Урокі ўкраінскай мовы

 

мова
Малюнак: Аксана Фядзько

Адной з афіцыйных падставаў для пачатку варожых дзеянняў супраць Украіны з боку Расеі, пазней вельмі добра выкарыстаных прапагандай, стала спроба адмены закону аб мовах нацыянальных меншасцяў. Закон, у адпаведнасцю з сучасным еўрапейскім бачаннем, легалізоўваў расейскамоўную адукацыю і справаводства ва ўсходніх рэгіёнах Украіны. Закон дзейнічае і дагэтуль, а моўнае пытанне ўваходзіць у лік топавых праблем украінскага ды і не толькі грамадства.

Закон аб мовах, які надаваў, фактычна, афіцыйны статус расейскай мове ва ўсходніх рэгіёнах Украіны, быў адным з галоўных пунктаў перадвыбарчай праграмы Віктара Януковіча ў 2010 г. І ягонае прыняцце ў 2012 хоць і выклікала пратэсты, было чаканым. Амаль праз два гады, на наступны дзень пасля ўцёкаў Януковіча з краіны, закон быў адменены, але часовы прэзідэнт Аляксандр Турчынаў наклаў вета на гэту адмену, калі стала зразумела, што варта пачакаць, пакуль усё не сцішыцца.

Аднак ва Украіне цішэй ніяк не становіцца. Нягледзячы на тое, што на моўную праблему, здаецца, усе пераважна забыліся, яна нікуды не падзелася, і, верагодна, заявіць пра сябе рана ці позна. Як дэманструюць прыклады мультылінгвістычных краін, носьбіты асноўных моваў, якія, аднак, у пэўных рэгіёнах аказваюцца ў меншасці, вельмі часта адчуваюць крыўду. І наадварот. Рашэнняў праблемы шматмоўнасці многа і адначасова няма: лічыцца, што найчасцей для стабільнасці і дэмакратыі краіне лепей мець адну нацыянальную мову. У адваротным выпадку нехта амаль заўжды застанецца пакрыўджаным.

«Еўрапейцы не разумеюць, што гэта мова акупантаў»

Толькі што гэта мусіць быць за мова? Актывісткі руху «Не будзь байдужым» («Не будзь абыякавым») лічаць, што адной украінскай мовы краіне дастаткова. Арганізацыя ўзнікла яшчэ пасля першага Майдану, што пачаўся ў 2004 годзе, і вось ужо 10 гадоў імкнецца прасоўваць украінскую культуру ў тых рэгіёнах і галінах, дзе да яе ставяцца не заўжды адназначна.

«Мы лічым, што закон [Януковіча] аб мовах мусіць быць адменены», — кажа актывістка арганізацыі, выкладчыца ўніверсітэцкага курсу «Постакаланіяльная культура і журналістыка» Аксана Ляўкова. Яна была актывістам і цяперашняга Майдану: «Я не ведаю ніводнага чалавека, які не быў тады, ці цяпер на Майдане».

Даволі радыкальнае па еўрапейскіх мерках меркаванне падтрымлівае і філолаг Леся Карненка, якая цяпер працуе ў Кіеве ў сферы капірайту:

«Праблема не ў тым, што многія жыхары Украіны гавораць па-расейску. Праблема ў грамадстве, якое зрабіла так, каб яны размаўлялі па-расейску, — кажа Леся Карненка. — Бацькі гэтых людзей размаўлялі па-украінску ці суржыкам [трасянкай]. Напрыклад, я еду ў маршрутках, чую, як маладыя людзі размаўляць з бацькамі па тэлефоне па-украінску, а пасля пераключаецца да дзяўчыны сваёй на расейскую. Што гэта? Усе яны могуць размаўляць па-украінску!»

Асноўны мэсыдж актывістак «Не будзь байдужым» — ва Украіне дэфакта няма расейскамоўных рэгіёнаў. Там змяшаная мова.

«Навукоўцы сцвярджаюць, што расейская мова — мова ўрбанізаваных рэгіёнаў. Іншая рэч — мы жылі ў смузе медыя, якія ўвесь час казалі, што расейскую мову прыгняталі» , — кажа Леся Карненка.

Але нават выкладчыца посткаланіяльнай культуры не здольная патлумачыць ЕС сутнасць моўнага супрацьстаяння ва Украіне:

«Еўрапейцы кажуць нам: „Трэба развіваць талерантнасць, таму жывіце з расейскай мовай“, — прыгадвае Аксана Ляўкова. — Але ж гэтыя еўрапейцы не разумеюць, што гэта мова акупантаў. Еўрапейцаў не цікавяць пытанні культуры і нацыі. Яны турбуюцца пытаннямі ЛГБТ, талерантнасцю і падобнымі рэчамі».

«Мова — не вышэйшая каштоўнасць»

Аднак як паказаў Крым, а пасля ўкраінскі ўсход, мова — гэта яшчэ і выдатнае поле для прапаганды. Расейскім каналам не спатрэбілася пераходзіць на ўкраінскую, каб пераканаць шмат каго ў правільнасці дзеянняў Расеі.

Украінскія ТВ-журналісты адрэагавалі на гэтыя падзеі па-рознаму: нехта часова перайшоў на расейскую, а нехта пралабіраваў стварэнне ангелькамоўнага ўкраінскага каналу на манер Russia Today.

«Падчас акупацыі Крыму мы пераходзілі на рускую — гэта быў такі сяброўскі жэст у бок рускамоўных ўкраінцаў, — кажа адзін з вядучых онлайн тэлебачання „Громадське ТВ“ Андрэй Сайчук, чый першы эфір супаў з пачаткам Еўрамайдану. — Затым вярнуліся да ўкраінскай. Тым больш, што ў нас ёсць некалькі вядучых з Заходняй Украіны, якія не вельмі добра гавораць па-руску».

Зрэшты, ТВ мае адмысловую расейскамоўную праграму «Новости Донбасса», якая вяшчае ў першую чаргу для расейскамоўных жыхароў гэтага рэгіёну. Акрамя гэтага, ТВ мае расейскамоўную версію сваёй трансляцыі.

«Праблем з украінскай у нас няма, — падкрэслівае Сайчук. — Мова — гэта не вышэйшая каштоўнасць. Але як украінцы мы, вядома, маем зносіны пераважна украінскай».

«Мы не можам па ўсёй планеце забараніць расійскае тэлебачанне»

«На салаўёўскую прапаганду мы можам адказваць толькі праўдай, — лічыць выпускаючы рэдактар „Громадське ТВ“ Таццяна Козырава. — Бо калі мы будзем ствараць сваю прапаганду ў адказ, то нас рана ці позна выкрыюць. Гэтак сама як мы цяпер выкрываем расейскія тэлеканалы».

Але не ўсе падзяляюць думку незалежных журналістаў. Нядаўна ва Украіне абвешчана аб стварэнні каналу Ukraine Today. Ён будзе ангельскамоўным, разлічаным на ЕС і ЗША і спансавацца вядомым сваёй падтрымкай Нацыянальнай гвардыі ўкраінскім алігархам Ігарам Каламойскім. Ukraine Today будзе асвятляць падзеі не толькі ва Украіне, але і ў іншых краінах СНД.

«Гэта дурная ідэя, — лічыць Сайчук. — Па-першае, гэта патрабуе шмат грошай, па-другое, навошта? Паглядзіце, колькі грошай Пуцін патраціў на стварэнне віртуальнай карціны Расіі і дрэннай Украіны. Але цяпер катастрофа Боінга пацягнула за сабой руйнаванне гэтай карціны як картачнага доміка».

Пытанне мовы на ТВ хвалюе не толькі ўкраінцаў. Напрыклад, у Літве дзейнічае часовая забарона на трансляцыю некаторых расейскіх адыёзных каналаў. А з ліпеня на адным з літоўскіх каналаў транслююць перадачы, падрыхтаваныя па-расейску ўкраінскімі журналістамі.

Але можна абысціся і без тэлевізійных гігантаў. Цяпер, каб казаць праўду, патрэбна зусім няшмат:

«Смартфон, роўтэр — і ў вас ужо ёсць тэлебачанне», — дае Сайчук рэцэпт сучаснага ТВ.

«Це капєц»

Актывісткі «Не будзь байдужым» прапануюць іншую стратэгію якая, аднак, патрабуе больш часу. Яна абапіраецца на адукацыю, а таксама на імкненне зрабіць мову моднай:

«Сепаратыстамі становяцца тыя, хто застаўся ў полі расейскай культуры», — лічаць у руху. 

«Мае ногі абышлі 2 тысячы школаў ва Украіне, — распавядае Аксана Ляўкова. — Мне прыкра, што мала хто хоча рабіць такія працаёмкія рэчы».

«У школах Усходу выкладчыкі пераважна выкладаюць па-расейску. Нават у школах, якія юрыдычна з’яўляюцца украінамоўнымі. І ўкраінскіх кніжак у іх няма альбо не хапае. У Крыму ж увогуле было толькі 7 украінамоўных школаў. Цяпер выкладчыкаў украінскай масава там скарачаюць і пераарыентуюць на выкладчыкаў на фізкультуры і біялогіі. Це капєц», — эмацыйна дадае Аксана Ляўкова.

Адна з самых заўважных постмайданаўскіх рэформаў — новы закон пра вышэйшую адукацыю. Паводле яго, адзіная мова вышэйшай адукацыі — украінская. Аднак актывісты лічаць, што гэта не здымае пытанне ўцягнутасці студэнтаў у расейскамоўны асяродак.

«Цяпер у нас ёсць шанец, бо палітыкі разумеюць, што з дапамогай выдаткаў на культуру, можна абараніць уласную дзяржаву».

Але праблема ў тым, што ў дзяржавы не мае грошай на патрыятычныя праекты. Цяпер усе сродкі ідуць на вайну. 

«Гэта мяне вельмі моцна абражае, — кажа Аксана Ляўкова. — Бо войска працуе з наступствамі таго, што ўкраінская культура не распаўсюдзілася на ўсё краіну. І сепаратыстамі становяцца тыя, хто застаўся ў полі расейскай культуры».

Але ўкраінскія актывісткі глядзяць у будучыню з аптымізмам. Толькі чакаць тую будучыню давядзецца, пэўна, вельмі доўга:

«Усё робіцца паступова, усё вельмі нялёгка. Яшчэ калісьці ў 90-х мы не маглі давесці, што называць горад „Роўна“ як „Рівне“ — гэта нармальна. Цяпер наконт гэтага ёсць кансенсус. Калі нам цяжка — значыць, мы на правільным шляху. Толькі жыцця на ўсё не хапае», — дадае Аксана Ляўкова і усміхаецца.


Алесь Герасіменка 18:20, 07.08.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.1839 seconds.