Апытанне: на аднаго беларускамоўнага ў Беларусі — 19 расейскамоўных

Паводле вынікаў апошняга апытання НІСЭПД, колькасць беларускамоўных у Беларусі за апошнія гады павялічылася на тры чвэрці — да 3.3% апытаных. Пры гэтым амаль кожны чацверты беларус прызнаецца, што размаўляе на трасянцы.

57.5% беларусаў размаўляць у нашай краіне ў асноўным па-расейску. Такія дадзеныя былі атрыманыя падчас апытання, праведзенага Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў на пачатку сакавіка 2013 года. У ім удзел узялі каля 1.5 тыс. чалавек, а памылка рэпрэзентатыўнасці склала не болей за 0.03.

На пытанне «Якой мовай, у асноўным, Вы карыстаецеся ў паўсядзённых камунікацыях?» толькі 3.3% адказваюць «беларускай». 15.9% размаўляць і па-расейску, і па-беларуску. А троху больш за чвэрці апытаных карыстаецца «трасянкай».

«Залаты час» беларускай прыпаў на 2004-ы

Цікава, што два гады таму ў адказ на гэтае ж самае пытанне толькі 1.9% апытаных казалі, што размаўляць штодня па-беларуску. Гэта было мінімальнае значэнне замераў НІСЭПД, дадзеныя якіх даступныя з 1995 году. Тады, дарэчы, беларускай у асноўным карысталіся 4.5%, а пік беларускамоўнасці наша краіна дасягнула ў 2004 годзе, калі выключна па-беларуску размаўлялі 7.1%.

З тых часоў лік прыхільнікаў беларускай у камунікацыі няўхільна змяншаўся, а расейскай мовы наадварот рос. Але найперш за кошт знікнення «трасянкамоўных». Амаль 20 гадоў таму кожны другі беларус лічыў, што размаўляе на трасянцы.

Але ўсё становіцца не так сумна, калі прыгледзецца да тых, хто карыстаецца і беларускай, і расейскай. Разам з выключна беларускамоўнымі нацыянальнай мовай карыстаецца амаль кожны чацверты.

«Матчына мова»?

Папярэднія даследаванні Інстытуту тлумачылі моўны выбар беларусаў «натуральнымі матывамі»: большасць з нас кажа, што іхняя мова — гэта тая, на якой мы размаўляем з дзяцінства. І, выглядае, для большасці, нягледзячы на вынікі перапісаў, гэта далёка не беларуская.

Паводле іншага даследавання сацыялагічнай лабараторыі «Новак», у 2012 годзе карысталіся беларускай прыкладна 3.9%. Пры гэтым 2.5% апытаных наагул яе не разумелі, прыкладна чвэрць апытаных разумелі гутарковую мову, але не маглі чытаць, пісаць і размаўляць. І толькі чвэрць беларусаў заявілі, што валодаюць беларускай свабодна.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3269 seconds.