"Адборышча-2006": ERECTUS

Інфармацыя пра гурт ERECTUS, які падаў заяўку на ўдзел у адборачным туры "Басовішча-2006".

Скачаць запіс "Гуляй-бухай!" (3.67 Мб)

Гурт "ERECTUS" утварыўся ў Гомелі ў 1999 годзе. Менавіта тады бубнач Сяргей Маёраў запрасіў вакаліста і гітарыста Дзьмітра Вінаградава для сумеснай творчасьці. Некаторы час музыканты гралі ўдвох, шукаючы паралельна бас-гітарыста. Напрыканцы 1999-ага ім стаў Міця Гаўрылін.

Напачатку гурт выконваў архаічны хард-рок з элементамі блюза і арт-рока. Сьпявалі па-ангельску. Першая назва гурта – “Surrogate existence”, якая хутка была пераўтворана ў “Emergency existence”. Першапачатковы матэрыял, як і ўвесь наступны, быў напісаны Дзьмітрыем Вінаградавым. У сярэдзіне 2000 года на рэпэтыцыйнай кропцы ўжывую было запісана каля дзесяці сьпеваў.

Пасля гэтага стыль калектыва паступова зьмяняецца: сталі зьяўляцца рысы сучаснай альтэрнатыўнай музыкі, гук стаў больш шчыльным. Сьпяваць пачалі па-беларуску. Зьмянялася і назва: кароткі час гурт зваўся “SEPSIS”, а ў хуткасьці зацьвердзілася назва “HOMO ERECTUS” (фактычна яна захавоўваецца і зараз).

У 2001-ым ў складзе гурта зьявілася Алена Марціновіч (клявішы), і музыкі пачалі рыхтаваць новую праграму.

Увесну 2001 года гурт “HOMO ERECTUS” упершыню прымае ўдзел у зборным канцэрце, які ладзіўся ў гомельскім Гарадзкім цэнтры культуры. Улетку таго ж года гурт спрабуе свае сілы ў адборачным канцэрце "БАСовiшча".

Напрыканцы 2001-ага “HOMO ERECTUS” запісвае у гомельскай «Студыі 7» аднаіменны альбом. “Музыка альбома сведчыла аб тым, што гурт толькі пачаў намацваць свой уласны стыль,” – адзначае ERECTUS.

Тым часам гурт напрацоўваў канцэртны досьвед, прымаючы ўдзел у гомельскіх канцэртах. З 2001-ага гурт штогод прымае ўдзел у гомельскім фэстывалі "Спидобойка". Пад час аднаго зь іх перамагае ў намінацыі "Лепшая антынаркатычная песня" ("Гульня").

У 2002-ім – канцэрт "на траіх": HOMO ERECTUS,  Бан-Жвiрба і Lavrikoff band.

Увесну 2003 года Алёна Марціновіч пакідае гурт, і на яе месца прыходзіць Дзьмітрый Дзям'янцаў. Такім чынам сфармаваўся сёньняшні склад гурта:

Дзьмітрый Вінаградаў – гітара, вакал, аўтар музыкі і тэкстаў
Міця Гаўрылін – бас, бэк-вакал
Дзмітрый Дзям'янцаў – клявішы
Сяргей Маёраў – бубны

У новым складзе напачатку 2004-ага гурт адыграў канцэрт у Пінску з удзелам Бан-Жвiрба, The Regent, Black Sugar. Гэты канцэрт гурт лічыць адным з самых пасьпяховых ў гісторыі гурта. "На той час стыль “HOMO ERECTUS” сфармаваўся яскрава, - адзначае ERECTUS. – Каманда грае энэргічны альтэрнатыўны рок з улікам сэнсавай нагрузкі тэкстаў”.

Напрыканцы 2004-ага года гурт пачаў запіс новага матэрыяла ў студыі "Liga Star". Адна з песень –  "300 км" – прымала ўдзел у гіт-парадзе радыёстанцыі "107.4 FM" і хіт-парадзе радыёстанцыі "Экспрэс" "Взлетная полоса". "Паколькі мы паміж сабой ды аматарамі ўжо даўна называем гурт папросту ERECTUS, то было вырашана скараціць назву да аднаго слова", - кажа ERECTUS.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1991 seconds.