«Народны альбом» адсьвяткаваў юбілей

Простыя словы, простыя рэчы, а «Народны альбом» ужо адсьвяткаваў 10 год. Юбілей, сьвята, але пасьля такога канцэрту хочацца сказаць адно: усё толькі пачынаецца! На імпрэзе было столькі выбітных людзей, што бліскавіцы фотакамэраў не заціхалі ні ў фае, ні ў залі, ні ў грымёрцы. А калі б музыкі давалі аўтографы адной асадкай — яна б дакладна «сьпісалася». ­

 

У гэты вечар на вышыні былі ўсе. Памідораў раздаваў «рэспэкты фо бразэрс». Зьміцер Вайцюшкевіч рэклямаў сябе, свае канцэрты і праграмы, а на адну зь песень зьявіўся на сцэне ў агромністай нізцы белых балёнікаў. Адмыслова на канцэрт з Бэрліну прыехала Вераніка Круглова. Кася Камоцкая сьпявала, танчыла, ўражвала. Яна была на сцэне, што ўжо само па сабе сьвята. Лявон Вольскі, супэрскі выгляд якога яшчэ абмяркоўваюць пасьля канцэртаў Крамбамбулі, мяняў вобразы ў кожнай песьні.

Аўтар праекту Міхал Анемпадыстаў, які традыцыйна­ вядзе канцэрт, прызнаўся, што за 10 год існаваньня праекту ўдзельнікі так навучыліся трымацца на сцэне, што спраўляюцца з прадстаўленьнем песень лепей за яго. А ў пацьверджаньне гэтага цытаваў Generation.by, дзе ўзгадваецца, як Піт Паўлаў «практыкаваўся ў красамоўстве» на прэс-канфэрэнцыі.

Шум у залі — музыкі на сцэну. Шоў пачалося. На «Ать-два левой!» Міхал Анемпадыстаў пахваліўся, што «Народны альбом» вынайшаў новы музычны інструмант. «Прынамсі, хочацца верыць, што мы першыя!» — зазначыў Міхал і распавёў гісторыю, як у Познані перад канцэртам апынулася, што дыск з запісаным гукам маршу салдатаў паставіць нельга і давялося абыходзіцца падручнымі сродкамі. А Памідораў аўтарытэтна заявіў, што гэта ён прыдумаў ідэю з пакетамі. І на ўчорашні канцэрт прыйшоў з адмыслова падабраным пакуначкам з надпісам «Сеньор Помидор» :).

Што ні песьня, дык гіт. Але Казік Плесэцкі быў цьвіком вечару. Хаця не, кожная песьня ўжо цьвік, гіт, легенда. І кожную песьню музыкі наперабой прадстаўлялі, распавядалі гісторыі з папярэдніх выступаў, жартавалі адзін з аднаго. Перад выхадам Казіка, які ў праекце мае вобраз музычнай зоркі, заля проста буяніла ад аплядысмэнтаў. А Казіку ўсё падавалася, што ня гучна і на сцэну ён не сьпяшаўся. Але заля так выбухнула, што ніякая зорка не магла б стрымацца:). Нехта выгукнуў: «Вольскі!». На што адказ Лявона быў: «Kto to jest Wolski?»

За 10 год у праекта зьявілася столькі сяброў, што ледзь не кожны трэці на канцэрце — вядомы чалавек. Ігар Варашкевіч напачатку слухаў і танчыў разам з прыхільнікамі на танц-поле. Але праз пару песень «Народны альбом» папоўніўся яшчэ адным удзельнікам — Ігар сьпяваў на сцэне! А напрыканцы канцэрту за мікрафонам зьявіўся і журналіст Севярын Квяткоўскі, які прадэманстраваў свае здольнасьці ў сьпевах.

Некалькі разоў прыхільнікі патрабавалі ў музыкаў выканаць песьні на біс. Бо кожная з песень ужо як своесаблівы музычны сымбаль апошніх 10 год. А напрыканцы «Простыя словы» гучалі некалькі разоў.

Што тут расьпісваць? Усё ўжо расьпісана, распаведзена, аўтографы раздадзеныя. Цяпер глядзім фоткі. Хоць абраць з гігабайту фотаздымкаў 48 штук было нялёгка — музыкі мянялі вобразы ў кожнай песьні. Ніякіх антрактаў — усё на адным дыханьні.

­­­­ ­­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0584 seconds.