На Tallinn Music Week 2016 паедуць 4 артысты з Беларусі

Арганізатары найбуйнейшага ва Усходняй Еўропе шоўкейс-фестывалю Tallinn Music Week абвясцілі ўдзельнікаў канцэртнай праграмы. Сярод іх чатыры маладых прадстаўніка сучаснай беларускай музыкі: Mustelide, Teleport, Pawa, Awlnight.

Музычная частка фестывалю будзе праходзіць ў сталіцы Эстоніі з 31 сакавіка па 2 красавіка паралельна з прафесійнай канферэнцыяй. На 30 клубных і гарадскіх сцэнах выступяць 237 артыстаў з 33 краіны. З іх 106 рэпрэзентуюць Эстонію, 18 – Фінляндыю, 15 – Данію, 12 – Расію, 9 – Вялікабрытанію, 8 – Польшчу, 7 – Латвію, 5 – Літву.

Беларусь у межах Tallinn Music Week 2016 атрымала прадстаўніцтва на ўзроўні Аўстрыі, Нямеччыны, Славеніі і Канады. Выбар артыстаў, як і сам фэст, вельмі эклектычны: айчынны індзі-поп будзе рэпрэзентаваць Mustelide, рок-музыку –гурт, які спявае на беларускай і англійскай, Teleport, фолк – эксперыментатары з электронікай Pawa, электроніку – праект на мяжы з хіп-хопам Awlnight.

– З кожным годам у межах Tallinn Music Week сучасная беларуская музыка адкрываецца з новага боку. Гэта цікава і для нашай публікі, і для спецыялістаў з розных куткоў свету, і для нас саміх. Мяркую, што нехта з гэтых артыстаў цалкам можа паўтарыць поспех Super Besse і праз шоўкейсы пачаць рэгулярна выступаць у Еўропе, – адзначае праграмны дырэктар фестывалю Іва Ківіорг.

Апрача рознастылёвых канцэртаў гледачоў чакаюць адмысловыя шоўкейсы ад галоўных фінскіх фестываляў Flow і Tuska, брытанскага лэйблу FatCat Records, а таксама класічны рэйв ад Brendan Jan Walsh (Бельгія) і мноства іншых мерапрыемстваў.

Цалкам спіс ўдзельнікаў можна пабачыць на афіцыйным сайце www.TMW.ee . Адзіны квіток на ўсе дні і канцэрты фестывалю да 21 сакавіка каштуе 50 еўра. Пропуск на канцэрты і прафесійную канферэнцыю – 225 еўра.

Партнёрам Tallinn Music Week у Беларусі выступае сайт Experty.by, дзякуючы якому беларускія артысты за апошнія гады таксама ўзялі ўдзел у шоўкейс-фестывалях Vilnius Music Week (Літва), Lost In Music (Фінляндыя), MENT Ljubljana (Славенія), Moscow Music Week (Расія).

Між іншым да 28 лютага адкрыты прыём заявак ад музыкаў на фестываль Colisium Music Week, які адбудзецца 21-24 красавіка ў Санкт-Пецярбургу.


18:00, 04.02.2016 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1305 seconds.