Закрываюцца замежныя навучальныя праграмы для беларусаў

Некалькі значных адукацыйных праграмаў, што дазвалялі беларускім студэнтам атрымаць адукацыю за мяжой, сёлета не будуць дзейнічаць. Пад скарачэнне патрапіла папулярная праграма Muskie, якая дазваляла навучацца ў ЗША, а таксама, верагодна, «Адкрытая Еўропа», што фінансавалася Еўракамісіяй і дазваляла беларускім студэнтам выбраць любую ВНУ у Еўропе для працягу адукацыі. На фоне адмовы Швецыі з 2011 дапускаць да бясплатнага навучання замежнікаў і аналагічных планаў Чэхіі і Фінляндыі, у беларусаў застаецца ўсё меней шанцаў на стыпендыі ў ЕС.

Беларускія студэнты нечакана апынуліся ахвярамі «падатковай прорвы» — няздольнасці амерыканскага кангрэсу і адміністрацыі прэзідэнта дамовіцца аб бюджэтных расходах і ўзроўні падаткаў на наступны год. З-за адсутнасці бюджэту на 2013 год Дзяржаўны дэпартамент ЗША прыняў рашэнне не праводзіць сёлета конкурс стыпендыяў на навучанне ў магістратуры амерыканскіх ВНУ па праграме Muskie.

«У сувязі з бягучымі фінансавымі абмежаваннямі, Дзяржаўны дэпартамент не збіраецца абвяшчаць новы набор на праграму Muskie на 2013–14 навучальны год», — гаворыцца на афіцыйнай старонцы праграмы ў Фэйсбуку. Праграма дазваляла беларусам займець стыпендыі на атрыманне адукацыі ў ЗША. За 20 гадоў дзеяння праграмы ёй скарысталіся 5 тысячаў чалавек з краін СНД.

Нешта падобнае можа здарыцца гэтым годам і з надзвычай папулярнай праграмай «Адкрытая Еўропа» (OESS), што фінансавалася Еўрапейскай камісіяй і была накіраваная выключна на беларусаў.

«Да гэтага часу другі год OESS не была фармальна зацверджаная Камісіяй. Унутраныя кансультацыі завершацца да канца студзеня 2013 года, але канчатковае рашэнне чакаецца не раней за сярэдзіну сакавіка. Гэта значыць, што, па ўсёй верагоднасці, OESS не будзе абвешчаная на 2013–14 навучальны год. Але, верагодна, будзе набор на 2014–15 гады», — пазначыў у групе Education Opportunities for Belarusians рэгіянальны каардынатар Амерыканскай рады па міжнароднай адукацыі Кэвін Рэлінг.

У мінулым годзе стыпендыяльная праграма «Адкрытая Еўропа» ўпершыню дала магчымасць беларусам бясплатна навучацца ў любым універсітэце ЕС і асацыяваных краін па бакалаўрскай ці магістэрскай праграме. «Адкрытая Еўропа» пакрыла ўвесь кошт навучання ў выбраным універсітэце 179 беларусам. Агульны бюджэт склаў 3.6 мільёны еўра, на які прэтэндавалі 3 600 абітурыентаў, істотным для якіх было таксама праявіць «палітычную матывацыю».

Цяперашняя затрымка з вылучэннем фінансавання на праграму «Адкрытая Еўропа» таксама можа быць звязаная з бюджэтнай нестабільнасцю, на гэты раз у Еўрапейскім Саюзе. OESS, услед за некаторымі істотнымі адукацыйнымі праграмамі ЕС, як Эразмус, магла стаць ахвярай спрэчак паміж краінамі-сябрамі супольнасці за размеркаванне бюджэту на 2013 год, які так і не быў прыняты.

Зачыніліся альбо рызыкуюць знікнуць і іншыя магчымасць атрымання стыпендый для навучання ў Еўропе. У 2011 годзе ад бясплатнай адукацыі для беларусаў адмовіліся ў Швецыі. Тое ж самае меркавала зрабіць Чэхія, але новая міністарка адукацыі часова прыпыніла працэс прыняцця рэформы адукацыі. Некаторыя ўніверсітэты Фінляндыі таксама спрабуюць эксперыментаваць з увядзеннем платнай адукацыі.


Цяпер вучыцца ў грамадзкай бібліятэцы Стакгольму беларускім студэнтам стане значна цяжэй. Фота Алесь Bezuher

Тым часам, Расея і Кітай нарошчваюць колькасць стыпендый і магчымасцяў для адукацыі беларусаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0815 seconds.