Цікавыя маршруты на этнавыходныя: з далікатнымі русалкамі або мужнымі ўланамі

Некалькі маршрутаў для этнавандроўніка на выходныя. Зусім блізка ад Мінска і падалей.

7 чэрвеня, у нядзелю, завяршаецца русальны тыдзень, беларусы праважаюць Русалку. Мы рэкамендуем чатыры вёскі, у якіх можна спрычыніцца да русальных традыцый. А пад Ракавам аматары традыцыйнай культуры могуць дагнаць траецкі абрад з Студэнцкім этнаграфічным таварыствам, якое ладзіць «Зялёныя святкі» ў межах фэсту «Залатая шпора».

Якое дачыненне маюць хвастатыя марскія істоты да Беларусі, хто і куды іх павінны праводзіць?

Дык вось, беларускія русалкі зусім не хвастатыя. Вяскоўцы ўяўляюць іх прыгожымі маладымі дзяўчатамі, часам апранутымі толькі ў кашулі, а часам і без кашуль... Затое валасы доўгія. Па павер'ях, у русалак ператвараюцца маладыя тапельніцы і мёртванароджаныя дзеці. Жывуць беларускія русалкі пад вадой, аднак, у адрозненні ад сваіх сёстраў з іншых краін, хваста не маюць.

Выйсці на сушу русалцы можна зусім ненадоўга, пакуль не абсохнуць яе валасы. Гуляць па зямлі дазваляецца толькі адзін тыдзень на год. Гэты тыдзень так і завецца – русальны, яшчэ «граны», наступае пасля Тройцы. Сёлета тыдзень русальнай вольніцы сканчваецца 7 чэрвеня (нядзеля пасля праваслаўнай Тройцы, у русалак верыла больш праваслаўнае насельніцтва).

Вяскоўцы ўрачыста праважаюць Русалку (на яе ролю абіраюць звычайна маладую дзяўчыну), але не заўсёды да вадаёму, а «да бору», у жыта ці нават на могілкі.

І, канечне, усюды – свае адметнасці святкавання.

Вёска Вялікі Бор Хойніцкага раёна

7 чэрвеня а 19.00

Русалку ўсю «апранаюць» у зеляніну (кажуць, раней нічога, акрамя зеляніны, на ёй магло і не быць), вядуць па вёсцы з песнямі. Пяюць«правяду русалачку да бору», але ідуць на поле. Этнавандроўнік можа ўзяць удзел у агульным пляценні вянкоў, прайсціся з русалчыным «эскортам», дапамагчы зрываць з Русалкі зеляніну і нават пагуляць у даганялкі: Русалка бяжыць з жыта за тымі, хто яе праваджаў. Не зявайце: зеляніна «з русалкі» лічыцца магічнай, ахоўвае ад усяго, дае ўраджай і добрае здароўе, таму парупіцеся ўхапіць хоць галінку, хоць лісточак, а можа і вяночак. Зеляніну, садраную з Русалкі, рэкамендуецца ўтыркнуць на гародзе. Як гароду не маеце – хоць у гаршчок з хатняй раслінкай.

Вёскі Усохская Буда і Андрэеўка Добрушскага раёна

7 чэрвеня а 19.00

Тут ролю Русалкі выконвае... пара. Звязваюць разам дзяўчыну і хлопца, упрыгожваюць зелянінай – і Русалка гатовая. Ды яшчэ якая! Вядуць гэтую камбінаваную Русалку па вёсцы, людзі выходзяць з хат, вітаюць яе. Гурты з дзвюх вёсак сыходзяцца на скрыжаванні дарог, зеляніну з русалак, як водзіцца, абдзіраюць, а пары бягуць у жыта, хаваюцца. Кажуць, жыта пасля абраду родзіць ого-го! Ну, а русалчыну зеляніну, вы ўжо зразумелі – у грады.

Гомельшчына ўсё ж далёка, можна трапіць на Русалле і бліжэй ад Мінска. Рэкамендуем Любанскі раён. Тут святкаванне вандруе, штогод трэба ўдакладняць вёскі, куды ехаць.

Вёска Загалле Любанскага раёна

7 чэрвеня а 14.00

Тут адбываецца нешта кшталту конкурсу русалак, але гэта не конкурс прыгажосці. Пра ўсё па парадку: прыязджае некалькі гуртоў з розных вёсак, кожны са сваёй Русалкай. Канечне, гэта прыгожая маладая дзяўчына, у кашульцы і вяночку. Ходзяць па Загаллі, дэманструюць сваю прыгажуню. А потым абіраюць галоўную Русалку так: дзяўчаты па чарзе льюць ваду ў гарлач, пакрыты кавалкам тканіны. У якой пральецца праз край – тая і галоўная. Яе «праводзяць» да вады. А потым гуляюць, пякуць яечню на вогнішчы.

Вёска Нежын Любанскага раёна

7 чэрвеня а 21.00

Тут таксама этнавандроўнік можа далучыцца да карагодаў, правесці разам з усімі Русалку, пакаштаваць яечні, спечанай на вогнішчы. На шасце ўздымаюць запаленае кола, скачуць праз агонь. Гуляюць аж да ночы, запасайцеся цёплым адзеннем.

Ну а для тых, каму і Любаншчына далёка – этнаграфічная частка фэсту «Залатая шпора-1812».

Сядзіба «Залатая шпора» пад Ракавам

6 чэрвеня аб 11.00

Акрамя таго, што гэта першая падзея такога маштабу па напалеоніцы ў Беларусі, фэст варта наведаць і аматарам традыцыйнай культуры: Студэнцкае этнаграфічнае таварыства запрашае далучыцца да «Зялёных святак». Гэта назва траецкага абраду ва усходняй Беларусі. Троіца прайшла ў мінулую нядзелю, але этнавандроўнік яшчэ мае магчымасць сплесці вянок, замацаваць сяброўства кумленнем ля бяроз (вас навучаць як, не хвалюйцеся), паваражыць на шлюб (і гэтаму навучаць), далучыцца да спеваў і карагодаў, набыць якую цікавостку на Траецкім кірмашы.

Абяцаюць пачастунак абрадавымі стравамі: яечняй і сырам проста з вогнішча. Яечня, як вы ўжо, мабыць, паспелі заўважыць, часта пяклася на розныя веснавыя, ды і летнія святы. Паглядзіце, як варыцца сыр, гэта можна рабіць і дома, было б тлустае малако.

Фота Ірыны Глушэц, Сяргея Выскваркі і Алены Ляшкевіч.


Алена Ляшкевіч 15:40, 05.06.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1355 seconds.