У конкурсе Басовішча перамаглі адразу два гурты — KilFil і iLi-iLi
Адразу два гурты перамаглі сёлета на конкурсе фестывалю «Басовішча». Яны атрымалі роўную колькасць балаў ад журы. Арганізатары прапануюць абодвум выступіць на фестывалі.
Штогадовы фестываль музыкі маладой Беларусі «Басовішча» традыцыйна праводзіць конкурс маладых гуртоў. У ранейшыя гады пераможцаў абіралі па выніках выступу гуртоў на самім фестывалі ў межах фіналу конкурснай праграмы. Сёлета ж было вырашана правесці ўвесь конкурс загадзя паводле запісаў. Журы ў складзе Вячаслаў Радзівонаў (Ultra Music), Юра Сідун (Generation.by), Зміцер Безкаравайны (Experty.by), Сяргей Будкін (Budzma.org), Павал Грэсь (Фонд Villa Sokrates), Матвей Сэвастыянік (БАС) абірала з 28 гуртоў.
Абодва сёлетніх пераможцы маюць у сваім складзе ўдзельнікаў з ўжо добравядомых у Беларусі гуртоў.
Гурт iLi-iLi пачаў сваю актыўнасць у 2011 годзе. У яго склад ўваходзяць два ўдзельнікі добравядомага праекту «Дзецідзяцей», які ў чэрвені 2010 прыпыніў сваю дзейнасць. Гурт працуе на рускай і беларускай мовах. Сайт гурта ili-ili.org.
Фота Ultra-music.com
Гурт KilFil быў заснаваны ў снежні 2012 году. На вакале ў ім Алесь Кот-Зайцаў, вядомы як лідар гурта «Босае Сонца». Гурт грае сумесь электроннай і жывой музыкі і працуе на рускай і беларускай мовах. Паслухаць іх творчасць можна на сайце kilfil.com.
Фестываль «Басовішча» адбудзецца 19-20 ліпеня. Поўная праграма фэсту з’явілася тыдзень таму.