Немец Табіяс Вайман: «Пра беларускую трасянку ў Нямеччыне ўжо дысэртацыі пішуць»

Табіяс Вайман

Пра Табіяса Ваймана чуў шмат хто. Інтэлігентны праграміст у акулярах, што цяпер жыве паміж Бэрлінам і Вільняй, палюбіў Беларусь і яе мову, калі прыехаў у Менск, як і многія замежнікі, вывучаць расейскую мову. Але ён сустрэў «добрых беларускамоўных сяброў». І пачалося…

Асаблівасць Табіяса ў тым, што ён здолеў канвэртаваць веданьне беларускай у прафэсійны бонус, які дэманструе ягоную вялікую зацікаўленасьць лёсам краіны. Хаця тое не перашкаджае лічыць беларускую «самай рамантычнай» мовай. І даваць рэцэпты перамогі беларускай. Чаканае інтэрвію — у працяг сэрыі матэрыялаў Generation.by пра беларускамоўных замежнікаў «Размаўляй са мной па-беларуску».  

Настаўніца глядзела на мяне зь вялікай павагаю

Першапачаткова прыехаў у Беларусь, каб вывучыць расейскую мову, але падчас вучобы зьявіліся добрыя беларускамоўныя сябры. Зьявіліся і рускамоўныя сябры, якія мне расказалі, што беларуская мова ім вельмі падабаецца, толькі ня ведаюць, зь кім бы размаўляць. Тады вырашыў вывучыць гэту мову ў знак падтрымкі і сяброўства.

Мне падавалася, што ў гэтай мовы нейкая пазытыўная аўра: мая настаўніца рускай мовы, жанчына ва ўзросьце маёй мамы, глядзела на мяне зь вялікай павагаю, калі даведалася пра мой намер. А другі настаўнік параіў мне не наведваць курсы мовы ў дзяржаўных унівэрсытэтах, бо «беларускую мову трэба вывучыць у паэтаў». Такія рэакцыі мяне дадаткова зацікавілі.

Зьвярнуўся таксама і да мастака Артура Клінава, чыя «Маленькая падарожная кніга па горадзе сонца» ў гэты час выйшла ў прэстыжным нямецкім выдавецтве. Ён хутка адказаў, і знайшоў мне калегу, якая аказалася выдатным рэпэтытарам. Кнігарні «Ў» тады яшчэ не было, затое быў славуты «гіпэрмаркет» на Машэрава, 8, дзе набыў сабе поўны камплект сувэніраў з паралельнай рэчаіснасьці: сьцягі, гербы, слоўнікі, аўдыё-кнігі ды «Нашу Ніву». Зь Інтэрнэта напампаваў электронных слоўнікаў, якія ўсталяваў на кампутар і мабільнік. Зразумела, чытаў усе базавыя курсы на ангельскай мове, якія знайшоў у Сеціве. Cпасылкі да гэтых матэрыялаў можна знайсьці на маім сайце, у левым баку ўверсе.

Хочаш ведаць беларускую як Табіяс? Чытай правільныя кніжкі!

  • Uładzimir Katkoŭski — Belarusian Dictionary and Phrasebook;
  • Chris Marchant — Fundamentals of Modern Belarusian;
  • George Stankevich — Conversational Belarusian; Аляксандраў/Мыцык — Гавары са мной па-Беларуску;
  • Т.Рамза — Беларуская мова? З задавальненнем;
  • Бушлякоў/Вячорка et al. — Беларускі Клясычны Правапіс 2005;
  • Uni Jena — Deutsch-Weißrussischer Sprachführer;
  • Глеб Лабадзенка — Дзіцячая заМова.
… і сайты:
Слоўнікі:
Да таго, раю замежнікам удзельнічаць у летніх школах Цэнтра беларускіх дасьледаваньняў.

Пра трасянку ў Нямеччыне ўжо дысэртацыі пішуць

Адна з галоўных складанасьцяў вывучэньня беларускай палягае ў тым, што моўныя практыкі адрозьніваюцца мацней, чым у больш распаўсюджаных мовах. Хтосьці табе кажа, што «пакуль» на разьвітаньне — калька з расейская, хтосьці кажа, што гэта цалкам звычайны выраз. Хтосьці ў першы раз чуе слова «аўтаспын», іншыя пішуць «італійскі», калі слоўнік табе кажа «італьянскі». Каму верыць? Да гэтага яшчэ тузін нормаў правапісу. Моўны сьвет Беларусі багаты і разнастайны. Гэтым можна ганарыцца!

Відаць, ужо ўсіх дасталі спрэчкі пра тое, дзе ставіць мяккі знак. Але я за кансэнсус. Мне падаецца, важней глядзець на агульнае, чым стварыць бар’еры. І Ліпковічы — частка беларускай культуры, і трасянка. Я ўпэўнены, што беларуская мова пераможа, калі ў яе надалей будзе рэпутацыя мэдыюму для сучаснага, свабоднага мысьленьня. І гэта ўключае павагу да разнастайнасьці, а не толькі вузка-нацыянальную пэрспэктыву. Інакш альбо не пераможа, альбо ў вас будзе як Ірляндыя пасьля вызваленьня ад ангельскай акупацыі.

Адначасова, здаецца, расьце і павага да трасянкі, і гэта таксама файна, бо ў нейкім сэнсе яна яшчэ больш аўтэнтычная за літаратурную мову. Нават у Нямеччыне ўжо пішуць дысэртацыі пра яе.

Застаецца толькі пажадаць, каб і моўная адукацыя для школьнікаў-беларусаў стала больш жывой і шырэйшай, каб яна цікавіла моладзь і магла натхніць яе да ўсяго спэктру беларускай культуры. Ня трэба ледзь-ледзь чытаць нейкія кнігі, трэба, каб студэнты рабілі праекты, інтэрвію з носьбітамі мовы, дыскусіі з паэтамі, перакладалі творы сусьветнага мастацтва зь іншых моваў. Добрым прыкладам зьяўляецца часопіс «ПрайдзіСвет» ды розныя праекты пад дахам Галерэі «Ў».

Многія словы, пазычаныя зь нямецкай у беларускую, мне падаюцца даволі сьмешнымі. Але больш за ўсё мне падабаецца прыклад слова «цымус», якое прыйшло зь ідышу. «Цымус» значыць «самае смачнае», «самае цікавае», «эсэнцыя чагосьці». Уяўляю сабе страчаную Беларусь, яўрэйскі «штэтл», падчас габрэйскага Новага году. Сям’я сядзе за сьвяточны стол, абмяркуе жыцьцё-быцьцё, а ў дзяцей толькі адна думка: калі ўжо будзе самае цікавае, самае смачнае, самая эсэнцыя гэтага сьвята — салодкі маркоўны дэсэрт, «цымес».

Беларуская — самая рамантычная мова

Ці падобная мова да іншых — пытаньне ўласнага сьветапогляду. Беларуская падобная да ўкраінскай, польскія рысы таксама мае. Граматыка падобная да астатніх індаэўрапейскіх моваў. А для марсыянаў усе нашыя мовы аднолькавыя.

Яна мілагучная. Праўда, не адзіная мілагучная, але самая рамантычная. Чаму? Бо ад таго, што ты на ёй размаўляеш, няма ніякай матэрыяльнай карысьці. Затое яна, (дзякуючы тым, хто на ёй размаўляе) зьвязвае даўнейшую культурную спадчыну з канцэпцыяй свабоднай і прывабнай краіны, зь Беларусьсю будучыні.

Я даволі часта карыстаюся беларускай. У Нямеччыне я заснаваў нямецка-беларускія сустрэчы пад назвай «Беларускі стол заўсёднікаў». Нядаўна пераехаў у Вільню, дзе я супрацоўнічаю зь беларускімі ініцыятывамі. Беларуская мова мне вельмі дапамагае, бо ўсім партнэрам адразу зразумела, што мой інтарэс да лёсу краіны ня толькі часовы, і магу быць паўнавартасным ўдзельнікам беларускай каманды бяз моўных альбо культурных перашкодаў. 

 → Болей беларускамоўных замежнікаў у серыі «Размаўляй са мной па-беларуску»

Нямецкі студэнт вывучыў беларускую мову, каб лепей разумець Статут ВКЛ
Дызайнер з Вялікабрытаніі вывучыў напамяць вершы Янкі Купалы
Беларускамоўны баск: «Нам таксама прыемна, калі замежнікі вывучаюць нашу мову»


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.1312 seconds.