РоСтра
Гісторыя РоСтры пачынаецца з лета 2003 года. Менавіта тады будучыя ўдзельнікі вырашылі стварыць музычны гурт. Пачалася праца над музыкай :).
Спачатку ўсё ўспрымалася несур’ёзна. Не было файнай апаратуры й інструмэнтаў.
28 мая 2005 года, клюб «Аквариум», вечар памяці А.Башлачова. Першы выступ РоСтры на шырокую публіку. Менавіта ад гэтага канцэрту лепш адлічваць гісторыю гурта.
Далей было шмат выступаў як электрычных, так і акустычных. Але, асобны выступ у гэтым шэрагу – Крэва-2005 («Крэўскія камяні»-2005). Менавіта з гэтага канцэрту бярэ свой пачатак першая беларускамоўная праграма РоСтры.
Наступны значны этап у жыцьці гурта – удзел у складанцы «Л.Геніюш: Жыць для Беларусі. Мэлёдыка паэзіі». Запіс песьні «Куфар», трапіўшы на кружэлку, быў даволі сыры, на жаль.
Далей былі канцэрты, дзе РоСтра грала з знакамітымі музыкамі: Madera Hard Blues, Indiga, і інш.
У 2006 годзе гурт падаваў заяўку на ўдзел у Басовішчы-2006. Усё было б добра, але амаль перад «Адборышчам» адзін з удзельнікаў гурта трапіў у шпіталь, два іншых не пасьпелі зрабіць штампы на выезд. Таму пераносы Адборышчаў пайшлі толькі на руку.
Момант ісьціны: 29 чэрвеня 2006. Адборышча. РоСтра адчыняла другі конкурсны дзень. І зноўку не абышлося без траблаў. Бубнача гурта затрымалі на працы й ён адразу з таксі апынуўся на сцэне. Як кажуць, трапіў з «караблю на баль».
Як вынік працы й усіх перажываньняў: паездка на Басовішча і прыз глядацкіх сымпатыяў на Адборышчы.
Значны крок для гурта – само Басовішча. Вельмі спадабалася атмасфэра фэстывалю. РоСтра атрымала пазытыўны досьвед: выступ па-за Беларусьсю, на якасным апараце, з добрым гукам. Вызначыўся недахоп досьведу як канцэртнага так і майстэрскага. Азначыліся новыя мэты й задачы.
Адразу пасьля фэстывалю з гурта сыходзяць два чалавекі: клявішнік Аляксандр Галаўнёў і гітарыст Уладзімір Русецкі, які быў з РоСтрай ад самага пачатку, з 2003 года.
Пачаўся новы жыцьцёвы этап гурта. З былым клявішнікам зрабілі і запісалі песьню «Ночка» для трыб’юту С.Новіка-Пяюна, пасьля чаго ён канчатковы выйшаў з творчага працэсу, аднак дапамагаў на канцэртах, за што яму шчыры дзякуй.
Адзін з такіх канцэртаў адбыўся 16 сьнежня мінулага году - «Vox Femina: Tribute to Flёur».
Пасьля гэтага канцэрту на «ХАТА studio» распачаўся запіс дэбютнага альбома РоСтры, рэліз якога заплянаваны на верасень 2007 году.
Песьні РоСтры трапілі ў ратацыю некалькіх беларускіх радыёстанцыяў.
І новая дасягненьне гурта: РоСтра – паўфіналіст расейскага музычнага конкурсу MuseOn-2007.
Зараз РоСтра знаходзіцца ў чаканьні вынікаў паўфіналу MuseOn-2007. Ёсьць шанцы ўзяць гран-пры гэтага конкурсу.
Дыскаграфія:
V/A «Л.Геніюш: Жыць для Беларусі. Мэлёдыка паэзіі.» (песьня «Куфар») (BMA, 2006)
V/A «С.Новік-Пяюн: Дні лятуць. Песьні з-за кратаў» (песьня «Ночка») (BMA, 2007)
V/A «Песьні Свабоды-3» (Песьня «У вырай!») (VoliaRec, 2007)
Сайт гурта: rostra.info.
Склад гурта:
Карпоўская Анастасія – вакал, флейты
Казлоў Эдуард – гітара
Касянкоў Павал – гітара
Леўкавец Яўген – бас
Колтун Аляксандр – бубны
Папрацінская Вольга – мэнэджэр
Трэк:
Раздрукаваць | Праглядаў 6724|