TonqiXod прэзентаваў CD і паказаў савецкі сінтэзатар, на якім быў створаны лепшы беларускі рок-альбом 2014 (+відэа)

Дэбютны альбом гурта TonqiXod «Прадмова», які сёлета сабраў жменю ўзнагародаў ад музычных экспертаў, толькі цяпер выйшаў на CD-носбіце. Падпісаць дыскі і набыць экзэмпляр з абмежаванай партыі можна было 15 красавіка ў кнігарні «Логвінаў».

У вечар, калі тысячы музычных і калямузычных менчукоў ехалі глядзець на Роббі Уільямса, у кнігарню «Логвінаў» зайшло, канешне, крыху меней народу. У кампаніі з сотнямі кніг беларускай і сусветнай літаратуры TonqiXod слухалі не больш за пару дзясяткаў цікаўных і мінакоў. Але кнігарня для атмасферы прэзентацыі дыска TonqiXod – пляцоўка асаблівая, бо лідар гурта Уладзь Лянкевіч – добра вядомы як малады філолаг, выкладчык, перакладчык і паэт. Кніга ягоных вершаў «70% вады», на аснове якіх і гучыць TonqiXod, выйшла ў 2013 ды прадаецца там жа ў кнігарні «Логвінаў».

Разынкай вечару акрамя дыска з альбомам «Прадмова» і кнігі вершаў Лянкевіча стаў таксама алдовы савецкі сінтэзатар «Поливокс» клавішніка гурта Максіма Субача. Апарат, які выпускаўся ў СССР з 1982 году і да самага калапсу камуністычных ідэй, цяпер праз унікальнасць гучання выкарыстоўваюць нават Franz Ferdinand ды Rammstein. «Поливокс» Максіма Субача, разам з гітарай, вершамі ды вакалам Лянкевіча, а таксама ўдарнымі Андрэя Аляксеенка і складаюцца ў той беларускамоўны арт-рок ад TonqiXod, які так зацанілі беларускія ды замежныя Experty.by.

Самыя спрытныя і пунктуальныя ўвечары 15 красавіка паспелі пачуць таксама новы твор ад TonqiXod, а Generation.by запісаў відэа.

«Гм... Няхай будзе «Камняпад», – назву новай песні з наступнага альбому, у адказ на пытанне Generation.by, Уладзь Лянкевіч прыдумаў ужо па заканчэнні прэзентацыі.

Паслухаць новых герояў беларускай музыкі можна тут, альбо жыўцом у бліжэйшы панядзелак на іх першым вялікім сольным канцэрце.

Гурт TONQIXOD з прэзентацыяй альбома «Прадмова»

20 красавіка – Мінск, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (Крапоткіна 44) –19.00

Квіткі: ад 80 да 120 тыс. руб.
Продаж: Ticketpro.by, Kvitki.by, Bileti.by, Bycard.by, а таксама ў касе тэатра. 
Інфалінія: (029) 687 20 93 Каса тэатра: (017) 385 97 51, (029) 154 04 44.


Юра Сідун 16:50, 16.04.2015 | Рэпартажы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0674 seconds.