду піць безалькагольнае піва...» Як ніхто яе разумее Кульлінковіч (дарэчы, першы выканаўца гэтай песьні), які падтрымаў дзяўчыну напрыканцы выступа.

 

«Куды ты, Аня, ён цябе не кахае! У яго трэцяя жонка, пяцёра дзяцей. Адумайся! Лепш вяртайся да мяне ў бар пасудамыйкай!» — спыняў «бармэн» Шалкевіч Аню Хітрык, якая бегла да Лявона на «Тэкілу». Сапраўдны экспрэсіўны сюжэт зь любоўнымі разборкамі разгарнуўся на сцэне. Лявон не ўстаяў у літаральным сэнсе.

 

І рамантычны «Абсэнт», эмацыйныя «Грапа, к'янці і марціні» з опэрнай сьпявачкай Нінай Цішко было ўсё. А прэм’еру ў Менску новай песьні Крамбамбулі «Хіцяра» гледачы сустрэлі танцамі і карагодамі па ўсёй залі. «Гэта песьня нашая — лепшае нямашака! Гэта песьня сьвежая — калі ласка, зьеш яе!» — падпявай хоць зараз. Традыцыйна на «ўра» пайшла фірмовая фішка Крамбамбулі — танцы на сцэне. «Чым далей ад тэксту і бліжэй да рухаў, тым атрымліваецца лепей: і публіка добра ўспрымае — і ўлады!» — кажа Лявон Вольскі і дадае пасьля шквалу авацыяў. — «У любой краіне! :)» 

 

А ў бары Шалкевіча на ўскрайку сцэны ўсю насычаную праграму людна — на такую паці і гадавых запасаў напояў ня хопіць. «І шклянак няма — ўсё патырылі!» — скардзіўся Шалкевіч і кідаў у залю бананы. Песьні-танцы і агульны настрой ішлі па імклівай нарастаючай. Бармэн ужо таньчыць з Аняй Хітрык. Воля Самусік і Кульлінковіч ганяюцца па сцэне за трубачамі.

Суцэльнае сьвята пазытыву. Тры разы на біс. «Цяпер мора па калена!» — думалася на выхадзе з канцэрту ў дажджлівы Менск. Па энэргетыцы гэта былі ня хвалі пазытыву ў ціхай гавані, а сапраўднае цунамі.

Болей фотаздымкаў глядзіце ў фотаблогах: 37 імгненьняў з канцэрта Крамбамбулі і Крамбумбуля Inside.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.058 seconds.