Pussy Riot як супер-зоркі Заходняй Еўропы


Фота: information.dk

На буйнейшым фестывалі Еўропы Roskilde удзельніц расейскага гурта Pussy Riot Надзею Талаконнікаву і Марыю Алёхіну успрымалі як супер-зорак. Дзяўчыны не спявалі на сцэне і нават не апраналі свае вядомыя балаклавы, але выклікалі шматлікія авацыі. Алесь Герасіменка піша з Даніі пра тое, як тамтэйшая моладзь захапляецца Pussy Riot, навошта Гугл-транслэйт палітвязням, і як вядомыя расейскія актывісткі сочаць за беларускім мэйнстрымам.

Яшчэ зраніцы, гуляючы па бязмежных прасторах Roskilde, я заўважыў нешта дзіўнае: па ўсім гіганцкім полі фэсту тут і там сустракаліся хлопцы і дзяўчыны, што ўважліва ўглядаліся ў фота на чацвёртай старонцы штодзённай фестывальнай газеты Orange Press. У газеце можна было пабачыць вядомых удзельніц расейскага гурта Pussy Riot Надзею Талаконнікаву і Марыю Алёхіну: па выглядзе, звычайных маладых дзяўчат — зусім такіх самых, якія тысячамі хадзілі ў гэты час па фестывальных пляцоўках у чаканні пачатку выступаў гуртоў. Ні знакамітых балаклаваў, у якіх яны аднойчы выскачылі да алтару храма Хрыста Збаўцы ў Маскве, што ў выніку і праславіла іх на ўвесь свет. Ні турэмнай вопраткі, у якой дзяўчыны прахадзілі амаль два гады.

Артыкул у фестывальнай газеце анансаваў «прамову», з якой дзяўчыны мусілі выступіць праз некалькі гадзін на адной з пряцовак Roskilde.

І яшчэ мацней мяне здзіліва сустрэча, якую зладзіла расейскім феміністкам публіка фэсту. Уражаным застаўся не толькі я:

«Мы такога не чакалі. І падобнай сустрэчы не мелі раней ніколі», — Надзея Талаконнікава разам з Маряй Алёхінай выглядаюць троху шакаванымі пасля, здавалася б, звычайнай размовы з дацкім журналістам на сцэне, якая ператварылася ў сапраўднае шоў.

Цягам амаль гадзіны натоўп у некалькі тысячаў чалавек — пераважна дацкай моладзі — у душным ангары адной з сцэнаў фэсту ўслухоўваецца ў кожнае слова двух расейскіх праваабаронцаў (тут іх ведаюць найперш як «расейскіх феміністак») і паступова ўваходзіць у экстаз ад кожнага іхняга сказу. Публіка крычыць, энергічна пляскае ў далоні і выдае гучнае «бууу!..» калі справа заходзіць пра расейскую анексію Крыма, — карацей, усяляк дае зразумець, што падтрымлівае дзяўчын.

Вядоўца імпрэзы — пенсійнага выгляду дацкі журналіст — пэўна, каб патлумачыць моладзі, з якой краінай дзяўчатам даводзіцца мець справу, распавядае, як у 1975 у час свайго першага наведвання Савецкага Саюзу, у яго атрымалася прадаць свае джынсы за 100 савецкіх рублёў.

«Гэта было 2/3 ад тагачаснага заробку доктара», — прыгадвае сівавалосы журналіст, і заля вітае яго з камерцыйным поспехам 40-гадовай даўніны.

«Мы хочам, каб вы ведалі: Расія — гэта не толькі Пуцін. І цяпер у нас шмат хто выступае супраць таго, каб Расія зноўку стала імперыяй. І мы супраць ізаляцыі Расіі», — кажа Алёхіна.

«Вы, напэўна, спадзяваліся, што мы будзем цяпер спяваць? — 24-гадовая Надзея Талаконнікава бярэ на сябе асноўную адказнасць за рэплікі ад імя Pussy Riot. — Але першае, што мы забаранілі сабе рабіць у межах творчага напрамку, якім мы займаемся [ён завецца акцыянізм], — гэта спяваць на легальных пляцоўках».

І зноўку публіка рэагуе вельмі пазітыўна.

Экзатычная садавіна

«Такое стаўленне да Pussy Riot звязанае з вялікай увагай прэсы да дзяўчын, — тлумачыць музычны журналіст Свен Рюгаард. — Яны экзатычныя. Бо з Расеі», — растаўляе Свен усё па месцах.

Сваю экзатычнасць дзяўчыны лёгка ператвараюць у сацыяльны, палітычны і нават эканамічны капітал. Фестываль Roskilde, у прынцыпе, арганізатарам грошай не прыносіць і усё заробленае траціць на дабрачыннасць. Найперш сацыяльную, як дапамогу арганізацыям, што займаюцца барацьбой з моладзевым беспрацоўем. З гэтага фэсту дзяўчыны з’язджаюць з дадаткам у бюджэт нядаўна заснаванай імі НДА «Зона права»: фестываль абвесціў аб пералічэнні арганізацыі 300 тысячаў крон (болей за 50 тысячаў даляраў).

Цяпер Pussy Riot вандруюць па свеце, распавядаюць пра сябе і просяць дапомогі ў зменах.

«Мы спрабуем дапамагаць людзям, якія хочуць ствараць у турме, — кажа Талаконнікава. — Я ведаю, што самае страшнае, калі ты пазбаўляешся таго, што стварыў у турме».

Іхнюю ініцыятыву па дапамозе людзям у зняволенні дзяўчыны абяцаюць пашырыць і ва Украіне. Беларусь пакуль далекавата ад іхняга фокусу, але за падзеямі ў нас Pussy Riot таксама сочаць:

«Блін, забылася рэтвітнуць пра плакат „Пуцін, пайшоў на хуй!“, што ў Мінску ўчора вывесілі», — даведаўшыся, што я з Беларусі, дэманструе Алёхіна дасведчанасць у нашых справах.

На вялікай прэс-канферэнцыі адразу тут, па-за сцэнай фэсту, Талаконнікава распавядае журналістам з усёй Еўропы пра праблемы людзей, што сядзяць у турмах у Расеі, маляўніча апісвае жыццё расейскіх праваабаронцаў і заклікае гугліць «Краматорск», каб пабачыць увесь цяжар сітуацыі ва Украіне. Еўрапейскія журналісты абяцаюць абавязкова пагугліць. І расхопліваюць расейскіх дзяўчын для індывідуальных інтэрв’ю. З’яўленне ў вечаровых навінах Pussy Riot зноўку забяспечанае.

«Карыстайцеся Гугл-транслэйтам»

«Цяпер вы ралявая мадэль для нас!» — абвяшчае напрыканцы сустрэчы з моладдзю дацкі журналіст і публіка гучна вітае гэты факт. Датчане просяць, каб іх троху павучылі, як жыць і што рабіць.

«Мы не вельмі паважаем аўтарытэты», — Надзея Талаконнікава адмаўляецца вучыць скандынаваў жыццю, на што аўдыторыя зноўку рэагуе пазітыўна. «Галоўнае, — працягвае яна, — ніколі не кажыце сабе няпраўду. І карыстайцеся Гугл-транслэйтам, калі пішаце лісты палітзняволеным».


Алесь Герасіменка 18:01, 08.07.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.1892 seconds.