Tonqixod прэзентуе «Найлепшы рок-альбом 2014» у тэатры

20 красавіка ў Мінску адбудзецца першы ў кар’еры вялікі сольны канцэрт рок-гурта Tonqixod, сенсацыйнага пераможцы ўзнагарод Experty.by у намінацыях «Найлепшы дэбютны альбом», «Найлепшы рок-альбом», «Найлепшы беларускамоўны альбом».

Трыа Tonqixod тры гады таму стварылі ў Мінску паэт і філолаг Уладзь Лянкевіч (вакал, гітара), інжынер Максім Субач (другі вакал, клавішныя, бас) і лінгвіст Андрэй Аляксеенка (бубны). Розныя людзі з разнастайным жыццёвым досведам, але з агульнай філасофіяй – не баяцца рабіць незвычайнае. Дэбютны альбом «Прадмова», які выйшаў у снежні 2014 і атрымаў шэраг узнагарод Experty.by па галасах беларускіх і замежных крытыкаў, цалкам пацвярджае гэта.

– Перад слухачом разгортваюцца апакаліптычныя палотны, пылаюць нябёсы, акіяны накатваюцца на прыбярэжныя домікі, цунамі залівае раёны, гучаць жалейкі з саксафонамі, цуецца гаражную псіхадэліку і адсылкі да гуртоў Can, Procol Harum, Amon Duul II, – напісала ў сваёй рэцэнзіі для «БелГазеты» музычны крытык Таццяна Заміроўская.

Калектыў грае арт-рок. Але не стары, стэрыльны і пафасны, а сучасны: дынамічны, іранічны і нават жыццясвярджальны. На беларускай мове і з клавішным басам – чаму не? «Песня пра вяселле» – патэнцыйны сцэнар для Квенціна Таранціна, калі ён збярэцца здымаць стужку на «Беларусфільме». «Насыпаць горы» – гэта падказка тым, хто ўсё яшчэ шукае для Беларусі нацыянальную ідэю.

Месяц таму назву Tonqixod збольшага ведалі толькі адмыслоўцы. Зараз ідзе размова пра чарговых «маладых ды дзёрзкіх», якія пакінулі без узнагарод альбомы Лявона Вольскага, Akute, The Toobes. Тым больш адказным будзе першы паўнавартасны сольны канцэрт гурта, які адбудзецца 20 красавіка пры падтрымцы грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі» у межах акцыі «Жывы тузін» – прыз за перамогу ў намінацыі «Найлепшы беларускамоўны альбом».

– Гэта будзе канцэптуальнае дзейства, нешта сярэдняе між паходам у планетарый і збіраннем гербарыю. Дасягаць мэты будзем з дапамогай песень з альбому і не толькі, у кампаніі запрошаных музыкаў і рарытэтных аналагавых сінтэзатараў, – распавядаюць музыкі Tonqixod.

Cлухаць альбом – https://soundcloud.com/ultramusiccom/sets/tonqixod-pradmova

Гурт TONQIXOD з прэзентацыяй альбома «Прадмова»

20 красавіка – Мінск, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (Крапоткіна 44) –19.00

Квіткі: ад 80 да 120 тыс. руб.
Продаж: Ticketpro.by, Kvitki.by, Bileti.by, Bycard.by, а таксама ў касе тэатра. 
Інфалінія: (029) 687 20 93 Каса тэатра: (017) 385 97 51, (029) 154 04 44.

14:10, 23/03/2015 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0556 seconds.