Украінскі студэнцкі рух у новых умовах: змаганьне, якое прыносіць вынік

Праект новага “Закона аб адукацыі Украіны” выклікаў вялікі розгалас сярод украінскіх студэнтаў і студэнцкіх арганізацыяў. Законапраект прадугледжвае 3-хгадовае прымусовае разьмеркаваньне, дазваляе павялічваць аплату за навучаньне кантрактнікам і іншае. Студэнцкія змаганьні супраць новаўвядзеньняў ішлі цягам апошняга месяцу. Актывісты ўкраінскай студэнцкай арганізацыі “Студэнцкае брацтва” пайшлі на самы радыкальны шлях абароны правоў студэнтаў – галадаваньне.

Студэнцкія галадаваньні ва Ўкраіне

І гэты шлях даў свае вынікі: Мінадукацыі пагадзілася выканаць патрабаваньні студэнтаў.  А арганізацыя ў сваю чаргу заявіла аб стварэньні Камітэту абароны правоў студэнтаў, які будзе сачыць за выкананьнем студэнцкіх патрабаваньняў Міністэрствам і рэктарамі па усёй Украіне. Аб хроніцы змаганьня і рэальных выніках чытайце ніжэй. 

22 ВЕРАСЬНЯ

Вярхоўная Рада Украіны падрыхтавала праект Закону "Аб вышэйшай адукацыі". Асаблівасьцю законапраекта, які і выклікаў абурэньне ўкраінскіх студэнтаў, зьяўляецца ўвядзеньне разьмеркаваньня выпускнікоў на 3 гады. А гэта, на думку студэнтаў, пярэчыць Канстытуцыі Украіны. 23 верасьня студэнцкія арганізацыі Ўкраіны зьвярнуліся да прэзыдэнта Віктара Юшчанкі з просьбай абараніць законныя правы ўкраінскіх студэнтаў, скарыстаўшыся сваім правам не падпісваць Закон "Аб вышэйшай адукацыі” у такім выглядзе.

2 КАСТРЫЧНІКА

Адбыўся Зьезд нацыянальнай украінскай студэнцкай арганізацыі “Студэнцкае брацтва”, на якім студэнты абмеркавалі сучасныя праблемы ў студэнцкім асяродку. У выніку былі падрыхтаваныя 5 патрабаваньняў да Міністэртва адукацыі. Сярод патрабаваньняў наступныя: скасаваньне трохгадовага разьмеркаваньня, адмена аплаты студэнтамі пераздачаў іспытаў, увядзеньне ільготаў на праезд студэнтам і ў летнія месяцы, адстаўка рэктароў, якія парашулі правы украінскіх студэнтаў у часе “Аранжавай рэвалюцыі”.

5 КАСТРЫЧНІКА

Міністар адукацыі і навукі Ўкраіны Станіслаў Нікалаенка

Міністар адукацыі і навукі Украіны Станіслаў НІКАЛАЕНКА сустрэўся з прадстанікамі “Студэнцкага брацтва”, якія агучылі яму свае патрабаваньні. У часе сустрэчы міністар падкрэсьліў адносна разьмеркаваньня, што гэта ня ёсьць нечым новым у заканадаўстве і таму мусіць застацца. Але ў выніку размовы сп. Нікалаенка падпісаў афіцыйныя лісты рэктарам і кіраўнікам ВНУ пра незаконнасьць спагнаньня са студэнтаў грошаў за пераздачу іспытаў і патрабаваньнем тэрмінова забясьпечыць моладзь студэнцкімі білетамі.

6 КАСТРЫЧНІКА

Агульнанацыянальныя студэнцкія арганізацыі Украіны стварылі Каардынацыйную раду студэнцкіх арганізацыяў Украіны. У яе увайшлі:

  • Асоціація правозахисних організаторів студентів України
  • ВМГО "Студентське Братство”
  • Всеукраїнська рада студентів
  • Українська асоціації студентського самоврядуваньня
  • Українська студентська сьпілка

Сябры Каардрады стварылі дзьве супольныя рабочыя групы:

  • за правядзеньне грамадзкіх слуханьняў адносна прыняцьця Вярхоўнаю Радаю Украіны 22 верасьня 2005 года законапраекту № 3323 “Пра унясеньне зьменаў да Закону Украіны “Аб вышэйшай адукацыі”
  • сацыяльна-эканамічнае становішча студэнтаў

10 КАСТРЫЧНІКА 

Студэнцкія галадоўкі ва Ўкраіне

“Студэнцкае брацтва” распачало пікетаваньне Міністэрства адукацыі і навукі Украіны. Студэнты патрабуюць адстаўкі рэктароў Рывненскага і Ніжынскага дзяржаўных унівэрсытэтаў. Каля міністэрства удзельнікі акцыі паставілі 4 намёты і аб’явілі бестэрміновае галадаваньне. Студэнты патрабуюць адстаўкі рэктара Ніжынскага дзяржунівэрсытэта Васіля ЯКАЎЦА за тое, што пад час выбарчай кампаніі ён актыўна падтрымліваў Віктара Януковіча, агітаваў за яго, і арганізаваў масавыя рэпрэсіі супраць студэнтаў.

18 студэнтаў Рывненскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта аб’явілі галадаваньне з патрабаваньнем адстаўкі рэктара Руслана ПАСТАЛАЎСКАГА. Студэнты абвінавачваюць яго ў карупцыі, у скасаваньні дамовы з прафсуполкаю. Таксама студэнты заяўляюць, што рэктар парушае іх правы, засяляючы ў інтэрнат студэнтаў мясцовага камэрцыйнага інстытуту, а студэнтаў унівэрсытэта не засяляюць нават пры чарнобыльскіх ільготах. Кіраўнік прафсуполкі заявіў, што студэнты шмат разоў зьвярталіся ў розныя інстанцыі з просьбай разабрацца ў сытуацыі. Міністэрства адукацыі нават выявіла парушэньні ў дзейнасьці Пасталаўскага, але сьцьвярджае, што іх недастаткова для звальненьня рэктара.

Такім чынам, студэнты вырашылі галадаваць у Кіеве – пад Міністэрствам адукацыі і навукі, а таксама ў Рівнэ. Галадоўкі працягнуцца да задавальненьня патрабаваньняў студэнтаў.

11 КАСТРЫЧНІКА

Студэнцкія галадоўкі ва Ўкраіне

Студэнцкія пікеты распачаліся пад сьценамі Кабінэту міністраў Украіны. Актывісты “Студэнцкага брацтва” заўляюць, што аб’явілі галадаваньне ў знак пратэсту супраць незаконнай платы за прапушчаныя заняткі, а таксама абавязковага трохгадовага разьмеркаваньня пасьля заканчэньня ВНУ.

У гэты ж дзень Каардынацыйная рада студэнцкіх арганізацыяў Украіны распачала Грамадзкія слуханьні аб законапраекце № 3323 “Пра унясеньне зьменаў да Закону Украіны “Аб вышэйшай адукацыі”. Да здзелу ў слуханьнях запрошаныя Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, міністры Станіслаў Нікалаенка і Юрый Паўленка, аўтары паправак у закон, якія студэнты лічаць неканстытуцыйнымі. З апошніх зьявіўся толькі народны дэпутат Міхаіл Радыёнаў. Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і навукі слуханьні праігнаравалі. 

13 КАСТРЫЧНІКА

У часе галадаваньня гасьпіталізаваны старшыня “Студэнцкага брацтва” Олэг ЯЦЭНКО. Як паведаміла пасьля прэс-сакратарка “Студэнцкага брацтва” Анастасія ХАНЯКІНА :

У той жа дзень “Студэнцкае брацтва” пікетавала сакратарыят Прэзыдэнта з патрабаваньнем паўплываць на сп. Нікалаенка адносна падрабаваньняў студэнтаў, а позна увечары 13 кастрычніка міністар адукацыі Станіслаў Нікалаенка й яго першы намесьнік Міхаіл Стэпко падпісалі ўсе адпаведныя дакуманты пра выкананьне усіх 5-ці асноўных патрабаваньняў “Студэнцкага брацтва”.

14 КАСТРЫЧНІКА 

Усеўкраінская студэнцкая рада пры Міністэрстве адукацыі і навуцы заклікала Прэзыдэнта сп. Юшчанка накласьці вета на законапраект “Аб вышэйшай адукацыі”. Цікавасьць сытуацыі ў тым, што гэта студэнцкая рада, якая ачольваецца міністрам сп. Нікалаенка, выступіла супраць паправак у закон, якія ў свой час былі выпрацаваныя самім Нікалаенка...

Нагадаю, што Усеўкраінская студэнцкая рада пры Міністэрстве адукацыі і навуцы уваходзіць у створаную студэнцкімі арганізацыямі 6 кастрычніка 2005 года Каардынацыйную раду студэнцкіх арганізацыяў Украіны, якая і займаецца зараз грамадзкімі слуханьнямі аб неканстытуцыйнасьці паправак у закон аб адукацыі, прапанаваных Міністэрствам адукацыі і навукі.

17 КАСТРЫЧНІКА

Прэс-служба Міністэрства адукацыі і навукі (МАН) афіцыйна заяўляе, што МАН зьбіраецца зьвярнуцца да Прэзыдэнта Ўкраіны з прапановаю накласьці вета на ўнясеньні зьменаў у закон Украіны “Аб вышэйшай адукацыі”. Міністэрства пагаджаецца, што ўвядзеньне разьмеркаваньня зьяўляецца неадназначным. 

17 кастрычніка 2005 года ў Нацыянальнай суполцы пісьменьнікаў Украіны ў 15-ю гадавіну перамогі студэнцкага галадаваньня 1990-га года “Студэнцкае брацтва” аб’явіла аб стварэньні маніторынгавага камітэту за вынікамі перамогі акцыі галадаваньня’2005. На гэтай прэс-канфэрэнцыі сябры “Студэнцкага брацтва” падвялі вынікі галадаваньням і адзначылі пазытыўны вынік на вырашэньне 5-ці патрабаваньняў да Міністэрства адуцыі і навукі.

Старшыня “Студэнцкага брацтва” Олэг ЯЦЭНКО сам удзельнічаў у акцыях галадаваньня супраць унясеньня зьменаў у закон “Аб вышэйшай адукацыі” і за іншыя патрабаваньні, высунутыя на зьезьдзе “Студэнцкага брацтва”. У часе галадаваньня Олэг быў гасьпіталізаваны, але пасьля выхаду са шпіталя ён пакрэсьліў станоўчы вынік правядзеньня акцыі і перамоваў зь міністрам адукацыі і навукі сп. Нікалаенка.

Олэг Яцэнко заявіў, што МАН па сутнасьці выканала ўсе патрабаваньні “Студэнцкага брацтва”, якія былі перададзеныя міністру яшчэ 2 кастрычніка:

  • МАН (Міністэртва адукацыі і навукі) вынесла вымову рэктару РДГУ Руслану Пасталаўскаму і пастаўлена ўмова выканаць усе патрабаваньні “Студэнцкага брацтва” на працягу месяца.
  • МАН зьвярнулася да Прэзыдэнта з прапановаю накласьці вета на законапраект “Аб вышэйшай адукацыі”, які прадугледжваў 3-хгадовае прымусовае разьмеркаваньне пасьля атрыманьня дыплёма, які дазваляў павялічваць аплату за навучаньне кантрактнікам, абмяжоўваў магчымасьці студэнцкага самакіраваньня правам дарадчага голасу.
  • МАН падтрымала аднаўленьне ільготаў на праезд у летні пэрыяд і пашырэньне ільготаў апроч студэнтаў таксама і для навучэнцаў.
  • МАН забараніла рэктарам браць аплату за прапушчаныя заняткі і папярэдзіла адпаведным лістом усіх рэктароў (незалежна ад формы ўласнасьці) пра іх персанальную адказнасьць за падобныя парушэньні
  • МАН выдала загад, якім аднавіла парадак выдачы студэнцкіх білетаў (каб забясьпечыць іх своечасовую выдачу студэнтам), спыніла практыку штогадовых заменаў студэнцкіх білетаў супраць якой выступала “Студэнцкае брацтва” і пашырыла дзеяньне студэнцкіх білетаў на ўвесь пэрыяд навучаньня.

Прэс-сакратар "Студэнцкага брацтва" Анастасія ХАНЯКІНА заявіла, што "мы не можам дапусьціць невыкананьня таго, за што змагаліся і што рэалізаваў у сваіх загадах міністар Нікалаенка”. Для прыкладу тое, як можа парушацца распараджэньне Мінадукацыі адносна аплаты за прапушчаныя заняткі. Прыкладам Анастасія назвала рэктара свайго Кіеўскага міжнароднага ўнівэрсытэту Хачатура Хачатуряна, якіё ўсё ж пасьля новага распараджэньня Мінадукацыі заявіў, што браў і будзе браць незаконную аплату са студэнтаў за прапушчаныя заняткі і пераздачы залікаў ды іспытаў. Менавіта таму ёсьць вялікая актуальнасьць у стварэньні Камітэту абароны правоў студэнтаў, які будзе сачыць за выкананьнямі патрабаваньняў “Студэнцкага брацтва” Міністэрствам і рэктарамі па ўсёй Украіне.

Посьпех праз супольныя, часам адчайныя студэнцкія акцыі – так бы я ахарактарызавала падзеі, што разгортваліся ў студэнцкім асяродку Ўкраіны на працягу апошняга месяца. Для беларускіх студэнтаў такія змаганьні зьяўляюцца пакуль толькі жаданай казкай.

З усіх выкарыстаных украінцамі мэтадаў у Беларусі пакуль рэальныя хіба што толькі галадоўкі. Але апроч праблемаў са здароўем вынікаў ад іх мала – чыноўнікі не зьвяртаюць на гэта ўвагі. Правядзеньне грамадзкіх слуханьняў, пікеты без агрэсіўнага АМОНу, адкрыты доступ да СМІ, тэлебачаньня – усё гэта пакуль немагчыма ў Беларусі. Але яшчэ да восені 2004 года, да “Аранжавай рэвалюцыю” гэта ж было фактычна немагчыма і ва Ўкраіне. Асаблівасьць дэмакратыі (няхай і зусім маладой) ў тым, што яна дае магчымасьць для абароны сваіх правоў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0751 seconds.