У ЕГУ пад выглядам рэформаў прайшлі рэпрэсіўныя скарачэнні

Пікет выкладчыкаў ЕГУ
У чэрвені выкладчыкі ЕГУ выходзілі на пікет у знак пратэста дзеянням адміністрацыі

30 ліпеня адміністрацыя Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта апублікавала загад аб прызначэнні выкладчыкаў, якія прайшлі так званы «ўнутраны адбор». Тэкст дакумента дазваляе заключыць: з наступнага навучальнага года «за бортам» праекту апынуцца практычна ўсе актыўныя прыхільнікі дэмакратычных пераўтварэнняў.

Згодна з рашэннем рэктара А.А.Міхайлава, універсітэт больш не зацікаўлены ў працягу супрацоўніцтва з пяццю сябрамі Рады прафсаюза ЕГУ «EHUnion», у тым ліку - са старшынём прафсаюза і сенатарам Аляксеем Крывалапам, ягоным намеснікам Канстанцінам Ткачовым, сябрам Рады прафсаюза і сенатарам Андрэям Ралёнкам. Не будзе працоўных кантрактаў і з іншымі «нязручнымі» сенатарамі - намесніцай старшыні Сената Вольгай Шпарагай, сакратаром Сената і сябрам Рады прафсаюза Андрэем Лаўрухіным, сенатарам Максімам Жбанковым. Старшыня Сената Павел Церашковіч быў раптоўна звольнены без тлучамэння прычынаў яшчэ ў лютым гэтага года.

У выніку без кіраўнікоў застаюцца як ворганы акадэмічнага самакіравання, так і прафсаюзныя структуры. Натуральны для навучальнай установы падзел улады і адказнасці змяняецца адміністрацыйнай манаполіяй на ўладу.

Гэтаму рашэнню папярэднічалі спробы наўпроставага ціску на дэмакратычных актывістаў. Максім Жбанкоў, Аляксей Крывалап і Вольга Шпарага, якія адмовіліся раней ад удзелу ў адміністрацыйным «адкрытым конкурсе», атрымалі афіцыйныя лісты ад універсітэцкай камісіі па найме з патрабаваннем пацвердзіць сваю лаяльнасць курсу адміністрацыі як абавязковай умовай заключэння кантрактаў у рамках «ўнутранага адбору». Зварот да старшыні камісіі Дэвіда Поліка з патрабаваннем патлумачыць падмену прафесійных крытэраў палітычнымі, атрымаў своеасаблівы адказ: спадар Полік публічна абвінаваціў сенатараў у падрыве фінансавай стабільнасці ўніверсітэта, але да гэтага часу не прадставіў гэтаму ніякіх доказаў.

Выклікае пытанні і сам фармат правядзення ўсіх этапаў так званай рэформы выкладчыцкага складу. На думку Канстанціна Ткачова, «адміністрацыя універсітэта не выпадкова падкрэсьлівае адпаведнасць праведзеных псеўдапрацедураў заканадаўству Літвы і нарматыўным дакументам ЕГУ: і ёй, і нам вядома, што гэта ня так». Працэдуры «ўнутранага адбору» няма ні ў Працоўным кодэксе Літвы, ні ў статуце ЕГУ. Працоўны кодэкс Літвы таксама забараняе звальняць прадстаўнікоў прафсаюза, якія займаюць выбарныя пасады, да заканчэння тэрміну іх паўнамоцтваў.

У сваю чаргу, адкрыты конкурс на 17 пазыцый праведзены прызначанай у абыход Сената камісіяй па найме. Гэта зафіксаванае Сенатам парушэнне, як і шэраг іншых, звязаных з кіраваннем універсітэтам, было пацверджанае дзяржаўным Кантралёрам Літоўскай Рэспублікі па акадэмічнай этыцы і працэдурах. Замест таго, каб прывесці працэдуры кіравання ўніверсітэтам у адпаведнасць з літоўскім заканадаўствам, адміністрацыя ЕГУ падала на Кантралёра ў суд.

Як адзначыў Канстанцін Ткачоў, «ЕГУ канчаткова знішчае парасткі дэмакратыі ў сваіх шэрагах і мае ўсе падставы вяртацца ў Мінск ужо сёння. Паколькі ён больш нічым не адрозніваецца ад сярэднестатыстычнай дзяржаўнай беларускай ВНУ».

Паводле прэс-рэлізу прадстаўнікоў Сенату ЭГУ і прафсаюзу «EHUnion»


20:19, 31.07.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0642 seconds.