Выкладчыкі ЭГУ выйшлі на пікет у Вільні

У Вільні сем выкладчыкаў ЭГУ пікетуюць будынак гатэля «Domus Maria», дзе праходзіць сустрэча кіраўніцтва ўнівэрсытэту з фундатарамі.

Як паведаміў Радыё Свабода адзін з удзельнікаў пікету Максім Жбанкоў, выкладчыкі, сярод якіх тры сэнатары, а таксама прадстаўнікі прафсаюзу, трымаюць плякаты, напісаныя па-ангельску і па-літоўску: «Аўтарытарны ўнівэрсытэт для дэмакратычнай Беларусі?», «Мы — не гастарбайтэры», «Падробны конкурс — падробныя факультэты», «Дзе мае правы?», «Сустрэнемся ў судзе», «ЭГУ лічыць, што можа існаваць па-за літоўскім правам?».

«Мы лічым, што самі прынцыпы арганізацыі конкурсу выкладчыкаў былі заганныя, зь яго былі выключаныя тыя, хто павінен быў актыўна ўдзельнічаць паводле статуту ўнівэрсытэту, — Сэнат і студэнцкае прадстаўніцтва. Мы маем справу з адміністратыўным выбарам ляяльных выкладчыкаў, які ня мае нічога агульнага з акадэмічнымі свабодамі. Фактычна, ніякага конкурсу не было, было разьмеркаваньне ляяльных супрацоўнікаў на загадзя падрыхтаваныя пазыцыі. Ніякіх новых твараў не атрымалася, як было абяцана перад пачаткам конкурсу. Па-за вынікамі конкурсу засталіся тыя, хто нязгодны з пазыцыяй адміністрацыі. Мы лічым конкурс падробным, такім, што супярэчыць падставовым прынцыпам самога існаваньня ЭГУ. У выніку конкурс, які быў абвешчаны як сродак для вырашэньня нашых пытаньняў, загнаў унівэрсытэт у яшчэ глыбейшы ўнутраны крызіс. Гэта сьведчыць пра тое, што адміністрацыя няздольная на тое, каб нешта зрабіць у справе вырашэньня крызісу. Нашая канчатковая мэта — ратацыя топ-мэнэджмэнту», — сказаў Максім Жбанкоў.

Па выніках конкурсу, які прайшоў у два этапы — папярэдні адбор заявак кандыдатаў і індывідуальныя гутаркі — выбралі 17 выкладчыкаў, зь якімі падпішуць працоўныя дамовы на 5-гадовы тэрмін з поўнай занятасьцю. Усяго разглядалася больш за 120 заявак.

Максім Жбанкоў, які прапрацаваў ва ўстанове 8 гадоў і ня трапіў у сьпіс 17 абраных выкладчыкаў, так ацаніў свой цяперашні статус у ЭГУ:

«Я цяпер ніхто. Ужо цяпер адбываецца разьмеркаваньне навучальнай нагрузкі на наступны год. Але дагэтуль невядома, хто будзе працаваць. Ужо нібыта адбыўся другі раўнд конкурсу, якога ўвогуле не павінна было быць, але яго вынікаў мы ня ведаем. Адміністрацыя адмаўляецца з намі размаўляць і штосьці дакладна тлумачыць. Сытуацыя непразрыстая і вельмі драматычная для большай часткі тых, хто працаваў і хацеў працаваць яшчэ ў ЭГУ. Я працаваў 8 гадоў у гэтай інстытуцыі, на працягу якіх ня меў ні адпачынкаў, ні мэдыцынскай страхоўкі, быў абсалютна безабаронны. А зараз я ня маю ніякіх пэрспэктываў, зьвязаных з працай у ЭГУ. Я так разумею, што варта шукаць іншай працы».

Радыё Свабода

16:11, 04/06/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.083 seconds.