Tonqixod прэзентуе CD і пакажа рарытэтны сінтэзатар

Гурт Tonqixod выдае на фізічных носьбітах свой пераможны дэбютны альбом «Прадмова». Першыя асобнікі з аўтографамі музыкаў можна будзе набыць у сераду 15 красавіка а 18-й падчас адмысловай сустрэчы са слухачамі і прэсай у кнігарні «ЛогвінаЎ».

Зараз гурт актыўна рыхтуецца да першага вялікага сольнага канцэрта, які адбудзецца 20 красавіка ў зале РТБД. Гэта прыз ад грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» за перамогу ў намінацыі «Найлепшы беларускамоўны альбом» на ўзнагародах Experty.by, дзе «Прадмова» таксама была адзначана як «Найлепшы рок-альбом» і «Найлепшы дэбютны альбом».

– Выданне дыскаў цяпер рэдкасць, яны – нешта сярэдняе між цацкай і рэліквіяй. Мы і раней падумвалі пра такі крок, але рашыцца на яго нас канчаткова пераканала ацэнка альбому экспертнай супольнасцю. Запрашаем усіх зацікаўленых на імправізаваную прэзентацыю дыска ў кнігарні «ЛогвінаЎ». Гарантуем настрой і крыху эксклюзіўнага аналагавага калямузычнага шуму, – кажуць музыкі гурта.

Адмысловым госцем аўтограф-сэсіі будзе рарытэтны аналагавы сінтэзатар «Палівокс», які прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні альбома «Прадмова». Інструмент быў выраблены яшчэ ў часы СССР на Качканарскім заводзе. Яго можна будзе паглядзець, памацаць і паслухаць.

Гурт TONQIXOD з прэзентацыяй альбома "Прадмова"
20 красавіка – Мінск, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі (Крапоткіна 44) – 19.00

Квіткі: ад 80 да 120 тыс. руб.
Продаж: Ticketpro.by, Kvitki.by, Bileti.by, Bycard.by, а таксама ў касе тэатра.
Інфалінія: (029) 687 20 93
Каса тэатра: (017) 385 97 51, (029) 154 04 44.

19:44, 13/04/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0967 seconds.