Квіткі на літоўскі фэст Galapagai з'явіліся ў продажы

Стартаваў продаж квіткоў на фэст Galapagai, які адбудзецца 1-2 жніўня на мяжы Літвы, Латвіі і Беларусі. Сярод хэдлайнераў мерапрыемства беларускія гуты "Крамбамбуля" і "Без билета", а таксама The Baseballs (Германія), Supersci (Швецыя), Mr. Woodnote (Вялікабрытанія). 

– На нашым фэсце мы збіраем свежую, яскравую і завадную музыку з розных краін, – распавядае дырэктар Galapagai Альгірдас Барнішкіс. – У нас ёсць рок, ёсць хіп-хоп, ёсць танцавальная музыка, ёсць нават тое, што немагчыма апісаць тэрмінамі, але дакладна вясёлае і пазітыўнае. Па досведу мінулых год я ўпэўнены, што беларускія гурты дададуць фэсту фарбаў. Год таму на выступе "Ляпісаў" у нас літоўцаў было амаль столькі ж, як і беларусаў.

– На Galapagai заўсёды атмасфера сапраўднага еўрапейскага фэсту – без дурных забаронаў і незразумелых абмежаванняў, – тлумачыць франтмэн "Крамбамбулі" Лявон Вольскі, які граў на фэсце два гады таму. –  Там завязваюцца міжнародныя сяброўствы за куфлем піва ці кубкам кавы, там шмат рознай музыкі і добрых людзей. Таму ўсіх з задавальненнем запрашаю наведаць усё мерапрыемства, а не толькі наш выступ.

Фэст адбываецца на востраве пасярод возера ў гарадку Зарасай у 131 кіламетры ад Вільнюса, 70 км ад Браслава (праз Даўгаўпілс). Даехаць туды можна на адмыслова арганізаваным бас-туры, а таксама на асабістым аўто альбо на цягніку з Вільні (да станцыі Турмантас, далей маршрутка).

Бясплатная віза: квіткі на гэты фэст забяспечаны бясплатнымі візамі з тэрмінам знаходжання з 1 да 3 жніўня ўключна. Падача дакументаў традыцыйна спрошчаная – даведкі з месцы працы/навучання, пацверджанні платаздольнасці не патрэбныя. Падрабязная інфармацыя па запаўненні анкет і іншых нюансах – www.shabli.by 

Умовы продажу квіткоў: адзін квіток на адзін пашпарт. Калі вы не маеце дзейнай візы, для набыцця квітка вам трэба спачатку зарэгістравацца на падачу дакументаў у амбасадзе Літоўская Рэспублікі ў Беларусі на даты з 1 па 23 ліпеня (электронны запіс на сайце http://by.mfa.lt) і раздрукаваць пацверджанне рэгістрацыі. Новыя месцы на падачу дакументаў з’яўляюцца кожны працоўны дзень. 

Продаж квіткоў: з 26 чэрвеня толькі на офісе агенцыі "Шаблі": горад Мінск, вуліца Чарвякова 6, пад’езд 3, цокальны паверх (з 9:00 да 19:00 гадзін у працоўныя дні).

Кошты на квіткі: стандартны (ўваход і месца ў кемпінгу) – 420 тыс. руб, аўтобусны тур у два бакі – 500 тыс. руб. Квіткі катэгорыі "Камфорт" (гатовы для пражывання намёт + спальнікі + цішоткі фесту + шампанскае + кава раніцай): на 2 чалавекі – 1 900 тыс. руб., на 3 чалавекі – 2 720 тыс. руб., на 4 чалавекі – 3 550 тыс. руб.  

Інфалінія ў Беларусі: +375 33 6555596; +375 29 6555596, +375 17 395 05 65.

14:00, 30/06/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.2781 seconds.