На сотню сайтаў байнэту — адзін беларускамоўны

Беларускай мовы ў by-нэце толькі 1.1%, меней у 10 разоў нават за ангельскую. Кампанія W3Techs, якая збірае статыстыку тэхналогій і відаў кантэнту ў сеціве, 19 сакавіка адзначыла, што расейская мова абышла нямецкую і набыла статус другой мовы па распаўсюджанасці ў Вэб. Паспяховай інтэрнэт-экспансіі мовы сваіх ўсходніх суседзяў нямала паспрыялі і беларусы.

На першым месцы сярод 1 млн сайтаў, які аналізуе W3Techs, натуральна — ангельская мова. Не гледзячы на тое, што ў апошнія гады яе адносная прысутнасць у сеціве зніжаецца (з 57.6% у 2011 да 54.7% у сакавіку 2012). Расейская ж паказвае ўпэўнены рост: з 4.1% два гады таму да амаль 6% цяпер.

На сайтах з даменамі .by расейскай карыстаюцца ў 86.7% выпадкаў. Лепшая сітуацыя ў рускай мовы хіба што на сайтах уласна рунэта: 89.8%. Акрамя байнэту ў распаўсюдзе рускай мовы асабліва вылучаюцца сайты з казахскімі даменамі (84% па-руску), таджыкскімі (81.8%), узбекскімі (75.9%) і ўкраінскімі — 79% сайтаў на даменах .ua называюць сябе рускамоўнымі.

W3Techs асобна прадстаўляе статыстыку па распаўсюджанасці кантэнту на розных мовах на нацыянальных даменах. У байнэце паводле гэтых звестак акрамя рускай мовы сайты найбольш карыстаюцца ангельскай — 11.1%. А беларуская ж пазначаная як мова кантэнту толькі ў 1.1% выпадкаў і яе адносная колькасць паступова зніжаецца.


W3Techs: агулам беларуская мова выкарыстоўваецца на меней чым 0.006% сайтаў сеціва

Статыстыка W3Techs ствараецца на падставе тэхнічных загалоўкаў, якія апісваюць змест старонак. Варта ўлічваць, што часам гэтыя загалоўкі выстаўленыя некарэктна. Напрыклад, сайт газеты Наша Ніва рэдактары апісваюць як «Самая папулярная інтэрнэт-газета на беларускай мове», акрамя таго ён мае яшчэ рускую версію, але распрацоўшчыкі рэсурсу пазначылі увесь кантэнт як EN. Таму W3Techs лічыць nn.by ангельскамоўным сайтам. Некаторыя ж з беларускіх пераважна рускамоўных рэсурсаў наадварот пазначаюць сябе беларускамоўнымі.

Фота: Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0602 seconds.