«Апошні золак» – вядомыя музыкі супраць смяротнага пакарання

На пачатку кастрычніка вядомыя беларускія музыкі прадставяць новы супольны праект «Апошні золак», у якім возьмуць удзел Лявон Вольскі, Ганна Хітрык, Зміцер Вайцюшкевіч ды іншыя выканаўцы.

– «Апошні золак» працягвае традыцыі супольнасці, закладзеныя ў свой час праектамі «Народны альбом», «Я нарадзіўся тут» і «Сьвяты вечар». Толькі гэтым разам прысвечаны іншай істотнай і актуальнай тэматыцы – праблеме смяротнага пакарання, – тлумачыць каардынатар праекта Сяргей Будкін.

У межах праекта 7 беларускіх выканаўцаў прадставяць свае песні, у якіх распавядуць пра асноўныя спосабы прывядзення ў выкананне выключнай меры пакарання. Палова з 14 песень праекта – новыя кампазіцыі, другая палова – вядомыя песні, але ў новых версіях.

Сярод удзельнікаў праекта таксама Аляксандр Памідораў, Наста Шпакоўская, Віктар Рудэнка і Алесь Дзянісаў. Усе выканаўцы публічна выказваліся за адмену смяротнага пакарання, але спадзяюцца, што «Апошні золак» прыцягне дадатковую ўвагу да праблемы і паспрыяе спыненню падобнай практыкі ў Беларусі.

– Гэты праект – спроба закрануць тэму больш глыбока, чым проста сказаць некалькі словаў, якія хутка губляюцца ў інфармацыйнай плыні, – лічыць Зміцер Вайцюшкевіч. – Мастацкае выказванне мае іншую моц і трываласць, яно кранае іншыя струны. Да таго ж менавіта мастацтва з’яўляецца адным з вышэйшых праяўленняў чалавечай натуры, а смяротнае пакаранне – адным з ніжэйшых.

Беларусь з’яўляецца апошняй краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе захавалася смяротнае пакаранне. За апошнія 17 год было здзейснена каля 400 расстрэлаў і быў толькі адзін выпадак, калі смяротны прысуд быў заменены на турэмнае зняволенне.

11:40, 12/09/2013 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0963 seconds.