Sex, drugs & human rights: рэпартаж з буйнейшага фэсту паўночнай Еўропы Roskilde

Амаль 200 музычных актаў, 6 сцэнаў, болей за 100 тысячаў удзельнікаў і традыцыя, якая сыходзіць у часы хіпі — Generation.bY адзіны з беларускіх медыя адправіўся на буйнейшы музычны фестываль Паўночнай Еўропы і адну з самых вялізных музычных падзей свету — фэст Roskilde у Даніі.

Арганізатары сцвярджаюць, што Roskilde — першы па памерах музычны фэст на ўсю поўнач Еўропы, што для датчан, якія ўвесь час імкнуцца параўнаць сябе найперш з астатнімі скандынавамі, вельмі важна. Калі ж адкінуць паўсюдны брытанскі Glastonbury, тым больш брытанцы не вельмі ахвотна імкнуцца бачыць сябе часткаю Еўропы, то Roskilde (вымаўляецца прыкладна як ‘Роскіле’ — паводле назову гарадка, ля якога ўсё і адбываецца) можна назваць буйнейшым на еўрапейскім кантыненце музычным фестывалем.

За дзень яго могуць наведаць сто тысячаў чалавек — на 20 тысячаў болей, чым можа прыняць самая вялікая пляцоўка фэсту. Так было з Rihanna у мінулым годзе і з The Rolling Stones сёлета. Для параўнання, бліжэйшы да Беларусі з 20-ткі буйнейшых у свеце падобных фэстаў Sziget у апошнія гады наведваюць за дзень не болей за 65 тысячаў чалавек.

Калі трапляеш да першай і галоўнай (Аранжавай) сцэны фэсту, ахвотна верыш у гэтыя лічбы. На сцэне — The Rolling Stones. Няясна, хто пабачыў за свой час болей — ролінгі, якія ў 2012 чарговым турам святкавалі паўстагоддзя на сцэне, ці гэтая антыкварная сцэна з двума купаламі, што ў 70-х паўстала на фестывалі адмыслова для выступу The Rolling Stones.

«The Rolling Stones выкарыстоўвалі гэту сцэну 8 разоў. На Orange Scene Queen у Гайд Парку ў Лондане далі адзін з самых сваіх знакамітых выступаў», — кажа валантор Roskilde Ульрык, які адказны за галоўны сымбаль фестывалю яшчэ з 70-х.

Канчаткова знішчаныя Strawberry Fields

І ўсё ж Roskilde маладзейшы за ролінгаў, і зусім троху за Вудсток, што стаў апагеем эры хіпі. Праз два гады пасля Вудстоку хіпарства зусім ужо канчаткова перакінулася за Заходнюю Еўропу, і мясцовыя студэнты хутка зладзілі адпаведную падзею, найперш для некалькіх тысячаў дацкіх дзяцей кветак.

Цягам наступных гадоў фестываль рос увесь час, а навакольныя клубнічныя палі тапталіся ўсё болей татальна, пакуль і зусім не зніклі з гарызонту. Іх замяніла абходжаная дзясяткамі тысячаў ботаў пустэча. Запоўненая заеддзю і горамі смецця. Нягледзячы на ўсе намаганні арганізатараў і заахвочванне ўдзельнікаў да чысціні.

«Наша намётавае мястэчка служыць мадэллю для навукоўцаў, якія імкнуцца зразумець, як будуць выглядаць гарады будучыні», — арганізатары фэсту спрабуюць павярнуць складаную экалагічную сітуацыю на Roskilde на сваю карысць. Але пакуль ад смецця, якое штодзённа прадукуе сапраўдны сярэдні нават па беларускіх памерах горад у 100 тысячаў чалавек, перманентна атрымалася ачысціць толькі невялічкую аддаленую частку кемпінгу.

Астатняя ж частка наведвальнікаў Roskilde 8 дзён жыве ў даволі экстрэмальных умовах, ад чаго, канешне ж, традыцыйна ратуе алкаголь (у дацкай дозе гэта прыкладна 12 гадзін спажывання піва перад адпраўкаў да сцэны) і лёгкія наркотыкі.

«Галоўнае адрозненне Roskilde ад фэстаў у Каліфорніі — вялікая свабода і магчымасць ужываць марыхуану», — тлумачыць сваё захапленне дацкім фэстам Бенджамін з Сан-Францыска, які ўжо шосты раз прыязджае на Roskilde.

«Ты ведаеш, я ўвогуле не спажываю такія рэчы. Але як адмовіцца, калі сядзіш дзесьці з сябрамі? Гэта частка тусоўкі. І гэта не праблема. Галоўнае, не спрабуй цяжкія наркотыкі», — інструктуе перад адпраўкай на фэст мой выкладчык ва ўніверсітэце Орхусу Мортэн. Ён ужо даўненька не наведваў фэст у Roskilde. Але раней за 8 гадоў удзелу ў фэсце, Мортан паспеў зрабіць зайздросную кар’еру ў якасці… валантора.

Кар’ера фестывальнага валантора

«Калі я пачынаў валанцёрыць, то даводзілася чысціць прыбіральні. Але ў апошнія гады ў мяне быў вельмі добры занятак, які, галоўнае, пакідаў шмат часу на сам фэст: я правяраў кабінкі, дзе жылі музыкі. Каб нічога не паламалі», — кажа Мортан.

Трэці дзясятак жыцця, праведзены ў тым ліку ў якасці валантора на буйнейшым фэсце — зусім не дзіўная рэч для Даніі. Болей за тое, у 31-тысячным войску, ад якіх, уласна, і залежыць уся арганізацыя фэсту, не толькі абсалютна аднолькавая доля мужчын і жанчын (чым, зноўку, неверагодна ганарацца датчане), але і тысячы 30-, 40-, нават 50-гадовых валантораў. Яны валантораць тут амаль ад пачатку фестывалю, робячы кар’еру не толькі ў рэальным жыцці, але, як і Мортан, у фестывальным.

«Мой настаўнік узяў мяне на фестываль, калі мне было 16, — распавядае 53-гадовая валанторка Петэр Дам, якая адказная за адбудову фестывальных плотаў. — Мая „рэальная“ праца — даваць дазволы на культурныя івэнты ў Капенгагене, і адна з прычынаў, дзякуючы якой я атрымала гэту працу — усе тыя рэчы, якім я навучылася на фестывалі».

Fuck Poor!

«Fuck Poor. Let’s party!» — гэта адно са шматлікіх графіці, створаных адмыслова для фэсту, вельмі добра адлюстроўвае стаўленне многіх удзельнікаў фэсту да таго, што адбываецца ў Roskilde цягам васьмі дзён. Фестываль некамерцыйны, грошы, заробленыя на вельмі нятанных квітках (поўны каштуе каля $350), адпраўляюцца на дабрачыннасць. Найперш на дапамогу арганізацыям, што займаюцца вырашэннем надзённых сацыяльна-палітычных праблем грамадства.

Напрыклад, такім арганізацыям, як «Зона права», заснаваная ў Расеі ўдзельніцамі гурту Pussy Riot (пра тое, як сустракалі Pussy Riot, чытайце ў нашым рэпартажы). Дацкая моладзь — адна з найбольш палітычна актыўных на кантыненце, і «служыць грамадству» — звычайная жыццёвая мэта. Адна з многіх, але чаму б і не? Вось і шматгадовае валанторства на фэсце — добрая магчымасць дапамагчы. Пры гэтым адно з найбольш папулярных тату, якія можна зрабіць на фэсце — атрымаць на ўласным целе адну з 6773 літар Дэкларацыі правоў чалавека. Каб памятаць, што ў кагосьці няма магчымасці апеляваць да гэтай дэкларацыі.

Але рухавікамі ўсяго выступаюць тут найперш датчане — яны могуць дазволіць сабе пакінуць на фэсце ў сярэднім $500, не ўлічваючы кошт квіткоў. Раней у Roskilde было нашмат болей замежнікаў, але эканамічны крызіс у Еўропе моцна змяніў сітуацыю. Хаця арганізатары імкнуцца вярнуць іншаземцаў на фэст, разлічваючы найперш на ўдзел іншых скандынаваў: нарвегаў і шведаў. Недарэмна найбольшую ўвагу (пасля грандаў галоўнай сцэны кшталту Stevie Wonder, Outkast ці Arctic Monkeys) тут прыцягваюць гіпермаладыя і дзявочыя калектывы з Швецыі і Даніі, напрыклад, «90th bitch» Icona Pop і Mø, якія вельмі арганічна спалучаюцца з амерыканскімі трайняшкамі Haim, што, як і многія іншыя на фэсце, на Roskilde прыехалі адразу з Glastonbury.

«Граць на Roskilde — гэта адрозная рэч, чым граць на іншых фэстах, — кажа кіраўнік праграмнай дырэкцыі фестывалю Андэрс Уохрэн, які цэлы год працаваў над пошукам амаль двух соцень выканаўцаў для фэсту. — Мне падаецца, наша аўдыторыя шукае нешта новае. І гэта адчуваюць самі музыкі, калі вяртаюцца дадому з пачуццём, як моцна адрозніваецца аўдыторыя [на Roskilde]. Шмат квіткоў прадаецца не праз канкрэтныя гурты, але праз агульнае адчуванне фестывалю».

Андэрс, дарэчы, таксама пачынаў у 96 годзе ў якасці валантора. Цяпер ён тут галоўны па музыцы, і гэта дазваляе яму троху перанакіраваць фокус фэсту. Напрыклад, на хіп-хоп:

«Хіп-хоп працуе вельмі добра ў пачатку дня. Ён дазваляе раскруціцца», — кажа Андэрс. І заўважае, што музычная індустрыя ў ЗША змянілася, што дазваляе запрашаць болей свавольных хіп-хоп выканаўцаў з Амерыкі.

«Мне сумна гэта казаць, але цяпер фестывальнае жыццё моцна змянілася, — тлумачыць валантор Ульрык, які на Roskilde з 70-х. Ульрык даглядае галоўную сцэну фэсту і згадзіўся правесці па ёй невялікую экскурсію для журналістаў. — Наркотыкі і шматлікія дзяўчыны, што суправаджаюць гурты ў турах, адышлі ў мінулае. Цяпер гурты зарабляюць на турах, а не на запісах, таму і ў іх час яны цалкам выкладаюцца», — сканчае ён думку, і ў гэты самы момант да нас прылятае дакладны пах марыхуаны. Верагодна, ягоная крыніца — у адной з кабінак, дзе музыкі чакаюць свайго выхаду на сцэну. Ульрых смяецца і заўважае, што не ўсё яшчэ страчанае.

У старой печы паляць чэрці

«А ты ведаеш усе іхнія песні?» — дзяўчына, па выглядзе выпускніца гімназіі (у Скандынавіі гэту апошнюю стадыю сярэдняй адукацыі праходзяць у гадоў 19) прымушае мяне адчуць сябе даволі старым. — «Мая маці прасіла патэліць ёй, калі яны будуць спяваць Angie». Я абяцаю даць знак, калі The Rolling Stones заспяваюць гэты 40-гадовы гіт, але Angie так і не гучыць. Дзяўчына сыходзіць у роспачы, не даслухаўшы больш чым двухгадзінавы канцэрт Ролінгаў.

Але 19-гадовыя — хутчэй выключэнне на выступах The Rolling Stones:

«Яны могуць прадаць стадыён у Капенгагене за некалькі гадзін, але там амаль не будзе 20-гадовых. Таму для Rolling Stones выступ на нашым фэсце — гэта яшчэ і інвестыцыя ў будучыню», — іранізуе Андэрс.

Агулам, прыемна бачыць, што аўдыторыя RS састарэла не менш годна за саміх музыкаў. Канешне, некаму з іх ужо нялёгка вытрымаць на ўласных нагах 2-гадзінны драйв 71-гадовага Міка (не музыкам, канешне — 60-70-гадовым фанатам). Але ёсць і такія жвавыя пенсіянеркі, хто лёгка заскоквае на плечы 20-гадовых хлопцаў (што дарэчы забаронена) і таньчаць увесь канцэрт, трасучы сівымі галовамі. І гэта цудоўна!

Раскіле — гэта спантаннасць і энергія, любоў і страты, давер і нечаканасць. Зрэшты, як і любая падобная падзея, дзе дзясяткі тысячаў маладых людзей, неабавязкова вызначаных такімі паводле ўзросту ў пашпарце, збіраюцца на тыдзень, каб разам святкаваць дадзеную ім маладосць і свабоду.

Фотаздымкі: Алесь Герасіменка / Generation.by, Lars Just, Vegard S. Kristiansen, Christian Hjorth, Jacob Dinesen / Roskilde Festival


Алесь Герасіменка 17:00, 10.07.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.1653 seconds.