13 сьнежня – дзень агульнаэўрапэйскай студэнцкай акцыі

Лістапад 2003 стаў сьведкам шматлюдных студэнцкіх дэманстрацыяў у даволі доўгім шэрагу эўрапейскіх краінаў. Такіх дэманстрацыяў Эўропа ня бачыла ўжо даволі даўна. Студэнты Нямеччыны, Францыі, Злучанага Каралеўства і інш. краінаў выйшлі на вуліцы з пратэстам супраць павышэньня платы за навучаньне і скарачэньня дзяржаўнага фінансаваньня вышэйшай адукацыі. Нацыянальныя студэнцкія зьвязы Францыі і Нямеччыны разам з іншымі студэцкімі зьвязамі дамовіліся лічыць 13 сьнежня Агульнаэўрапэйскім днём студэнцкай акцыі.

26 кастрычніка 31 000 студэнтаў прайшлі па вуліцах Лёндана з дэманстрацыяй супраць павышэньня платы за навучаньне. У Нямеччыне 100 000 студэнтаў выходзілі на вуліцы на працягу ўсяго лістапада, дэманструючы супраць скарачэньня бюджэтных выдаткаў на вышэйшую адукацыю і супраць платнай адукацыі. У Францыі студэнты 27 унівэрсытэтаў пратэстуюць супраць плянаў ураду дазволіць унівэрсытэтам уводзіць плату за адукацыю і адбор студэнтаў пры паступленьні. У Бельгіі, Чэскай рэспубліцы, Італіі й Ірляндыі студэнты таксама пратэстуюць супраць скарачэньня дзяржаўных выдаткаў на вышэйшую адукацыю.

ESIB прытрымліваецца пазыцыі, што вышэйшая адукацыя зьяўляецца правам чалавека і павінна быць даступнай для кожнага, каму яна патрэбная. Гэты ж прынцып адлюстраваны ў Канвэнцыі аб эканамічных, сацыяльных і культурных правох, артыкул 13, дзе краіны заклікаюцца да забесьпячэньня бясплатнага доступу да адукацыі. У краіне, дзе ўводзіцца плата за навучаньне, абмяжоўваецца доступ да вышэйшай адукацыі людзей з ніжэйшым сацыяльна-эканамічным падмуркам і тых, хто традыцыйна знаходзіцца па-за вышэйшай адукацыяй, - кажа Ёган Алмквіст, нядаўна абраны старшынём Рады ESIB – National Unions of Students in Europe.

ESIB зьяўляецца эўрапэйскай парасонікавай структурай для 48 нацыянальных студэнкіх зьвязаў з 36 краінаў, праз гэтыя зьвязы ESIB прадстаўляе звыш 10 мільёнаў студэнтаў.

Беларускія студэнты ў гэтай арганізацыі прадстаўленыя праз агульнанацыянальную студэнцкую арганізацыю Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў.

Сёньня эўрапэйскія студэнты бастуюць, больш дакладная інфармацыя зьявіцца толькі заўтра. А мы ў гэты час кутаемся ў коўдру па сваіх інтэрнатах, каб не захварэць. Чаму так адбываецца, няўжо на Беларусі няма праблемаў?

“У беларускіх студэнтаў ёсьць найбольш падставаў для таго, каб выходзіць на дэманстрацыі. Але ж на жаль, для нашых студэнтаў хранічнай стала думка, што іх правы парушаюцца, няма адчуваньня, што за іх можна змагацца. Ня менш важнай зьяўляецца праблема інфармацыйнага вакууму, бо, я ўпэўненая, толькі адзінкі ведаюць, што зараз адбываецца ў Эўропе. Асноўнымі прычынамі такой сытуацыі зьяўляюцца адсутнасць інфармацыі і станоўчага досьведу змаганьня за свае правы, - лічыць старшыня Рады ЗБС Вольга Кузьміч.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0785 seconds.