Пра «Цунамі ў нашым балоце»

Хаця да Басоў яшчэ доўга, ­Рок-каранацыя толькі на даляглядзе, ня чутно пра выбары ды рэфэрэндумы - байнэт проста разрываецца на тэму музыкі і палітыкі:) Да прэсавай канфэрэнцыі па выніках сустрэчы рок-музыкаў з галоўным ідэолягам краіны, прычым на тэрыторыі Адміністрацыі прэзыдэнта, разрываліся і мабільныя ды хатнія Аляксандра Кульлінковіча, Лявона Вольскага, Алега Хаменкі, Ігара Варашкевіча, Піта Паўлава, а таксама тэлефоны іх родных, сяброў і блізкіх таварышаў.

Добра ўсё, што мае добры канец. Па-першае, мы даведаліся, што беларускі інтэрнэт стаў даволі актыўным, а электронныя сродкі масавай інфармацыі — сапраўды масавымi.

Па другое, стала ясным, што ня ўсе прыхільнікі беларускага року проста пампуюць любімыя кампазыцыі ў фармаце мр3 — ёсьць і тыя, хто набывае плыты. Гэта стала вядомым з таго, што некаторыя зь іх публічна абвясьцілі аб адпраўцы дыскаў у сьметніцы.

Але найбольш істотным бачыцца высокі ўзровень крэатыўнасьці нашых музыкаў. Яны не напіліся з гора, не зачыніліся ў сваіх пакоях і ня зьніклі з сутарэньняў беларускай альтэрнатывы.

Яны зьядналіся. У іх цяпер ёсьць тэма для размоваў. Як пяшчотна і па-хатняму вітаюць адзін аднаго: «Прывітаньне, здраднік! Як справы, прэдацель?». Так жа сама зьвяртаюцца і да «жонак прэдацелей, дзяцей здраднікаў і суседзяў ворагаў народу».

 

Камунікуюць з тае нагоды музыкі ня толькі ў рэале (добра, нагода сустрэцца была), але і ў Сеціве. Да ліку жж-карыстальнікаў далучыўся Ігар Варашкевіч! У сваім дзёньніку ён ня толькі дзеліцца ўражаньнямі ад такой рэакцыі грамадзтва на візыт да чыноўніка, але і выкладвае свае ўласныя малюнкі.

 

Можам і самі крыху пакрэатывіць і ўявіць вокладкі наступных альбомаў «N.R.M.», «Neuro Dubel» «Крамы» і «Палаца»… Дарэчы, у Сашы Кульлінковіча яўна дар прадбачаньня — назваў жа свой новы альбом «Stasi». Дый выдаў у час. Колькі людзей замест простага пампаваньня і капіяваньня шукаюць, дзе набыць альбом у знак салідарнасьці з музыкамі.

Дарэчы, у краінах разьвітога шоў-бізнэса за такі PR выкладваюць мільёны даляраў. ­

­Хоць прэсавая канфэрэнцыя і адбылася тры дні таму, вынікі яе можна знайсьці ў самых розных крыніцах, многія так іх і не зразумелі. Напрыклад, можна сустрэць камэнтары кшталту «малайцы, салідарныя з вамі, але ўсё ж ня варта было дамаўляцца на канцэрт «За Беларусь»/ адмаўляцца граць «За свабоду». Інфармацыі на гэтую тэму так шмат, што разабрацца, дзе праўда, дзе здагадкі, а дзе проста рэакцыя на здагадкі, цяжка.

Таму выкладаем у некалькіх словах, што ж насамрэч адбылося. 

Кропкі над «і»

Музыкаў запрасілі на сустрэчу з Праляскоўскім 21 лістапада. Нават без падрабязнасьцяў і поўнай карціны таго, што адбывалася за «зачыненымі дзьвярыма», на музыкаў пасыпаліся шматлікія, часам рэзкія і абражлівыя, абвінавачваньні ў «здрадзе».

 

23 лістапада ўсе пяць стомленых ад бясконцых тэлефанаваньняў музыкаў сустрэліся з журналістамі. У дадатак да герояў падзей прыйшлі два прадстаўнікі арганізатарска-прадусарскай брыгады — Валодзя Шаблінскі і Паша Кашырын.

Пачалося ўсё ў фармаце «Так, Вольскі, Паўлаў, Хаменка, Варашкевіч, Кульлінковіч — марш да дырэктара. Саша — зь дзёньнікам.»

Скончылася на ноце «Як здорава, што ўсе мы тут сягодня сабралісь».

 

У цёплай атмасфэры Лявон атрымаў магчымасьць кінуць колькі трапных жартаў, Піт — папрактыкавацца ў красамоўстве, Алег — паклапаціцца пра маладую генэрацыю і харэаграфію, а вось Ігар зазначыў, што хутка яму 50. Аляксандру ня сорамна глядзець людзям у вочы. Тым больш, ён проста сапраўдным героем цяпер выглядае — на сустрэчу з Праляскоўскім спазьніўся.

Па словах музыкаў, на самой сустрэчы ў адміністрацыі быў Праляскоўскі, а таксама Ўсевалад Янчэўскі, колішні старшыня колішняга БПСМ. Стаўленьне музыкаў да словаў чыноўнікаў было скептычнае. Да таго ж варта памятаць, што не музыкі туды пайшлі прасіцца, а іх запрасілі паспрабаваць наладзіць дыялёг. На прэс-канфэрэнцыі музыкі адзін за адным распавядалі, што ім казаў Праляскоўскі і як яны рэагавалі.

 

Паша Кашырын распавёў пра бліжэйшыя канцэрты, а Валодзя Шаблінскі — пра функцыяваньне шоў-бізнэса ў цывілізаваным сьвеце з упэўненасьцю, што і мы да таго дойдзем.

Па выніках прэсавай канфэрэнцыі, галоўным дасягненьнем «крыжовага паходу» на аддзел ідэалёгіі стаў нумар тэлефона прыёмнай Праляскоўскага. Калі ў каго ўзьнікаюць праблемы з творчым самавызначэньнем — тэлефануйце аднаму з вышэйпералічаных музыкаў, у іх зараз ёсьць сувязі ў вярхах:)

Калі сур’ёзна, пара навучыцца паважаць уласную годнасьць усіх вышэйпералічаных — як музычную, так і чалавечую. Чаму яны ўвогуле мусяць апраўдвацца?

«А колы та разышліся…»

Але галоўнае дзіва дзіўнае — не сам факт гэтай сустрэчы, а рэакцыя на яе. Такога не чакалі самі музыкі. Ці чакаў гэтага спадар Праляскоўскі? Хто ведае… Выказваліся думкі, што на тое і быў ягоны тонкі разьлік.

Зноўку апынулася, што далёка ўжо не хлопчыкі (прабачце:) — здаровыя пяць мужыкоў, у якіх ужо свае дзеці, камусьці штосьці вінныя. Проста ані кроку безь пільнага воку.

«Мы ішлі туды, каб расставіць усе кропкі над „і“. За тры гады мы фактычна паўнавартасна згралі адзін канцэрт — у „Фартуне“. У Сашы і таго не атрымалася. І ніхто за гэта не браўся. Усіх задавальняла гэтая застойная сытуацыя. Калі ўзьнікла такая прапанова — не ад самаго Праляскоўскага, а ад людзей, якія любяць гэтую музыку і прабілі такую сустрэчу — чаму нам не пагадзіцца?» 

«Для мяне гэтая сустрэча — гэта не падзея. Падзея для мяне тое, што адбываецца зараз,» — падзяліўся ўражаньнямі Хаменка.

«Апошнія два дні ва ўсіх журналістаў зьявілася праца,» — трапна зазначыў Кульлінковіч.

«А што вы хацелі ад Сашы пачуць? Што там сядзіць цмок, які штодня п’е кроў немаўлят бэнээфаўскіх?» — пракамэнтаваў Алег Хаменка рэзананс ад таго, што Аляксандр Кульлінковіч зрабіў камплімэнт Праляскоўскаму: «А вы вменяемый».

Падчас «разбору палётаў», Алег Хаменка намагаўся засяродзіць увагу на праблемах маладых гуртоў і мастацтва ўвогуле. Гэтым жа ён займаўся і падчас сустрэчы з Праляскоўскім.

 

Таксама Лідэр «Палаца» падкрэсьліў, што музыкі займаюцца «культурнай палітыкай» і будуць працягваць. Але ня трэба ставіцца да іх як да палітыкаў.

Збольшага музыкі рабілі акцэнт не на сам факт сустрэчы, а на рэакцыю. Запэўнілі (а мо паскардзіліся?), што крэдытак і мяхоў з далярамі ім не прапаноўвалі. Наўрад ці музыкі прадаліся па «безналу».

Ня ўдзельнічаць у апазыцыйных мітынгах рок-музыкі таксама не абяцалі. І сьцягі бел-чырвона-белыя мяняць не зьбіраюцца.

«Частка размовы ішла і пра тое, што існуе афіцыйная ўлада і афіцыйная сымболіка. І ёсць „Пагоня“, ёсьць бел-чырвона-белы сцяг. Адныя любяць тое, другія, у тым ліку і мы, іншае. І ніхто не адмаўляўся ні ад таго, ні ад гэтага. Ніхто не сказаў, што мы станем пад тыя сьцягі ці пад гэтыя. Ніхто ні ад чаго не адмаўляўся. Мы засталіся тымі, хто мы ёсьць», падкрэсьлівае Ігар Варашкевіч.

Напрыканцы файны камэнтар у тэму ад Кульлінковіча: «А колы та разышліся! Як казаў мне Сярога Міхалок тры дні таму: «Нашая краіна жыве насуперак законам фізыкі. Звычайна, калі кідаеш камень у ваду — разыходзяцца колы. А нас — не. У Беларусі кідаеш камень — і боўць, нічога не адбываецца.» А пазаўчора колы разышліся, і нашая з вамі сустрэча тое пацьвярджае. І гэта ўжо добра! Мы вельмі спадзяемся, што „боўць“ ня будзе.»

Фота: ­Юра Сідун­

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.