Tallinn Music Week 2016 запрашае беларускіх музыкаў і менеджараў

Найбуйнейшы ў краінах Балтыі і Усходняй Еўропы музычны шоўкейс-фестываль Tallinn Music Week, які адбудзецца з 28 сакавіка да 2 красавіка 2016 года, адкрыў прыём заявак ад беларускіх артыстаў і менеджараў.


Фота: Rytis Seskaitis

Увясну 2015 у межах сёмага фестывалю Tallinn Music Week 2015 на 36 клубных пляцоўках выступілі 206 артыстаў з 25 краін. Канцэрты наведалі 24 тысячы гледачоў, а таксама больш за 500 адмыслоўцаў – прадстаўнікоў лэйблаў, фестываляў, прамоўтэраў, журналістаў – з розных краін свету. Яны таксама дзяліліся досведам у межах прафесійнай канферэнцыі, якая адбываецца паралельна. Сярод іх 183 адмыслоўцы з Фінляндыі, 59 з Латвіі, 44 з Вялікабрытаніі, па 28 з Літвы і Польшчы, 27 з Нямеччыны.

Беларусы цягам двух год з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі Tallinn Music Week і апошнім разам нават паставілі рэкорд за ўвесь час фестывалю па колькасці заявак ад замежнай дзяржавы. На мерапрыемстве выступалі беларускія артысты Super Besse, «Петля пристрастия», Deech, Alexei De Bronhe, Devil Dandies, Trubetskoy.

– Два годы таму беларуская музыка была для нас загадкай, але зараз мы ведаем, што ў Беларусі ёсць артысты, якія могуць мець поспех на еўрапейскім рынку, – адзначае дырэктар фестывалю Хэлен Сілдна. – Гэта пацвярджае прыклад гурта Super Besse, які менавіта ў Таліне атрымаў першую міжнародную ўвагу, а зараз выдае запісы і актыўна выступае ў розных краінах Еўропы. Было вельмі прыемна ўвясну ў межах фестывалю пабачыць на іх выступе шмат гледачоў і дэлегатаў, у тым ліку брытанскіх журналістаў Кірана Тайлера з часопіса Mojo, Джона Роба з Louderthanwar і Саймана Хокінса з часопіса Clash. Пасля гэтага гурт атрымаў вельмі добрыя водгукі і новыя прапановы па канцэртах.

Сталым партнёрам Tallinn Music Week у Беларусі з’яўляецца сайт Experty.by, які таксама з’яўляецца рэгіянальным прадстаўніком шоўкейс-фестываляў Ment Ljubljana (Славенія), Vilnius Music Week (Літва), Moscow Music Week (Расія), а таксама Lost In Music (Фінляндыя) дзе ў сярэдзіне кастрычніка выступяць Shuma, Super Besse і Mustelide.

Удзел у музычнай праграме Tallinn Music Week бясплатны. Арганізатары забяспечваюць абсталяванне для выступа і жытло ў дзень канцэрта. Заяўкі ад артыстаў (поп, рок, электроніка, джаз, блюз, класіка ды інш.) пырмаюцца да 1 лістапада 2015 года. Таксама адчыненая рэгістрацыя дэлегатаў на канферэнцыю. Падрабязна пра варыянты ўдзелу на сайце Experty.by

16:15, 16/09/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1807 seconds.