Што адбываецца ў ЕГУ?


Нечакана студэнты ЕГУ таксама заявілі аб сваёй пазіцыі, развесіўшы такія паведамленні
ў навучальным корпусе ўніверсітэту. Аўтар здымка Марыля Сляпцова

У навінавых стужках надта часта пачалі з’яўляцца паведамленні, прысвечаныя Еўрапейскаму гуманітарнаму ўніверсітэту — ВНУ, што ў наступным годзе мусіць адсвяткаваць 10-годдзе свайго выгнання з Мінску. Але на гэта пытанне адказ не могуць даць не толькі шарагоўцы, але і самі студэнты ўніверсітэту. Што ж сапраўды адбываецца з ЕГУ, і што чакае яго наперадзе?

«Беларусь знаходзіцца ў вельмі дзіўным становішчы. Яна ўвогуле дрэйфуе ў супрацьлеглым [ад Еўропы] накірунку!» — бяззменнаму рэктару Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Анатолю Арсеньевічу Міхайлаву давялося не першы раз тлумачыць, што адбываецца ў Беларусі. За апошнія 10 гадоў 74-гадовы рэктар пабываў у некалькіх дзясятках краінаў, дзе кожны раз яму даводзілася распавядаць, што адбываецца ў Беларусі і навошта паважаным уладальнікам дабрачынных фондаў, інстытуцый, кіраўнікам цэлых краін трэба вылучаць грошы на існаванне невялікага, памерам у адзін звычайны факультэт, універсітэту на ўскрайку Еўрапейскага саюзу. Гэтым разам распавядаць што да чаго ў Беларусі выпала магчымасць на сустрэчы з студэнтамі ўніверсітэту, прысвечанай новай хвалі абмеркаванняў лёсу ЕГУ. Нехта называе цяперашнія дыскусіі крызісам, а нехта — «натуральным працэсам» і «неабходнымі рэформамі».


Сустрэча рэктара ЕГУ са студэнтамі ўніверсітэту, што былі пакліканыя ў офіс рэктара пасля пачатку чарговага публічнага абмеркавання дзейнасці ўніверсітэту

«Быў агульны праект і агульная казка. Праект зваўся ЕГУ. А казка была пра востраў свабоды ў балоце аўтарытарызму. […] Праект яшчэ ёсць. А вось казкі ўжо няма», — тлумачыць пазіцыю першых у студэнцкай газеце The EHU Times адзін з найбольш вядомых у Беларусі выкладчыкаў універсітэту Максім Жбанкоў. Яшчэ 10 гадоў таму ён побач з іншымі выкладчыкамі і студэнтамі пратэставаў на Кастрычніцкай плошчы Мінску супраць закрыцця ЕГУ. Цяпер ён стаў сведкам новага захаду чароўнай казкі пра Еўропу.

«Першыя» — гэта група выкладчыкаў універсітэту (хто ўваходзіць у яе, публічна не абвяшчаецца, вядомыя толькі некалькі прозвішчаў), якая прыкладна год таму занялася стварэннем раней нябачнай з’явы для ЕГУ: прафсаюзу. Арганізацыя атрымала назоў «За новы ЕГУ», а хутка з’явілася і праграма арганізацыі. Праграма заклікала да вяртання да нечага, што можа нагадаць «ідэалы 2006» — часу, калі ўніверсітэт толькі апынуўся за мяжой і, пераважна, маладыя даследчыкі, што «рызыкнулі рэпутацыяй і дабрабытам», узяліся за стварэнне зусім новай беларускай рэальнасці. Без курсаў па ідэалогіі, суботнікаў і ячэек БРСМ. Пэўна, найбольш цікавы пункт праграмы, што мусіць хваляваць беларусаў, далёкіх ад універсітэту, патрабуе «Аднавіць сувязі з беларускім грамадствам і ператварыць ЕГУ ў актыўнага сацыяльнага актара ў Беларусі і для Беларусі». Прасцей кажучы, выкладчыкі ўніверсітэту хочуць вывучаць менавіта Беларусь, шукаць адказы на праблемы, звязаныя з нашай краінай і вучыць гэтаму ж сваіх студэнтаў. Гэткая навуковая беларусізацыя (пра моўную беларусізацыю дыскусіі амаль няма, хаця ўсім ясна, што беларускай у ВНУ з кожным годам усё меней) не дарэмна хвалюе даследчыкаў: хто як ні яны здольныя вывучаць Беларусь, у той час як у самой Беларусі многія галіны навукі скаваныя ідэалагічнымі перашкодамі.

Прафсаюзная праграма з’явілася за некалькі тыдняў да знакавай падзеі ў жыцці ўніверсітэту: выбараў у Сенат. Гэткім дзіўным слоўцам завецца галоўны орган самакіравання ўніверсітэту. Зрэшты, паводле аднаго з лідэраў прафсаюзнага руху ўніверсітэту, Паўла Церашковіча, Сенат (не тое, што раней) ужо мала што вырашае. Але нават кансультатыўны орган пры кіраўніцтве (некаму гэта можа нагадаць беларускі парламент пры прэзідэнце) здольны на нешта ўплываць. Калі, вядома, захоча. У выніку, платформу «За новы ЕГУ» падпісала большасць з тых, хто балатуецца ў Сенат.

Павал Церашковіч, які дагэтуль займае пасаду старшыні Сенату, прадстаўляе даволі тыповы прыклад даследчыка з ЕГУ, які ператварыўся ў крытыка кіраўніцтва. Пасля ліквідацыі праграмы беларусістыкі — тут вялікая доля курсаў была па-беларуску — ён сышоў з пасады кіраўніка Дэпартаменту гісторыі (нешта накшталт беларускай кафедры).

«Праблема цяпер у выбары далейшага шляху, гэта значыць — мы ўжо дастаткова сталы праект, але што рабіць далей? — кажа старшыня Сенату ў час тэматычнай дыскусіі, арганізаванай парталам „Новая Эўропа“. — Гэта значыць, мы не можам — або наша адміністрацыя не можа — дакладна сказаць, якім праектам з’яўляецца ЕГУ. Гэта беларускі нацыянальны ўніверсітэт? Гэта нацыянальны ўніверсітэт у выгнанні? Гэта літоўскі ўніверсітэт? Гэта міжнародны ўніверсітэт? Ці гэта каланіяльны ўніверсітэт?»

Гэтыя пытанні цяжка назваць новымі. Ідэя стварэння беларускага нацыянальнага ўніверсітэту абмяркоўваецца яшчэ з 90-х (калі не з 20-х) гадоў. Але кожны з варагуючых лагераў (цяжка назваць гэту сітуацыю інакш, калі ўгледзецца ў рыторыку афіцыйнага кіраўніцтва і прадстаўнікоў прафсаюзу) мае ўласны адказ на гэта пытанне.

Аднак не толькі «ідэнтычнасць універсітэту» турбуе бакі. Большасць выкладчыкаў жывуць у стане нявызначанасці. Яны не маюць сталага віду на жыхарства ў краіне, дзе працуюць, нават пастаяннага кантракту з універсітэтам. Усё большую колькасць кіроўных пасадаў займаюць літоўскія даследчыкі, якія наўрад ці валодаюць беларускай. Беларускія студэнты таксама размываюцца замежнікамі. І ладна, каб з Брытаніі ці Францыі: цяпер універсітэт як ніколі актыўны ў пошуку абітурыентаў у расейскамоўных рэгіёнах былога Савецкага Саюзу. Напрыклад, у Калінінградзе і Украіне.

Да таго ж многія з выкладчыкаў універсітэту не маюць магчымасці выкладаць у Беларусі. Некаторых, праўда, выгналі нават з ЕГУ. «Выгнаннікам» лічыць сябе і адзін з стваральнікаў ЕГУ і колішні паплечнік рэктара Міхайлава доктар філасофіі Уладзімір Дунаеў. Былы прарэктар лічыў, што звольнены ён быў за іншае бачанне «ўніверсітэцкай аўтаноміі» — калі выкладчыкі самі вырашаюць, як кіраваць універсітэтам. А таксама за «абмеркаванне тэмы магчымага вяртання ЕГУ ў Беларусь». Выглядае, цяпер у ЕГУ мала хто марыць пра вяртанне ў Беларусь. Калі нават звярнуцца да тэматыкі Беларусі ў сваіх даследаваннях ужо не так проста. Пра здольнасць выкладчыкаў уплываць на рашэнні кіраўніцтва кажа цяперашняе публічнае абмеркаванне справаў універсітэту: праз некалькі тыдняў пасля пачатку дыскусіі і за чатыры дні да выбараў у Сенат рэктар падпісаў дакумент пад назовам «Кодэкс паводзінаў». Цяпер усе ЕГУшнікі: ад студэнта да самых вядомых выкладчыкаў — могуць патрапіць пад адказнасць за распаўсюд неабгрунтаванай інфармацыі пра ўніверсітэт. Як кажа Павал Церашковіч, пра Кодэкс да моманту падпісання ён не чуў і з выкладчыкамі ніхто ягоны тэкст не абмяркоўваў.

Кіраўніцтва ўніверсітэту кажа пра неабходнасць рэформаў, падвышэння якасці адукацыі, умоваў жыцця выкладчыкаў і наракае на Беларусь: адтуль ніякай падтрымкі няма: «Мы пераадолелі шматлікія выклікі, каб стацца тым, чым мы ёсць сёння, і мы з поўным правам можам ганарыцца, аднак яшчэ не час на адпачынак. Мы мусім увесь час імкнуцца падвышаць якасць нашай працы», — гэтак акрэсліў цяперашні стан ЕГУ рэктар Міхайлаў у сваім адказе на патрабаванне выкладчыкаў.

Скандальны сыход прарэктара ЕГУ Дунаева адбыўся ў 2008. Праз год забаставалі выкладчыкі паліталогіі. Яны таксама патрабавалі аўтаноміі і пазбавіліся пасадаў. Праз тры гады паліталогія спыніла набор студэнтаў. Цяпер развіццём праграмы пад назовам «Сусветная палітыка і эканоміка» займаецца літоўскі філосаф.

Гэтым разам у апазіцыі кіраўніцтву апынулася самая буйная група выкладчыкаў за ўвесь час. Ці зменіць цяперашні крызіс нешта ў самым цікавым адукацыйным праекце Беларусі? Пэўна, на гэта пытанне мы ўжо вельмі хутка атрымаем адказ, бо ўжо сёння, 19 лістапада, мусяць адбыцца выбары ў Сенат універсітэту. Галасаваць маюць права толькі выкладчыкі. У горшым выпадку паразы прафсаюзу мы станем сведкамі страты пазіцый адных з найбольш таленавітых беларускіх выкладчыкаў і даследчыкаў і, магчыма, сыходу некаторых з іх з ужо літоўскага ўніверсітэту. У лепшым — лёс ЕГУ яшчэ можна будзе абмеркаваць. Можа быць, нават без страху стаць ахвярай палажэнняў «Кодэксу паводзінаў».

Вынікі выбараў у Сенат ЕГУ

Як паведамілі Generation.by дэмакратычная платформа «За новы ЕГУ», на сённяшніх выбарах у Сенат прайшлі 12 з 13 прадстаўнікоў прафсаюзу. У выніку, 12 з 15 чальцоў Сенату, якія абіраюцца выкладчыцкай супольнасцю, будуць прадстаўнікамі платформы.

У новы Сенат прайшлі:

  • Андрэй Горных, прафесар
  • Аляксей Крывалап, лектар
  • Андрэй Лаўрухін, дацэнт
  • Павел Церашковіч, прафесар
  • Альміра Усманава, прафесар
  • Таццяна Шчытцова, прафесар
  • Алена Тоўсцік, лектар
  • Сяргей Харэўскі, лектар
  • Андрэй Ралёнак, лектар
  • Вольга Шпарага, дацэнт
  • Кацярына Кузняцова, лектар
  • Ала Сакалова, прафесар
  • Максім Жбанкоў, дацэнт
  • Ала Пігальская, лектар
  • Аляксандр Кавалёў, дацэнт

Платформа аб’яднала выкладчыкаў, нязгодных з прапанаваным адміністрацыяй ВНУ планам развіцця ўніверсітэта. «Перамога на ўніверсытэцкіх выбарах дэмакратычнай платформы — пацвярджэнне таго, што большасць выкладчыкаў абірае новы ЕГУ», — лічаць новаабраныя сенатары.


Алесь Герасіменка 18:30, 19.11.2013 | Артыкулы |




comments powered by Disqus
 
In 0.047 seconds.